Вы тут

Калі да вас прыйшла вавёрка


На гербе Гомеля, калі хто не ведае, паважна ляжыць рысь. Саму жывёлу тут не пабачыш, а вось вавёркі даўно сталі неафіцыйным сімвалам горада над Сожам. Яны зграйкамі скачуць не толькі ў цэнтральным парку, але і даўно асвоілі хваёвыя дрэвы, якія растуць у іншых месцах. Пенсіянерка Антаніна Герава гуляла з сяброўкай каля адной з вайсковых часцей на ўскраіне, калі пабачыла на зямлі маленькага рудога звярка без прытомнасці, на жыццё якога рабіла замах вялікая варона.


Жанчынам прыйшлося літаральна адбіць грызуна ў вялікай птушкі, якая не адыходзіла далёка пры спробе падсадзіць вавёрачку на хвою. Не жыць бы ўжо «хлопчыку», але ж ён трапіў да чуллівых людзей. Па-першае, Антаніна Ільінічна звярнулася ў ветэрынарную клініку, дзе атрымала парады загарнуць яго ў футра і даваць спачатку толькі ваду з інсулінавага шпрыца. Трэба сказаць, малое ачуняла хутка. Ужо на наступны дзень пачало скакаць па кватэры. Тут жанчына і задалася пытаннем: што з ім рабіць далей?

Была, між іншым, думка прыручыць і пакінуць жыць у хатніх умовах. Аднак, як высветлілася, такі ўчынак супярэчыць заканадаўству. Начальнік Гомельскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Голубеў адзначае, што любое адабранне дзікіх жывёл з наваколля не дапускаецца:

— Калі так атрымалася, што жывёла трапіла ў бяду і людзі яе выратавалі, існуе рэгламент узаемадзеяння з уладамі. Неабходна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы орган улады, у нашым выпадку — гарвыканкам. Спецыяльная камісія выязджае на месца і дае заключэнне. Калі жывёла ў нармальным стане — даём рэкамендацыі: куды выпусціць у прыроду. Трэба памятаць, што, калі мы забіраем з дзікай прыроды жывёлу, няхай з пачуцця міласэрнасці, мы робім ёй мядзведжую паслугу. Пасля таго, як жывёла правядзе ў хатніх умовах пару тыдняў, выпускаць яе ў дзікую прыроду — усё роўна, што забіць. Нават калі птушаня выпала з гнязда, яго выхадзілі людзі і вырашылі выпусціць, шанцаў мала, што яно прыжывецца ў прыродзе.

Дарэчы, выратавальніцы вавёрачкі Аляксандр Голубеў параіў звярнуцца ў гарадское маладзёжнае грамадскае аб'яднанне па ахове жывёл «Дабрыня». Яго прадстаўніца Марына Ступінская адгукнулася на просьбу ўладкаваць далейшы лёс звярка імгненна і сама прыехала па жывёлінку.

— Між іншым, улады могуць і штраф накласці за незаконнае адабранне жывёлы з дзікай прыроды. Каб звярок лепш адаптаваўся, яго не трэба прывучаць да рук. Мы яго размесцім у вальер, дзе забяспечым мінімум стасункаў: прыйшоў-прыбраў-пакарміў і ўсё. Нельга браць у рукі, нельга нават размаўляць. Пакуль трэба, каб ваверчаня навучылася добра есці ды падрасло. Яму каля двух месяцаў, а выпускаць будзем прыкладна ў тры.

Вавёркі добра адаптуюцца, таму іх не трэба спецыяльна навучаць жыццю ў прыродзе. Выпускаць звярка валанцёры плануюць у канцы чэрвеня — у месцы, дзе водзяцца такія ж жывёлы.

— Ёсць вавёркі, якія на працягу многіх пакаленняў разводзяцца ў няволі, — расказвае Марына. — Яны адаптаваныя да жыцця з чалавекам: як хамякі, марскія свінкі, хатнія пацукі і іншыя. Нармальны заводчык вядзе адбор па лаяльнасці да чалавека. Тых, хто не адаптуецца, не выкарыстоўваюць у далейшым развядзенні. Гэта робіцца толькі ў зарэгістраваных гадавальніках. На вавёрак, якіх плануецца трымаць у хатніх умовах, там даюцца дакументы.

Марына расказвае, што да іх часцей прыносяць траўмаваных птушак, на якіх складаецца акт перадачы. З ім у адпаведнай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рэгіструецца жывёла ці птушка, якая трапіла ў бяду і мае патрэбу ў дапамозе:

— У дакуменце ўказваецца, што жывёла не можа быць выпушчана ў натуральнае асяроддзе з прычыны траўмы. Калі ў бусла няма крыла — як яго выпусціць? Летась у нас было сем буслоў, дзве савы, дзве пустальгі, каршак і іншыя птушкі. З совамі вельмі цяжка, бо савяня трэба вучыць паляваць. Калі малую птушку не навучыць паляваць, яна памрэ ад голаду. Тым больш іх нельга карміць мясам з крамы, бо яны могуць загінуць.

Насамрэч, нюансаў ва ўтрыманні дзікіх жывёл вельмі многа. І інтэрнэт тут вам зусім не ў дапамогу. Сама пагугліла і знайшла шмат шкодных парад, якія не хочацца цытаваць, каб не множыць. Калі ўжо так хочацца прыблізіцца да свету дзікіх, але ручных жывёлак, лепш за ўсё зазірнуць у Гомельскі цэнтральны парк, дзе ўсталяваны спецыяльныя дамкі са «сталоўкамі» для вавёрак. Яны, лічаць супрацоўнікі, трывала ўвайшлі ў рэестр мясцовых выбітнасцяў. У парку спецыялісты налічваюць паўтары сотні асобін, якія сваім з'яўленнем на дарожках і дрэвах нязменна выклікаюць захапленне ў дарослых і дзяцей.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».