Вы тут

У аварыю пад Камянцом трапілі дзеці з Украіны


У нядзелю каля сямі раніцы на дарозе Р98 Камянец—Шарашова—Свіслач каля вёскі Мартынюкі мікрааўтобус урэзаўся ў пагрузчык «Амкадор».


Падрабязнасці расказала афіцыйны прадстаўнік ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля САХАРЧУК:

— ДТЗ адбылося за некалькі кіламетраў ад Камянца. 42-гадовы кіроўца мікрааўтобуса, грамадзянін Украіны, здзейсніў сутыкненне з папутным пагрузчыкам, якім кіраваў 48-гадовы мясцовы жыхар. У выніку 13-гадовы хлопчык, які сядзеў на пярэднім пасажырскім сядзенні, загінуў. Яшчэ шасцёра пасажыраў 2003—2004 гадоў нараджэння былі дастаўлены ў Камянецкую цэнтральную раённую бальніцу.

Начальнік упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар МІХАЛОЎСКІ расказаў, што дзеці паступілі з цяжкімі траўмамі — чэрапна-мазгавымі, пераломам сцягна, з ранамі на галаве і на твары. Усім была аказана першасная медыцынская дапамога. Тым часам з Брэста пад'ехалі дзіцячыя рэаніматолагі, дзіцячыя хірургі, дзіцячыя траўматолагі. Прыбыла брыгада медыкаў з Мінска. Тыя дзеці, якія былі транспартабельныя, аператыўна перавезены з Камянца ў Брэст. Аднаго везці было нельга, складаную аперацыю яму рабілі ў Камянцы. Пасля таго як стан хлопчыка ўдалося стабілізаваць, яго таксама даставілі ў Брэст. Усе пацярпелыя знаходзяцца ў абласной бальніцы.

Для вырашэння арганізацыйных пытанняў у Брэст прыехаў і першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Пад асабісты кантроль узяў сітуацыю міністр аховы здароўя Валерый Малашка, паведамляецца на сайце ведамства.

Стала вядома, што дзеці, якія ехалі ў тым злашчасным мікрааўтобусе, — юныя ўкраінскія футбалісты. Яны вярталіся з неафіцыйнай паездкі ў Польшчу, дзе сустракаліся з мясцовымі футбалістамі. Хлопчык, які загінуў, пражываў ва ўкраінскім горадзе Сумы. Яго бацькі адразу ж выехалі ў Беларусь. Прыехалі і бацькі тых дзяцей, што знаходзяцца ў бальніцы.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Украінскі вадзіцель затрыманы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Трагедыя на дарозе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».