Вы тут

Падарожжа ў Залессе ў госці да Агінскіх


Ён суправаджаў нас увесь астатак таго незвычайнага дня: калі ішлі ад сядзібы да месца стаянкі — гучаў у галовах, калі вярталіся дадому — ліўся ў салон аўто з дыска, купленага замест сувеніра, а калі апынуліся дома — зноў запусцілі той дыск іграць і не спынялі яго аж да ночы. Ён і цяпер гучыць — калі я пішу гэты матэрыял.


Міхал Клеафас Агінскі, аўтар самага знакамітага паланэза.

Усе нашы падарожжы пакідаюць сляды ў душы, але не кожнае прыводзіць да такой «экзальтацыі». Відавочна, гэта залежыць ад эмацыянальнага фону, які суправаджае экскурсію. Гэтым разам ён быў асаблівым. Па-першае, у той дзень мы аказаліся, бадай, адзінымі наведвальнікамі сядзібы, аддаленай ад вялікіх дарог і з гэтай прычыны запатрабаванай у «несезон» не настолькі, наколькі ў іншы, больш спрыяльны час. Па-другое, рамантыка хавалася яшчэ і ў тым, што нідзе дагэтуль нам не прапаноўвалі ўтульна ўсесціся ў «княжацкія» крэслы, каб паслухаць музыку, «заведзеную» толькі для нас. Іграў, канешне, не раяль, які важна стаяў паблізу, але ўяўлялася, што гэта ён. Толькі для нас іграе. Як ні круці, а эксклюзіўнымі наведвальнікамі быць значна лепш, чым «шматлікімі». Нам, прынамсі, вельмі спадабалася. Адчуўся, ведаеце, асаблівы смак у тым, як намі ўспрымалася сітуацыя: быццам мы госці Агінскіх, але апынуліся ў Залессі неспадзеўкі — прыехалі з блізкай Беніцы, дзе гасцявалі да гэтага, але тут гаспадароў не засталі — толькі дварэцкага, дакладней, пані дварэцкую, з якой міла паразмаўлялі пра ўсіх.

Пан Агінскі, Міхал Клеафас? О, ён тут не проста так апынуўся, ён меў у Залессі спадчыну — драўляны дом дзядзькі, Францішка Ксаверыя. Дома таго ўжо няма, але яго можна бачыць на малюнку Леанарда Ходзькі. Прыехаўшы сюды ў 1802-м пасля разводу і жаніцьбы, 37-гадовы Міхал Клеафас пачаў перабудовы для новай сям'і. Перад тым ён, ведаеце, развёўся з Ізабелай Лясоцкай. Як іх шлюб, слухайце, мог бы вытрываць, калі муж увесь час за мяжой, а сямейныя грошы з'ядае надзея вяртання Радзіме ранейшага палітычнага статусу? Але аддаленне мужа і жонкі было паступовым і вялікай трагедыі для Ізабелы не стварыла. Вельмі, ведаеце, дзейная жанчына. Калі шлюб пацярпеў крушэнне, яна не кінулася шукаць сабе новую партыю, а занялася арганізацыяй прыбытковай гаспадаркі на бацькоўскай зямлі пад Варшавай, тым самым выяўляючы прыклад вырашэння асабістых жаночых праблем з відавочнай грамадскай карысцю. А Міхал Клеафас, кавалер ордэна Белага Арла (вышэйшай узнагароды Польшчы, атрыманай ім у 23-гадовым узросце), аўтар паланэзаў, мазурак, кадрыляў, рамансаў, менуэтаў, маршаў, вальсаў і нават оперы (пра Банапарта ў Каіры), удзельнік паўстання Касцюшкі, за што яго спачатку пераследавалі (ажно давялося жыць пад чужымі імёнамі), але пасля даравалі (Адам Чартарыйскі, прыяцель імператара Аляксандра, паўплываў на апошняга так, што для ўдзельнікаў паўстання дзяржаўны гнеў быў заменены на амністыю), ажаніўся (раптоўна, каб не сказаць выпадкова) з Марыяй Нагурскай-Неры. Яна, праўда, называла сябе Марыяй дэ Неры і быццам была спявачкай, але кажуць, што яна ніякая не арыстакратка, а дачка італьянца-карчмара, і спявала хіба што ў бацькоўскай карчме.

Крокі пані Марыі памятае вінтавая лесвіца, якая калісьці вяла ў яе спальню, а цяпер — у музеі — вядзе ў службовае памяшканне. Водар яе духоў яшчэ лунае над драўлянымі прыступкамі. Чуеце? А мо гэта ветрык данёс пах апельсінавых кветак з аранжарэі, размешчанай побач?

Літаральна за год гэта жанчына паспела аўдавець, выйсці замуж за пана Агінскага і нарадзіць Амелію, партрэт якой вісіць у пакоі з выкрутасістым люстэркам, на адной сцяне з партрэтамі Эмы і Іды, малодшых дочак. Партрэт сына Ірэнея размешчаны асобна — на той сцяне, дзе само люстэрка.

Дзеці Агінскага далі шмат атожылкаў, адны з якіх ужо прыязджалі ў адноўленую сядзібу ў Залессі, другія пакуль што збіраюцца. Што іх можа ўразіць як аўтэнтычнае? Мэблі Агінскіх у сённяшнім доме няма, хоць шафы, канапы, столік-сакрэтнік, буфет, столік ломберны, стол для більярда і мэбля для кабінета — ніякія не рэканструкцыі, а рэчы мінулага часу. На стале ў кабінеце — свечкі ў падсвечніках, скрыпка, паперы і кнігі. Сярод апошніх — гаспадарскія мемуары, якімі пасля іх выдання быў вельмі незадаволены Мікалай І. Хоць нічога асабліва «бунтарскага» ў іх няма. Зрэшты, у нас будзе нагода пераканацца: створаныя па-французску і перакладзеныя тады ж на нямецкую, выдадзеныя за мяжой адразу пасля напісання, яны цяпер, як нам сказалі, збіраюцца выйсці па-беларуску. Пабачым.

