Вы тут

Падрабязнасці справы Фядыніча і Комліка


Упраўленне Следчага камітэта па Мінску прад'явіла канчатковае абвінавачанне старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзю Фядынічу, а таксама галоўнаму бухгалтару гэтага аб'яднання Ігару Комліку ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.


Як расказаў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Сяргей КАБАКОВІЧ, абвінавачаныя Фядыніч і Комлік, парушаючы беларускае заканадаўства, адкрылі рахунак у банку Літвы, на які ў 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі паступалі грашовыя сродкі ў замежнай валюце. «У далейшым гэтыя грошы Ігар Комлік здымаў з рахунку, а таксама з дапамогай членаў прафсаюза грашовыя сродкі дастаўляліся на тэрыторыю Беларусі. Тут неабходна адзначыць, што пасля перасячэння мяжы яны вярталіся Комліку і Фядынічу, — праінфармаваў Сяргей Кабаковіч. — Схема дастаткова простая: Комлік перадаваў грашовыя сродкі ў асноўным у канвертах і той суме, якую няма неабходнасці дэклараваць пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі. Папросту кажучы — дазволеная сума».

Факты паступлення грошай не адлюстроўваліся ў фінансавай справаздачнасці грамадскага аб'яднання і падатковай дэкларацыі арганізацыі.

Акрамя таго, у матэрыялах крымінальнай справы маюцца звесткі, якія змяшчаюць прыкметы супрацьпраўнай дзейнасці Фядыніча і Комліка аж да 2017 года, па якіх у цяперашні час праводзяцца дадатковыя праверачныя мерапрыемствы, у тым ліку з прыцягненнем органаў фінансавых расследаванняў для разліку сум ухілення ад выплаты падаткаў за гэты перыяд часу.

Сяргей Кабаковіч падкрэсліў, што ў ходзе следства атрымана інфармацыя аб нямэтавым выдаткоўванні грашовых сродкаў, якія паступілі ад замежных партнёраў, а таксама аб фальсіфікацыі дакументаў для справаздачы перад імі. Ён прадэманстраваў сканаваны дакумент з пячаткай банкаўскай установы — з дапамогай праграмы Photoshop з яе быў выдалены подпіс службовай асобы банка.

У цяперашні час абвінавачаныя знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы, пасля чаго яна будзе перададзена пракурору для накіравання ў суд. Зараз мера стрымання не звязаная з пазбаўленнем волі, аднак яна можа быць зменена пры наяўнасці пэўных абставін, якія замацаваны ў заканадаўстве — напрыклад, калі абвінавачаныя паспрабуюць схавацца ад следства.

Аб «цане пытання» падрабязна расказаў і намеснік начальніка ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінскай вобласці і Мінску Валерый ШЧАРБУН:

— У адпаведнасці з паўнамоцтвамі, нададзенымі законамі аб органах фінансавых расследаванняў, на падставе матэрыялаў, прадстаўленых упраўленнем Следчага камітэта па Мінску, праведзены разлік сумы неаплачаных падаткаў прафсаюза РЭП у 2011 годзе. Так, у 2011 годзе на рахунак прафсаюза ў адным з банкаў Літвы паступіла больш за 140 тысяч еўра. Гэтыя грашовыя сродкі не былі адлюстраваны ў бухгалтарскіх рэгістрах, а таксама ў падатковай справаздачнасці прафсаюза, у выніку чаго адбылося ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, сума неаплачаных падаткаў склала 22 тысячы рублёў з улікам дэнамінацыі. У цяперашні час намі працягваецца правядзенне праверкі паўнаты і своечасовасці выплаты падаткаў прафсаюза ў наступныя гады.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Недаплацілі 22 тысячы рублёў падаткаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.