Вы тут

Як не заблукаць у лесе?


Нарэшце на значнай частцы тэрыторыі краіны прайшлі доўгачаканыя дажджы, якія панізілі градус пажарнай небяспекі ў лясах. Зялёныя масівы даўно сталі месцам адпачынку для дзясяткаў тысяч людзей. Але разам з тым залішняя самаўпэўненасць можа выкінуць вельмі дрэнны жарт.

Летась былі выпадкі, калі за адны суткі ратавальнікі выязджалі да 17 разоў на пошукі тых, хто згубіўся ў лесе. І хоць да асноўнага сезона «рабінзонаў», які пачынаецца з масавым зборам ягад і грыбоў, яшчэ далёка, першыя вандроўнікі губляюцца ў лясах ужо напрыканцы вясны.


Зайшлі ўдваіх, выйшла... адна

— Давайце паглядзім на хроніку пошукаў людзей у лесе летась, — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. — Каля вёскі Качановічы Нясвіжскага раёна ў лесе заблукалі дзве жанчыны і 14-гадовы хлопчык. У гэты ж час у Дзяржынскім раёне з лесу не вярнуўся мужчына 1937 года нараджэння. Праводзілі пошукі сумесна з супрацоўнікамі РУУС, якія скончыліся паспяхова. А вось на Бабруйшчыне тры пенсіянеркі правялі паўдня ў лесе. Самай старой з іх было амаль 80 гадоў. На шчасце, у іх былі з сабой мабільныя тэлефоны. Дзякуючы гэтаму мы змаглі падагнаць аўтацыстэрну, якая падавала апазнавальныя сігналы, у патрэбную мясцовасць. Але старыя не маглі сарыентавацца, куды ісці. Трымаючы сувязь са зніклымі, ратавальнікі пачалі перасоўваць аўтацыстэрну, і так у адным з квадратаў лесу бабулі выйшлі з лабірынта. Падобная гісторыя адбылася і ў Расонскім раёне.

А вось у Гарадоцкім раёне гісторыя такога хэпі-энду, на жаль, не мела. Пажылыя муж і жонка выправіліся ў лес. Увечары дадому не вярнуліся. Дачка, якая не змагла датэлефанавацца да бацькоў, узняла трывогу. Пенсіянераў шукалі супрацоўнікі МНС і РУУС, але першыя пяць дзён ніякіх вынікаў не прынеслі. А на шосты старая выйшла да людзей у сваю вёску. Але адна. І спярша была ў такім стане, што нават не магла ўсвядоміць, дзе ж яна знаходзіцца. Толькі праз некаторы час яна змагла расказаць, што на пяты дзень блукання па лесе муж памёр.

Зрэшты, у тым жа Гарадоцкім раёне адбылася і трагікамічная гісторыя. 68-гадовая бабуля правяла ў лесе чатыры дні. Небараку заўважылі з верталёта МНС. Ляснік і міліцыянер высадзіліся з гелікоптара праз кіламетр — раней проста не было месца для пасадкі — і як мага хутчэй пабеглі да старой. І першае, што яна папрасіла, была... цыгарэта.

І нават запалкі

— Часцей за ўсё людзі блукаюць паблізу населеных пунктаў, на адлегласці ў 3-4 кіламетры ад найбліжэйшай вёскі, — працягвае Віталь Навіцкі. — Але стрэс перашкаджае сарыентавацца, і таму згубіць напрамак з-за гэтага вельмі і вельмі проста нават для вясковага жыхара. Што ўжо казаць пра чалавека з горада!

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і паход у лес пачынаецца з правільнай падрыхтоўкі. Па-першае, паведаміце сябрам і знаёмым, у якую частку лесу вы ідзяце і калі плануеце вярнуцца. Гэты час стане маркерам для таго, каб у выпадку чаго пачынаць біць трывогу. Вопратка павінна быць зручная, каб не было адкрытых частак цела — на жаль, у лясах актыўнічаюць кляшчы. Трэба мець і галаўны ўбор — кепку, павязку, хустку.

Галоўную праблему тут дастаўляе колер. Чамусьці ў лес прынята адпраўляцца ў вопратцы ахоўных таноў — зялёнай, чорнай або хакі. Але калі чалавек згубіцца, то яго будзе адшукаць у такім касцюме вельмі праблематычна. Бо камуфляж на тое і прызначаны, каб схаваць чалавека ад лішніх вачэй. І з вышыні верталёта ўбачыць яго будзе немагчыма. Таму трэба ўзяць з сабой некалькі яркіх рэчаў.

