Вы тут

Супрацоўніцтва як аб’ектыўная неабходнасць


Наша краіна зацікаўлена ў далейшым развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Таджыкістанам і будзе рабіць усё, каб беларуска-таджыкскае партнёрства прыносіла адчувальную карысць абедзвюм дзяржавам. Такая думка не раз выказвалася на самых высокіх дзяржаўных узроўнях. Як выглядае на практыцы культурны складнік супрацоўніцтва ў дыпламатычным ракурсе? З гэтым пытаннем рэдакцыя «ЛіМа» звярнулася да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь спадара Махмадшарыфа ХАКДОДА.


— Развіццё грамадства ва ўмовах глабалізацыі суправаджаецца пашырэннем не толькі палітычных, эканамічных і прававых стасункаў. Сфера культуры і асабліва літаратурныя сувязі паміж краінамі маюць выключнае значэнне. У гэтым кірунку Беларусь — найважнейшы і надзейны партнёр Рэспублікі Таджыкістан. Двухбаковыя адносіны паспяхова развіваюцца ва ўсіх сферах, і нам застаецца задзейнічаць нескарыстаны патэнцыял краін на карысць культуры, навукі і літаратуры. Нашы культурныя адносіны сфармуляваны і ўзаконены ў Дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Таджыкістан і Рэспублікай Беларусь і ў Пагадненні паміж Урадам Рэспублікі Таджыкістан і Урадам Рэспублікі Беларусь. Яны развіваюцца на глебе сяброўства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Я ўпэўнены, што гэта аб’ектыўная неабходнасць. Развіццё культурнага і літаратурнага супрацоўніцтва дазваляе ўмацаваць сяброўства, дасягнуць большага паразумення і збліжэння. Прадстаўнікі Таджыкістана штогод удзельнічаюць у міжнародных выстаўках, кірмашах і фэстах, якія ладзяцца ў Беларусі, бяруць удзел у такіх значных культурных мерапрыемствах, як Дзень беларускага пісьменства і Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш.

Адначасова Пасольства Таджыкістана прыкладае намаганні па прапагандзе таджыкскай і беларускай літаратуры, асабліва пры дапамозе таджыкскіх і беларускіх аўтараў, перакладчыкаў мастацкай літаратуры.

Культурныя і літаратурныя ўзаемасувязі, як адна з найважнейшых форм міждзяржаўнага таджыкска-беларускага супрацоўніцтва, сталі аб’ектам пільнай увагі лідараў нашых краін. Думаю, што візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Рэспубліку Таджыкістан дасць новы імпульс развіццю двухбаковых адносін як у палітыцы і эканоміцы, так і ў культурнай і літаратурнай сферах.

— Што, на Вашу думку, можна і варта зрабіць ужо сёння? Якія перспектыўныя кірункі развіцця стасункаў будуць задзейнічаны ў найбліжэйшы час?

— Найперш варта актывізаваць супрацоўніцтва ў галіне культуры і пашыраць літаратурныя сувязі на аснове рэалізацыі сумесных праграм і правядзення арганізацыйных мерапрыемстваў. У якасці прыкладаў можна назваць правядзенне Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Рэспублікі Таджыкістан, а таксама Дзён культуры Таджыкістана ў Беларусі. І, безумоўна, сустрэчы паэтаў, пісьменнікаў і іншых прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з грамадскасцю і аматарамі прыгожага пісьменства і ў Таджыкістане, і ў Беларусі.

Акрамя таго, варта згадаць дзейнасць таварыства дружбы «Беларусь — Таджыкістан», якое спрыяе двухбаковым адносінам, накіраваным на больш цеснае ўзаемадзеянне ў галіне культуры. З пачатку 2012 года афіцыйна функцыянуе Міжнароднае грамадскае аб’яднанне таджыкаў «Сомониён», якое аб’ядноўвае грамадзян Рэспублікі Таджыкістан і суайчыннікаў, што пражываюць у Беларусі, а таксама жаночы клуб «Бонувони точик» і Савет таджыкскіх студэнтаў, якія робяць прыкметны ўнёсак у папулярызацыю таджыкскай культуры ў Беларусі.

— У чым Вы бачыце значэнне і плён літаратурных стасункаў?

