Вы тут

Зубная чараўніца


Хачу падзяліцца ўражаннем пра першае лячэнне зубак сына. Гэта проста нейкі цуд, неверагодна! Дзіця як заварожанае сядзела на крэселку і паслухмяна слухала цікавы расказ доктара пра лячэнне зубак, а пасля ў час працэдуры не было ніводнага піску.


«Як жа гэта можа быць? — спытаеце вы. — Усе дзеці баяцца паходу да стаматолага як агню». А вось як. Спачатку нас адвялі ў дзіцячы пакойчык са столікам, дзе можна было пагуляць з кубікамі і памаляваць. Ну і калі сынок захапіўся, ціхенька і незаўважна «падкралася» доктар у каляровай шапачцы, прысела і пачала знаёміцца з ім:

— Як цябе завуць?

— Альгерд.

— О, такое імя — я адразу ўяўляю каня і на ім рыцар!.. Ты любіш салодкае?

— Так.

— А ты ведаеш, што і мікробы любяць салодкае?

— Не.

— А ты калі-небудзь лячыў зубкі?

— Не.

— Ну, тады пойдзем, я табе пакажу нешта цікавае.

Заходзім мы ў вялікі пакой, і нам адразу паказваюць макет зубак: вось яны якія, а вось як іх чысціць.

— Паспрабуй.

Альгердзік старанна паўтарае ўсе рухі.

— А цяпер глядзі: на зубках чорныя кропкі і дзірачкі — гэта карыес. А каб яго прагнаць, нам патрэбна «вітамінка». Выбірай, якога колеру ты хочаш?

— Сіняга.

— Вось табе сіняя.

І бярэ адзін штучны зубік-пробнік і робіць дзірачку на ім, а пасля наклейвае «вітамінку».

— Ну, а цяпер сядай у крэсла і глядзі, якія тут у нас інструменты цікавыя.

Паказвае шчотачку спярша адну, пасля другую:

— Вось гэтым будзем праганяць мікробікаў. Ты згодны?

— Так.

І адбываецца гэты самы цуд — дзіця не варухнецца і ціхенька, паслухмяна сядзіць. Я з усмешкай сяджу непадалёк і сама сабе захапляюся працэсам.

Праўда, і часу заняло ўсё ледзь не гадзіну. Але які далікатны падыход! Без крыку і слёз. Галоўнае — настроіць дзіця, стварыць спакойную атмасферу. А ў канцы ад мяккага коціка сюрпрыз — набор крэйды. Сын быў у захапленні. І з нецярпеннем чакае, калі мы зноў пойдзем да зубной чараўніцы.

Мама Святлана ТОЎСЦІК, г. Мінск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.