Вы тут

Аб ролі прыёмных «Белай Русі» ў рабоце са зваротамі грамадзян


Наўрад ці можна назваць у нашай краіне такую арганізацыю, якая па росце папулярнасці стане ў адзін рад з Рэспубліканскім грамадскім аб'яднаннем «Белая Русь». Сёння пад яе сцягам знаходзяцца ўжо амаль 180 тысяч членаў — прадстаўнікоў самых розных сацыяльных пластоў. Аднак не толькі шматлікасць і шырокая прадстаўнічасць узнялі аўтарытэт гэтага дастаткова маладога фарміравання. Значную ролю адыграла яго ўменне наладзіць цесную сувязь з людзьмі. Амаль з самага пачатку існавання арганізацыі ва ўсіх яе структурах былі створаны грамадскія прыёмныя. Наша размова з каардынатарам іх дзейнасці, галоўным спецыялістам РГА «Белая Русь» Вольгай Баяровіч.


— Вольга Андрэеўна, у Беларусі кожны кіраўнік рэгулярна вядзе прыём грамадзян, гэтым жа абавязаны займацца дэпутаты ўсіх узроўняў. Выканаўчая ўлада пастаянна арганізуе з насельніцтвам прамыя тэлефонныя лініі. Акрамя таго, людзі маюць магчымасць накіроўваць у любыя інстанцыі свае электронныя лісты. Якая была неабходнасць яшчэ і вам падключацца да разгляду зваротаў жыхароў краіны? Хіба грамадская арганізацыя можа чымсьці рэальна дапамагчы чалавеку ў сітуацыі, калі трэба валявым рашэннем навесці парадак, выдзеліць фінансаванне, прымусіць таго ці іншага начальніка выправіць сваю памылку?..

— Так, « Белая Русь» не мае тых рычагоў, якімі валодае, напрыклад, аблвыканкам або міністэрства. Мы не вырашаем напрамую праблемы забеспячэння жыллём, не выносім вердыкты па судовых справах, не рамантуем дарогі, не аказваем сацыяльную падтрымку. Але жыццё паказала, што нават неафіцыйны канал зносін з народам у абыход бюракратычных працэдур і чыноўніцкіх кабінетаў можа быць вельмі эфектыўны. Часам чалавеку дастаткова, каб яго проста ўважліва выслухалі. Раскажа аб сваіх няпростых абставінах, вызваліцца ад празмернасці негатыўных эмоцый — і яму лягчэй. Канешне, у большасці выпадкаў на гэтым справа не заканчваецца. Людзі чакаюць канкрэтнай дапамогі. Нашы спецыялісты падрабязна вывучаюць гісторыю кожнага пытання, з якім да нас звяртаюцца. І калі можна яго ўрэгуляваць, то абавязкова прыкладаюць да гэтага намаганні. Падключаем сваіх актывістаў — вядомых дэпутатаў, уплывовых прадстаўнікоў выканаўчай улады, экспертаў па кірунках. Але самая галоўная наша задача — даць чалавеку правільны арыенцір. Самастойна яму цяжка разабрацца ў юрыдычных тонкасцях, выйсці на патрэбных людзей, пераадолець бюракратычныя бар'еры. А тут з дапамогай вопытных юрыстаў ён атрымлівае належны алгарытм дзеянняў.

— І шмат каму ўдалося такім чынам вырашыць свае праблемы?

— Тут вось што трэба мець на ўвазе. Часцей за ўсё ў грамадскую прыёмную «Белай Русі» звяртаюцца пасля таго, як ужо абыдуць усе афіцыйныя інстанцыі. Як правіла, такія пытанні — непад'ёмныя. Ну, напрыклад, некаторым хочацца, каб у судзе была перагледжана крымінальная справа ў дачыненні да сваяка. І гэта пасля ўсіх апеляцый. Або просяць умяшацца ў разбіральніцтва па раздзеле спадчыны ці паспрыяць закупцы за дзяржаўныя грошы дарагіх лекаў за мяжой, каб выратаваць хворага. На жаль, тут мы не маем паўнамоцтваў. А бывае і такое, што праблема вельмі складаная, але не безнадзейная. Нядаўна ўдалося дапамагчы шматдзетнай сям'і вырашыць праблему з жыллём. Ці вось яшчэ прыклад. Звярнулася да нас жанчына, былы педагог. Паскардзілася на тое, што ёй няправільна налічылі памер пенсіі. Даказаць гэта не змагла ні ў адной інстанцыі. Нашы спецыялісты яшчэ раз падрабязна ўніклі ў сутнасць справы. І што вы думаеце? Сапраўды, пенсія паважанай настаўніцы была налічана з памылкай. Дзякуючы нашаму ўмяшальніцтву справядлівасць аднавілі.

— Хто і з якімі пытаннямі часцей за ўсё да вас звяртаецца?

— Кантынгент штогод практычна аднолькавы. Трэць — гэта пенсіянеры. Астатнія — у асноўным рабочыя, служачыя, прадпрымальнікі. Невялікі працэнт наведвальнікаў складаюць студэнты і беспрацоўныя. Нашы грамадскія прыёмныя, а іх зараз налічваецца 155, ахопліваюць усе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі краіны. За мінулы год было зарэгістравана амаль тры тысячы зваротаў. Тэматыка тыповая. Людзі імкнуцца вырашыць свае камунальныя і жыллёвыя праблемы, просяць выдзеліць фінансавую дапамогу і так далей.

