21 Май, панядзелак

Вы тут

Беларусь рада поспехам Таджыкістана і гатова развіваць супрацоўніцтва


Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах у Душанбэ з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.


Падзякаваўшы за запрашэнне прыехаць у Таджыкістан, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Мы вельмі ўважліва сочым за развіццём Таджыкістана. Мяне асабліва радуюць тэмпы, з якімі развіваецца краіна. Я заўсёды з задавальненнем адзначаю, што па тэмпах развіцця вы пераўзыходзіце Кітайскую Народную Рэспубліку. Я асабіста вельмі хачу, каб Таджыкістан стаў у шэраг самых развітых і перадавых краін, таму што ваш старажытны вялікі народ гэтага заслугоўвае. Вельмі шмат вы для гэтага зрабілі. А я тут для таго, каб умацаваць нашы сувязі», — адзначыў беларускі лідар. Ён таксама звярнуў увагу на паспяховую рэалізацыю задумы па правядзенні ў Душанбэ бізнес-форуму з удзелам не толькі дзелавых колаў Беларусі і Таджыкістана, але і прадстаўнікоў іншых краін рэгіёна.

У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца адным з ключавых партнёраў Таджыкістана, выказаўшы ўпэўненасць, што візіт Прэзідэнта Беларусі дасць новы імпульс адносінам цеснай дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх краін.

На перагаворах у пашыраным складзе Беларусь і Таджыкістан дамовіліся вывесці адносіны на ўзровень стратэгічнага партнёрства. «Думаю, гэта будзе добрая аснова для развіцця нашых адносін па ўсіх напрамках, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы культурай», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы, звярнуўшы ўвагу на захаванне пазітыўных тэндэнцый па павелічэнні двухбаковага тавараабароту ў гэтым годзе. Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі. На працягу працоўнага тыдня ў Таджыкістане адбудзецца шэраг буйных мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі. Сярод іх — нацыянальная выстаўка і другі Міжнародны бізнес-форум «Беларусь — Таджыкістан — Афганістан». «Мы гатовыя сур'ёзна працаваць у Таджыкістане, ствараць з вамі сумесныя вытворчасці на ўвесь рэгіён. Мы яшчэ шмат знойдзем напрамкаў для нашага супрацоўніцтва. Галоўнае, што ў нас ёсць давер адно да аднаго. І гэта тая аснова, на якой мы можам будаваць адносіны», — падкрэсліў беларускі лідар.

Асаблівы акцэнт падчас перагавораў быў зроблены на пытаннях развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Гаворка ішла аб павелічэнні аб'ёмаў і дыверсіфікацыі структуры двухбаковага тавараабароту. Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова да актыўнай працы з Таджыкістанам па ўсіх напрамках, што краіны аб'ядноўвае імкненне знайсці надзейных дзелавых партнёраў і выбудаваць доўгатэрміновыя адносіны.

Прэзідэнт упэўнены, што далейшаму дынамічнаму развіццю адносін паслужыць падпісаная дарожная карта супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана на 2019—2020 гады, у якой закладзены шырокі спектр напрамкаў узаемадзеяння.

Эмамалі Рахмон па выніках перагавораў зазначыў: «Для Таджыкістана Беларусь была і застаецца важным партнёрам у сістэме міжнародных адносін. Адносіны дзвюх краін развіваюцца па нарастаючай».

Па выніках афіцыйных перагавораў у Душанбэ лідары дзвюх краін прынялі сумесную заяву. У дакуменце бакі пацвердзілі гатоўнасць да ўмацавання палітычнага дыялогу, намецілі шляхі далейшага развіцця беларуска-таджыкскіх адносін і ўзаемадзеяння па найважнейшых пытаннях міжнароднага парадку дня.

Вялікая ўвага ў сумеснай заяве ўдзяляецца тэматыцы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прэзідэнты падкрэслілі прыярытэтнае значэнне ўзаемадзеяння ў гэтай сферы і выказалі імкненне да яго пашырэння з улікам інтарэсаў бакоў. Бакі таксама дамовіліся заахвочваць інвестыцыйную дзейнасць па стварэнні сумесных вытворчасцяў, працягваць удасканальваць умовы для работы беларускіх і таджыкскіх інвестараў, прымаць практычныя меры па рэалізацыі праектаў у горна-металургічнай і будаўнічай галінах, у лёгкай і харчовай прамысловасці, у сферах сельскагаспадарчай кааперацыі і лагістыкі. Выказана двухбаковая зацікаўленасць у пашырэнні ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі як эфектыўнай формы ўмацавання ўзаемаадносін, у стварэнні неабходных умоў для развіцця прамых сувязяў паміж гаспадарчымі суб'ектамі.

Пацверджана таксама зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, навукі і тэхнікі, культуры і мастацтва, аховы здароўя, спорту і турызму.

У сумеснай заяве таксама гаворыцца аб узаемадзеянні на міжнародных пляцоўках, падкрэслена імкненне да садзейнічання ўмацаванню міру, бяспекі і стабільнасці ў рэгіянальным і міжнародным маштабах. Адзначана рашучасць умацоўваць супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, экстрэмізмам, наркатрафікам, незаконным гандлем зброяй.

Пасля афіцыйных перагавораў з прэзідэнтам Таджыкістана Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да помніка Ісмаілу Самані.

Таксама кіраўнікі дзяржаў наведалі Нацыянальную выстаўку Беларусі, якая адкрылася ў Душанбэ.

Паводле БелТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі

У Беларусі чатыры спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ПТВ закрытага тыпу для падлеткаў. 

Грамадства

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»

У фінале XXVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота прадставілі 87 калекцый, распрацаваных сотняй аўтараў. 

Грамадства

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця

У сталічным Цэнтры актыўнага даўгалецця нядаўна адкрылася антыкафэ для пажылых людзей. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра Дзеда Янука і Мурчуню, гасцінец для ўнука і такое кіно.