Вы тут

У Магілёве вынеслі прысуд па новым злачынстве «хлопца з бензапілой»


22 гады пазбаўлення волі — такое пакаранне для Уладзіслава Казакевіча вынес учора Магілёўскі абласны суд. Першыя пяць гадоў ён павінен будзе правесці ў турме. Астатнія — у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.


Нагадаем, што Уладзіслаў Казакевіч падчас адбывання тэрміну ў Шклоўскай папраўчай калоніі (за напад на людзей з бензапілой у гандлёвым цэнтры «Еўропа» ў Мінску) здзейсніў новае злачынства: параніў аднаго з супрацоўнікаў шклоўскай калоніі нажом у галаву. Яму было прад'яўлена абвінавачанне ў спробе забойства двух чалавек пры выкананні імі службовых абавязкаў і напад на прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы.

Новае злачынства адбылося крыху больш чым праз год з асуджэння Казакевіча за разню ў гандлёвым цэнтры. Тады ён атрымаў 15 гадоў пазбаўлення волі. У момант забойства Казакевічу было ўсяго 17 гадоў, і пакаранне, якое яму далі, было максімальным.

Як адзначыў дзяржабвінаваўца Андрэй Кавалёў, рашэнне суда амаль цалкам супала з пазіцыяй дзяржаўнага абвінавачання як па артыкулах, так і па меры пакарання. На заўвагу, што абарона і бацька падсуднага лічаць маладога чалавека хворым і настойваюць на яго лячэнні, а не асуджэнні, Андрэй Кавалёў адказаў: «Калі я падтрымліваў абвінавачанне, значыць, я згодны з тым, што абвінавачаны знаходзіцца пры свядомасці і можа несці крымінальную адказнасць. Па справе праведзены дзве судовыя псіхолага-псіхіятрычныя экспертызы, яны, я мяркую, навукова абгрунтаваныя, суадносяцца з іншымі доказамі па справе і не выклікаюць сумнення». Ён таксама растлумачыў, чаму менавіта такое пакаранне было вызначана Казакевічу:

— Максімальны тэрмін у гэтым выпадку — 25 гадоў пазбаўлення волі. Тое, што яму можа пагражаць пажыццёвае пакаранне, як пісалі некаторыя сродкі інфармацыі, — гэта памылка. Калі вы адкрыеце Крымінальны кодэкс, там выразна прапісана ў частцы 1 артыкула 59, што выключная мера пакарання — смяротная кара або пажыццёвае зняволенне — прымяняецца толькі за цяжкія злачынствы, звязаныя з пазбаўленнем чалавека жыцця з абцяжарваючымі абставінамі. У гэтым выпадку ўсе засталіся жывыя.

Між тым бацька Уладзіслава Казакевіча настойвае, што яго сын хворы:

— Гэта высветлілася яшчэ на першай экспертызе ў снежні 2016 года, — адзначыў ён. — У заключэнні было напісана, што ў яго змешанае расстройства. Але я не так глыбока ведаў, што гэта такое. Калі пачалі правяраць дакументы, высветлілася, што Уладу яшчэ пасля лячэння ў Навінках (да трагедыі ў гандлёвым цэнтры) быў выстаўлены дыягназ: шызатыповае расстройства. Да ўрачоў мы тады звярнуліся пасля таго, як ён 4 разы спрабаваў пакончыць з сабою. Але спецыялісты не палічылі патрэбным даць рэкамендацыі, як яго даглядаць, і чым гэта небяспечна.

Прысуд новаму злачынству Улада Казакевіча вынесены. На працягу 10 дзён з моманту атрымання копіі рашэння суда яго можна будзе абскардзіць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: На 22 гады за краты

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.