Ёсць і вынаходнікі вечнага рухавіка. Якіх толькі пражэктаў не прыходзіцца разглядаць! Дзеля гэтага мы прыцягваем экспертаў з Акадэміі навук. Былі і чарцяжы ліфта, які павінен ездзіць уверх-уніз без электрычнага току, і печка, якая працуе на, як бы гэта мякчэй выказацца, адходах жыццядзейнасці чалавечага арганізма. Смех смехам, а разбірацца мы павінны. Гэта, калі хочаце, знак фірмы. Атмасфера ў грамадскіх прыёмных «Белай Русі» на рэдкасць дэмакратычная і добразычлівая. Тут ніхто не застаецца без увагі.

— Напэўна, асабліва вялікі наплыў наведвальнікаў напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў?

— У такія перыяды галава ідзе кругам ад просьбітаў і скаржнікаў. Але адмахнуцца нельга. Дапамагаем, чым можам. Дарэчы, структуры аб'яднання «Белая Русь» ужо не раз выконвалі ролю выбарчых штабоў Аляксандра Лукашэнкі. Гэта работа надзвычай напружаная і адказная. Усё павінна дзейнічаць як адзіны заведзены механізм — спраўна і безадмоўна. І ў нас гэта заўсёды атрымлівалася, таму што працавалі сумленна, бо наша арганізацыя цалкам падтрымлівае палітыку кіраўніка дзяржавы. Яна і стваралася з такой мэтай. Калі бачыш, што твае апаненты аб'ядноўваюцца, імкнуцца выступаць адзіным фронтам з апазіцыйнымі лозунгамі, то разумееш: усе патрыятычныя сілы, якія ідуць за нашым нацыянальным лідарам, таксама павінны з'яднацца і адстойваць сваю лінію. А яна вызначана Прэзідэнтам коратка і ясна — мы будуем краіну сацыяльнай справядлівасці, дзяржаву для народа.

— Іншымі словамі, вашы грамадскія прыёмныя выконваюць куды больш шырокія функцыі, чым дапамога наведвальнікам і адказы на іх пісьмовыя звароты?

— Безумоўна. Калі мы ўжо закранулі тэму выбараў, то трэба адзначыць, што на базе грамадскіх прыёмных праводзіцца актыўная агітацыя за кандыдатаў у дэпутаты ад «Белай Русі». Самі яны атрымліваюць у нас арганізацыйную і метадычную дапамогу. Для іх тут па сутнасці створана школа будучага народнага выбранніка. Урач, настаўнік, кіраўнік гаспадаркі або спартсмен не зможа адразу якасна выконваць дэпутацкія абавязкі. Да такой ролі чалавека трэба рыхтаваць. З гэтай мэтай мы запрашаем для супрацоўніцтва эканамістаў, прамыслоўцаў, паліттэхнолагаў, юрыстаў, вучоных. У выніку нашы прадстаўнікі паспяхова працуюць у парламенце, мясцовых саветах, органах выканаўчай улады, на іншых адказных пасадах. Мы падтрымліваем з імі цесную сувязь. Гэта асабліва яскрава праяўляецца пры вырашэнні пытанняў, з якімі звяртаюцца наведвальнікі грамадскіх прыёмных. Дарэчы, пастаянна займаючыся канкрэтнымі праблемамі грамадзян, нашы спецыялісты заўсёды трымаюць руку на пульсе жыцця і маюць магчымасць рэгулярна здзяйсняць незалежны маніторынг сітуацыі ў грамадстве. Гэтыя матэрыялы мы накіроўваем дзяржаўным органам і спадзяёмся, што яны дапамагаюць прымаць больш узважаныя рашэнні. Не магу не адзначыць і тое, што на базе нашых прыёмных мы пачалі арганізоўваць нешта падобнае на грамадскае абмеркаванне заканадаўчых ініцыятыў. Днямі адбылася дыскусія зацікаўленых бакоў з нагоды падрыхтоўкі канцэпцыі закона аб папярэджанні гвалту ў сям'і. Думаю, гэты кірунак работы таксама вельмі перспектыўны і карысны.

— Ці плануюцца якія-небудзь змяненні ў рабоце грамадскіх прыёмных?

— Апошнім часам скаргаў стала значна менш, што гаворыць пра павышэнне якасці работы са зваротамі грамадзян на месцах і эфектыўную інфармацыйную дзенасць у краіне. Нашы грамадскія прыёмныя паступова ператвараюцца ў цэнтры грамадскага дыялогу, праваднікі эканамічных і сацыяльных інавацый. Усе свежыя ідэі, слушныя прапановы можна будзе выкарыстоўваць для паспяховага развіцця Беларусі. Спадзяюся, у нас гэта атрымаецца.

Міхаіл КАВАЛЁЎ

Загаловак у газеце: І штаб, і школа, і акумулятар ідэй

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.