— Адзін з асноўных кірункаў як унутранай, так і знешняй палітыкі нашай краіны — развіццё і ўмацаванне ўзаемасувязяў у сферы навукі і культуры, а таксама — а можа, і найперш — паміж літаратурнымі коламі Таджыкістана і Беларусі. Плён такіх узаемасувязяў асабліва выяўляецца ў перакладзе мастацкай літаратуры. Пры садзейнічанні выдавецтва «Літаратура і мастацтва» і асабіста Алеся Бадака была сабраная анталогія сучаснай літаратуры. Так нарадзілася кніга «Вячэрняе вогнішча», якая літаральна праз паўгода пабачыла свет у перакладзе на таджыкскую мову. Рэалізаваныя таксама розныя творчыя праекты, якія прадстаўляюць беларускую літаратуру ў Таджыкістане і таджыкскую — у Беларусі.

Скарыстоўваючы гэты досвед, сёння можна пісаць новыя старонкі сяброўства, удасканальваць працэс узаемапранікнення беларускай і таджыкскай літаратур. У Душанбэ толькі за апошнія некалькі гадоў пабачылі свет многія кнігі сучасных беларускіх літаратараў. У перыёдыцы, калектыўных зборніках надрукаваныя творы Сяргея Трахімёнка, Наталлі Пархімовіч, Мікалая Чаргінца, Алеся Бадака, Валянціна Лукшы, Алеся Савіцкага, Івана Карэнды ды іншых...

Таксама і беларускія перакладчыкі перастварылі творы сучасных таджыкскіх аўтараў і выдалі зборнік паэзіі «Пад зоркай Рудакі». У перакладзе на беларускую загучалі творы Муміна Канаата, Гулназара Келдзі, Аскара Хакіма, Зіё Абдуло, Нізома Касіма, ды іншых нашых сучаснікаў...

Выдадзеная ў Мінску і кніга «Таджыкістан: імгненні вечнасці». Побач з паэтычнай сагай Саідалі Мамура, прысвечанай Хатыні, якую перастварыў па-беларуску Мікола Аўрамчык, — публіцыстычны расповед пра Таджыкістан.

Нельга не згадаць і таджыкска-беларускі зборнік серыі «Сугучча сэрцаў», дзе перад вачыма чытача паўстае Таджыкістан і таджыкскі народ, яго галоўныя матывы маралі і духоўнасці.

Пры дапамозе нашых адораных паэтаў і перакладчыкаў, дзякуючы цеснаму сяброўству літаратараў уся сучасная літаратура і сутнасць народнай творчасці становяцца больш блізкімі і зразумелымі ў абедзвюх краінах.

— Якія праекты ў гэтым кірунку пасольства лічыць прыярытэтнымі?

— Нядаўна адбыліся сустрэчы з міністрам культуры Беларусі спадаром Юрыем Бондарам, падчас якіх былі абмеркаваныя актуальныя пытанні пашырэння супрацоўніцтва Таджыкістана і Беларусі ў сферы культуры і мастацтва. Акрамя правядзення Дзён культуры абедзвюх краін, мы прапаноўваем часцей арганізоўваць і праводзіць абменныя гастролі тэатраў, музычных калектываў, мастацкіх выставак, а таксама актывізаваць узаемадзеянне паміж вучэбнымі ўстановамі культуры і мастацтва.

Падчас сустрэчы з міністрам інфармацыі Беларусі спадаром Аляксандрам Карлюкевічам мы абмяркоўвалі пытанні актывізацыі дзейнасці Таварыства дружбы «Беларусь — Таджыкістан» і прыйшлі да высновы: неабходна прадпрымаць крокі супрацоўніцтва ў сферы літаратуры, мастацкіх сувязяў. Ішла гаворка аб правядзенні Дзён літаратуры Рэспублікі Таджыкістан у Рэспубліцы Беларусь і Дзён літаратуры Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан у 2018—2019 гадах з удзелам паэтаў, пісьменнікаў і перакладчыкаў.

 Шчыра спадзяюся, што адносіны паміж нашымі краінамі ў галіне культуры і літаратуры будуць і ў далейшым плённа развівацца і ўмацоўвацца на карысць нашых народаў.

Размову вяла Інеса ПЕТРУСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».