Вы тут

Чым здзівіць Х Міжнародны фестываль тэатраў лялек?


Х Міжнародны фестываль тэатраў лялек запрашае гледачоў наведаць цікавыя пастаноўкі ўжо зусім хутка — з 18 да 21 мая! Арганізатарамі гэтай дзеі з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.


Маштабны форум, які праходзіць раз у два гады, адкрые свае дзверы ўсім, хто шануе сапраўднае тэатральнае мастацтва і не баіцца эксперыментаў. За 4 дні мінчане і госці сталіцы ўбачаць 14 спектакляў з 7 краін свету. Упершыню на фестывалі будуць прадстаўлены калектывы з Ірана, Балгарыі, Іспаніі. Падзяліцца сваёй творчасцю прыедуць найлепшыя тэатральныя кампаніі Францыі, Ізраіля, Расіі і ўсе дзяржаўныя тэатры лялек Беларусі. Нагадаем, што за папярэднія фестывалі Мінск наведала больш за 60 тэатраў з розных куткоў свету!

Юбілейны фестываль абяцае здзівіць не толькі шырынёй геаграфіі краін-удзельніц, але і ўзроставай скіраванасцю спектакляў: большасць пастановак адрасаваныя дарослай аўдыторыі. Традыцыйна арганізатары фестывалю фарміруюць праграму так, каб у гледачоў была магчымасць убачыць не толькі новыя і ўжо высока адзначаныя спецыялістамі спектаклі, але і ў поўнай меры адчуць усю жанравую разнастайнасць сучаснага тэатра лялек. Прадстаўленыя спектаклі сёлетняй праграмы — гэта смелае спалучэнне харэаграфіі, пантамімы і класічных формаў тэатра.

Асабліва яркай абяцае быць беларуская праграма форуму. Айчынныя калектывы прывязуць самыя свежыя работы, створаныя на мяжы традыцый і эксперымента. Дзіцячая праграма фестывалю будзе прадстаўлена кранальнымі пастаноўкамі з Ізраіля («кравец», Thе Trаіn Thеаtеr) і Віцебска («Умка», Беларускі тэатр «Лялька»).

Традыцыйна падчас фэсту будуць праводзіцца майстар-класы і дыскусіі з гледачамі і крытыкамі. Таксама ўсіх чакае ўнікальны вечар тэатральнай музыкі ад гурта «Нагуаль». Музыкі рыхтуюць абноўленую праграму з кампазіцый, напісаных спецыяльна для тэатраў лялек.

Спектаклі форуму пройдуць на пяці пляцоўках горада — Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Новага драматычнага тэатра, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама на Малой сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Лялькі, цікавыя і дарослым

Выбар рэдакцыі

Культура

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

На гэта свята асаблівым чынам спажываюць розную садавіну, запіваючы келіхамі добра разбаўленага віна.

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».