Таксама захапіце невялікую бутэльку з вадой — піць з адкрытых крыніц вельмі небяспечна, штосьці салодкае — плітку шакаладу або цукеркі. Яны дапамогуць папоўніць запас калорый, калі вандроўка ў лесе нечакана зацягнецца. Калі пакутуеце на хранічныя захворванні — прыхапіце лекі, бо з-за стрэсу хвароба можа абвастрыцца. У ідэале таксама трэба ўзяць з сабой аптэчку. Пакладзіце ў яе сродкі першай дапамогі — жгут, бінт, перакіс вадароду, пластыр. Яны дапамогуць спыніць кровацячэнне, калі вы дзесьці параніцеся. У спісе рэчаў таксама павінны быць запалкі — калі так здарылася, што даводзіцца ў лесе заначаваць, то вогнішча не толькі сагрэе, але і адпудзіць драпежнікаў.

Дапаможа тэлефон

Усведамленне, што чалавек страціў арыентацыю, прыходзіць пасля некалькіх гадзін блуканняў па лесе. Асаблівасць нашага арганізма ў тым, што адна нага крыху карацейшая за другую. Пры наяўнасці дарог, ходнікаў гэта незаўважна. А вось у лесе, дзе такіх арыенціраў няма, гэта ўжо істотная праблема.

У гэтай сітуацыі дапаможа компас, паколькі адзіны спосаб выйсці з невядомай мясцовасці да нейкіх прыкмет цывілізацыі — гэта трымацца аднаго напрамку. Але што рабіць, калі яго няма ці навыкі, як ім карыстацца, даўно сцерліся з памяці?

— У такім разе дапаможа даволі складанае правіла, — працягвае Віталь Навіцкі. — Бяруцца два дрэвы. Адно з іх — ззаду, другое — спераду. Калі вы дайшлі да другога дрэва, выберыце трэцяе так, каб яно і першае былі на адной прамой. Па-іншаму, без якіхсьці арыенціраў, трымаць адзін напрамак у лесе немагчыма.

Таксама прыкмячайце незвычайныя дрэвы, развілкі. Заўжды прыслухоўвайцеся. Брэх сабакі чутны за 2-3 кіламетры, працуючы трактар — за 3-4, цягнік — за 8-9 кіламетраў. Гул аўтацыстэрны, якая падае сігналы, разыходзіцца на 4-5 кіламетраў. Калі ж на вашым шляху трапіўся ручай, то трэба ісці ўніз па цячэнні. Як правіла, выток яго знаходзіцца ў даволі глухім месцы. Акрамя таго, калі вы натрапілі на квартальны слупок леснікоў, то абавязкова спыніцеся блізка каля яго і тэлефануйце ратавальнікам. Паколькі каардынаты ўстаноўкі ўсіх такіх слупкоў вядомыя, то знайсці вас будзе куды лягчэй.

Разам з тым сотавая сувязь у лясах працуе рэдка. Таму пажадана ўсё ж карыстацца смартфонам і спампаваць туды карту мясцовасці, якая зможа паказваць ваша месцазнаходжанне без інтэрнэту. Але тут ёсць адзін падводны камень — ва ўмовах няўстойлівага сігналу вельмі хутка садзіцца батарэя. За адну гадзіну акумулятар тэлефона можа згубіць да 15 % зараду, асабліва калі ён не зусім новы. Таму трэба максімальна зменшыць яркасць экрана і карыстацца картай не ўвесь час, а эпізадычна.

Калі вы бачыце, што пачынае цямнець, трэба абсталёўваць месца для начлегу. Практычней за ўсё выкарыстоўваць яму ад вывернутага дрэва. З галінак можна зрабіць шалаш. Засцерагчыся ад холаду дапаможа хітры манеўр. Напрыклад, газетны ліст, засунуты пад вопратку, змяншае цеплааддачу арганізма ўдвая. Калі газеты няма, то нічога страшнага — напханае пад адзежу лісце дае такі ж эфект. І на галінку дрэва побач з вамі павесьце якую-небудзь яркую рэч, каб міма вас не прайшлі людзі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Пайсці і вярнуцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.