Вы тут

Каб вучыць і вучыцца на розных мовах свету


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднай выстаўкі «Буквары народаў свету». Экспазіцыя пачала работу ў межах XIV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія праходзяць пад знакам 400-годдзя першай кнігі. Памятным момантам стала адкрыццё галоўнага сімвала юбілейных падзей — аб’ёмнага Буквара (2,3 на 3,1 м).


Падчас адкрыцця выстаўкі.

Дзякуючы неверагодным абставінам кніга, якая была выдадзена ў ВКЛ, захавалася да нашага часу. «Мы выдадзім факсімільнае выданне першага Буквара для таго, каб кожны мог патрымаць у руках кнігу, па якой вучыліся 400 гадоў таму, — падкрэсліў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі. — Гэта выстаўка для тых, хто вучыцца, вучыць, і тых, хто піша і будзе пісаць вучэбныя дапаможнікі і падручнікі, таму што тэма Буквара — вечная».

На зямлі існуе каля сямі тысяч моў, аднак у сучасным глабалізаваным свеце іх колькасць скарачаецца. Сёння каля 400 моў лічацца знікаючымі. У цяперашні час у Еўропе знікненне пагражае прыкладна 50 мовам. «Менавіта таму праекты, накіраваныя на папулярызацыю і захаванне першых кніг для навучання грамаце, асабліва актуальныя: спазнанне любой мовы пачынаецца з Буквара. Дзякуючы гэтай выстаўцы беларусы змогуць пазнаёміцца з тым, як развівалася мова, пісьменства і кніжныя традыцыі ва ўсім свеце», — агучыла прывітальнае слова міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзіміра Макея сакратар Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Наталля Счасновіч.

У экспазіцыі ўпершыню прадстаўлены каля 1400 буквароў на 587 мовах з прыватнай калекцыі латвійскага педагога, аўтара буквароў і кніг пра народы свету Юрыса Цыбульса і фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Найцікавейшую экскурсію для слухачоў правёў і адказаў на пытанні сам калекцыянер Юрыс Цыбульс: «Ніхто не ведае, колькі ў свеце моў. Гэта таму, што няма агульнага дакладнага вызначэння, што такое мова. У маёй калекцыі каля 10 тысяч экзэмпляраў: буквары, азбукі, сшыткі, рэкамендацыі для настаўнікаў на 1132 мовах. Народы, у якіх ёсць пісьменнасць, маюць адну ці дзве свае кнігі — Буквар і пераклад Бібліі. Я збіраю мовы, а не кнігі. А збіраць мовы можна толькі калекцыянуючы буквары. Спачатку я хацеў збіраць па адным Буквары на мову. Але не атрымалася. Тады пачаў шукаць буквары па храналагічным, гістарычным парадку, звязаныя з рознымі кірункамі. Займаюся гэтым каля 35 гадоў».

У калекцыі Юрыса Цыбульса прадстаўлены амаль усе віды пісьменнасці. Ёсць буквары для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і нават адмысловыя для вернікаў. На выстаўцы прадстаўлена самая маленькая кніга ў свеце, занесеная ў Кнігу рэкодаў Гінеса, — нямецкі Буквар са скуры. Усе яны так ці інакш адлюстроўваюць традыцыі, гісторыю і культуру розных краін і народаў.

Адкрыццё выстаўкі ўпрыгожылі музычнымі нумарамі ўзорны ансамбль танца «Весялушка» дзіцячай харэаграфічнай школы No 1 г. Мінска пад кіраўніцтвам Станіслава Дарохіна і вакальны дуэт Настассі і Паліны Шкялёнак з Калодзішчанскага Дома культуры. Выстаўка арганізавана пры ўдзеле Пасольства Латвіі ў Беларусі, Пасольства Беларусі ў Латвіі, праекта мабільнасці Еўрапейскага саюза «MOST» і будзе працаваць да 15 верасня 2018 года.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.