Вы тут

Партал крэатыўнай адукацыі запусцілі ў БДУ


Міжвузаўскі партал "Крэатыўная адукацыя: метадалогія, змест, практыка" створаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Размова ідзе пра адкрытую інтэрактыўную інтэрнэт-пляцоўку з магчымасцю дыстанцыйнага ўдзелу ў яе рабоце ўсіх ахвотных. Мяркуецца, што партал стане кропкай росту для сістэмы крэатыўнай адукацыі і паспрыяе фарміраванню зместу, мэтаў, формаў, метадаў і крытэрыяў ацэньвання вучэбных заняткаў.


Функцыянаванне рэсурсу накіравана на развіццё адукацыйнага творчага асяроддзя, перабудову дзейнасці ўстаноў адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі мадэляў універсітэта 3.0. і 4.0. Для падрыхтоўкі сучасных спецыялістаў, якія будуць запатрабаваныя наймальнікамі, патрабуецца пераход ад маналагічнага характару навучання да дыялогу, іншая метадалогія навучання, калі студэнта вучаць не браць "чужое", а ствараць уласны адукацыйны прадукт па кожнай канкрэтнай тэме.

Зараз партал акумулюе вынікі праведзеных у лютым-маі семінараў вочна-дыстанцыйнага курса "Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць усіх па-рознаму, але аднолькава". Яго ўдзельнікамі сталі больш як 250 педагогаў і выкладчыкаў БДУ, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Ліцэя БДУ і чатырох рэспубліканскіх каледжаў. У абмеркаванне пытанняў крэатыўнага навучання былі ўцягнутыя ключавыя звёны ўсіх ступеняў адукацыі - агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай. Фота, відэаматэрыялы, асноўныя рэфлексіі і лепшыя інавацыйныя метадычныя распрацоўкі размешчаны ў раздзелах дадзенага рэсурсу.

Педагогі любой установы адукацыі  змогуць падзяліцца на партале сваімі публікацыямі, ідэямі, інавацыйнымі метадычнымі распрацоўкамі. Тут будуць размяшчацца і праводзіцца ў анлайн-рэжыме тэматычныя вебінары, круглыя ​​сталы, семінары і канферэнцыі. На анлайн-пляцоўцы будуць ініцыяваныя дыскусіі па пытаннях "Навошта вучыць?", "Чаму навучаць?" і "Як вучыць?", абмяркоўвацца  змест адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм, тэхналогій навучання. Асаблівую ўвагу плануецца надаваць аналізу педагагічнай практыкі.

Мяркуецца, што вынікам дзейнасці партала стане калектыўная распрацоўка рэкамендацый і прапаноў па карэкцыі адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм з улікам патрабаванняў, што прад'яўляюцца наймальнікамі да падрыхтоўкі спецыялістаў.

Да ўдзелу ў рабоце міжвузаўскага інфармацыйнага рэсурсу запрашаюцца выкладчыкі, студэнты, даследчыкі, навукоўцы, а таксама ўсе зацікаўленыя ў развіцці сучаснай універсітэцкай  адукацыі.

Партал створаны па ініцыятыве і на базе Белдзяржуніверсітэта. Партнёрамі выступаюць Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы і  Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт (КНР). Навуковым рэдактарам з'яўляецца рэктар БДУ, доктар педагагічных навук Андрэй КАРОЛЬ. Тэхнічную распрацоўку і падтрымку партала ажыццяўляе цэнтр інфармацыйных тэхналогій БДУ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».