Ізабела Лясоцкая, першая жонка Міхала Клеафаса Агінскага.

Чаго на стале няма, дык гэта «Дыялогаў паміж Франклінам і Падаграй», хоць яны маглі тут займець сваё месца: пан Агінскі, другі раз развёўшыся ў 1815-м, праз нейкі час пасяліўся ў Фларэнцыі, дзе не толькі працягваў служыць дзяржаве, але і лячыў артрыт і падагру, чытаючы гэтыя «Дыялогі...». Як тут, слухайце, той падагры не здарыцца, калі харчаваліся смарчкамі ды труфелямі? У гэтай сядзібе ў найлепшыя гады яе існавання ежа гатавалася і падавалася з яўным разлікам уразіць самых прэтэнцыёзных гасцей, якія прыязджалі сюды, каб адпачываць душою і целам ва ўтульных закутках шматлікіх паркаў, ладзіць літаратурныя вечары і музычныя салоны, абмяркоўваць навіны палітыкі і грамадства. Частаваліся шнэль-клопсамі і шпэк-кухенамі, штрудалямі і марцыпанамі. А між іншым, гувернёр калісьці юнага Агінскага вучыў яго есці шмат садавіны і не вельмі захапляцца мясам. Быццам ведаў месье Жан Ралей, што ў генетыцы хлопчыка закладзена пагроза хварэць, асабліва з узростам. Гэты чалавек так моцна і так пазітыўна ў цэлым паўплываў на асобу Агінскага, што тут, у Залессі, яму зладжаны помнік — так званы камень Ралея, з надпісам: «Іnstіtutorі suo Joan Rolay gratus dіscіpulus М. О.» — маўляў, ад удзячнага выхаванца, схаванага за ініцыяламі. Жану Ралею прысвечаны куточак і ў хаце-музеі, даволі мілы.

У нейкі момант мы пачалі шкадаваць, што пакоі канчаюцца. Адтуль, дзе можна, сеўшы за стол каля лесвіцы ў спальню Марыі дэ Неры, пакінуць водгук у кнізе для гасцей, ісці больш, здаецца, няма куды... Аранжарэя!

На гэтым стале ляжаць стосікам арыгінальныя выданні мемуараў Агінскага.

Яна сустрэла нас пахам апельсінавых кветак (які я зблытала з духамі Марыі дэ Неры наўмысна, для жарту) і рознымі экзатычнымі раслінамі — аліўкавым і кававым дрэўцамі, сенполіямі і дыфенбахіямі, гібіскусам, фікусамі, абутылонам і ананасамі (насамрэч шмат яшчэ чым, але хіба пералічыш?). І калі б сёе-тое з гэтага хараства магло прадавацца атожылкамі ў сувенірнай лаўцы, то набылося б намі на памяць аб гэтым доме не менш ахвотна, чым дыск з паланэзам, які і дагэтуль гучыць.

Паслядоўнікам

Калі працягваць тэму харчавання, неасцярожна пачатую пералікам страў ХІХ стагоддзя, то тэрыторыя тутэйшых гаспадарскіх сталовай і кухні ператворана цяпер ва ўрачыстую залу — са сцэнаю і раялем. Тут ладзяцца балі, якім папярэднічаюць майстар-класы па старых танцах. Якраз тут мы слухалі паланэз, пад які паабяцалі самі сабе: а) прыязджаць сюды кожнай вясной, калі распускаюцца кветкі ў прылеглых парках; б) трапіць найбліжэйшым часам на тутэйшы баль. Мы даведаліся, што ў доме яшчэ ёсць пакоі, якія здаюцца наведвальнікам па даволі сімпатычным кошце. Харчаваннем пастаяльцы гэтага атэля пад дахам гістарычнай сядзібы не забяспечваюцца — пра ежу яны павінны клапаціцца асобна і самастойна. А Міхал Клеафас якраз і павучаў Ірэнея, сына, што ў харчаванні не трэба празмернічаць. Не кожны дзень, але пяць дзён на тыдзень, акрамя панядзелка з аўторкам, у летняй аранжарэі працуе кавярня.

Рамантыкам

Значыцца, з Марыяй дэ Неры Міхал Клеафас таксама развёўся. Не шанцуе мужчынам у другіх шлюбах, калі першыя не такія ўжо кепскія. Але паглядзіце, як ён пісаў сваім дзецям пра іх маці, робячы бацькоўскія настаўленні з Італіі. «Ні на імгненне не забывай нічога з таго, чым ты абавязаны самай першай сваёй дабрадзейніцы — тваёй маці... Прыстасуйся нічога не гаварыць, не спытаўшы сябе спачатку: «А маці мая — ці ўхваліць?» І калі на такое пытанне тваё сумленне адкажа: «Мая мама гэта адобрыць», — тады дзейнічай смела, тваё пачуццё цябе не падмане», — пісаў ён Ірэнею. І вось яшчэ, зноў яму: «Дзень трэба завяршыць так, як пачынаў, — з малітвай, успамінаючы тваю добрую матухну, яе клопаты аб табе». Гэта, спадарства, можна назваць высакародным бацькоўствам і браць сабе за ўзор. Цудоўна, што падарожжы даюць падставы для выкалупвання рознай драбязы з жыццяў слаўных герояў мінуўшчыны. Зрэшты, шмат што з гэтага выкалупанага — ніякая не драбяза.

Падарожнічала Святлана ВОЦІНАВА

Загаловак у газеце: Паланэз Агінскага

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.