Вы тут

Бэзавы боль


Апошнім часам шмат хаджу пешкі толькі дзеля таго, каб напоўніцца водарам бэзу. Калі сустракаю на сваім шляху духмяны куст, абавязкова падыходжу, асцярожна нахінаю галінку і ўдыхаю...


Знаёмы водар улавіла ўчора і ў краме, калі разлічвалася за пакупку. Гэта падавала апошнія прыкметы жыцця падвялая галінка бэзу, якая адзінока ляжала на касе. Відаць, хтосьці падарыў яе прадаўшчыцы. Ці яна сама па дарозе на працу не ўтрымалася і зламала жывую прыгажосць. Калі шчыра, мне вельмі балюча глядзець на вазы з пышнымі гронкамі бэзу на фотаздымках, якія выкладаюць знаёмыя на сваіх старонках у сацыяльных сетках. А таксама чытаць пасты пад імі накшталт «горад засынае, прачынаюцца кветкавыя вандалы», «а я мужа на паляванне выпускаю, самой сорамна»...

З надыходам цёплых дзянькоў пачаўся сезон і лясных кветак. Вечарамі ў падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа жанчын і мужчын з букецікамі ландышаў — як грыбоў пасля дажджу. Канкурэнцыя вялікая, прывабліваюць мінакоў хто як можа. У аднаго дзядулі на сумцы з кветкамі вялікімі літарамі напісана «нядорага». Падыходжу, каб задаволіць сваю журналісцкую цікаўнасць.

— Колькі каштуе букецік?

— Вось гэты пяць рублёў, крыху меншы — тры...

Калі адыходжу без пакупкі, чую наўздагон: «Дачушка, табе і за два рублі аддам...»

Але я ўжо даўно не набываю такія букецікі... Пасля таго як даведалася, што кветкі здольныя адчуваць. Так, у кнізе «Тайнае жыццё раслін» расказваецца пра эксперымент, які правёў амерыканскі даследчык Кліў Бакстэр. Ён паставіў дзве расліны побач. І папрасіў свайго памочніка растаптаць адну з іх. Затым падключыў да дэтэктара хлусні тую расліну, якая выжыла. Пяць чалавек па чарзе заходзілі ў лабараторыю. На першых чатырох ніякай рэакцыі не было. Але калі ў лабараторыю ўвайшоў той, хто растаптаў расліну, — электронны самапісец імгненна накрэсліў крывую, якая з'яўляецца толькі тады, калі чалавек крычыць «ратуйце».

Верыць у гэта ці не, кожны вырашае сам. Але на сваё вяселле я папрасіла сваякоў і сяброў не дарыць мне зрэзаныя кветкі. Цяжэй за ўсё гэтую просьбу ўспрынялі бацькі. Маўляў, як так: прыйсці ў загс без кветак? Непрыгожа. Што людзі падумаюць? Прыйшлося даць ім паслухаць песню ў выкананні Юрыя Антонава «Не рвите цветы, не рвите, // Пусть будет нарядней Земля, // А вместо букетов дарите // Васильковые, незабудковые и ромашковые поля!..»

Калі расліны так бурна рэагуюць на зло, што ўжо казаць пра нас, ноmо sаріеns. Нядаўна ў рэдакцыю прыйшоў ліст са шчымлівай гісторыяй беларуса, які маладым хлопцам трапіў у нямецкі канцлагер. Калі вайна скончылася, палонных адпусцілі дадому. Іосіфа ж, які быў без прытомнасці ды без дакументаў, адправілі на папраўку ў Швецыю. Пасля таго як крыху ачуняў, хлопец стаў пісаць лісты дадому. Але адказу не атрымаў. Што рабіць: вывучыў мову, скончыў тэхнікум, уладкаваўся на працу, ажаніўся...

А на радзіме яго сястра неяк, гледзячы 9 мая па тэлевізары святочны парад, прамовіла: «Так мы нічога і не ведаем пра нашага Іосіфа». Тады яе муж напісаў зварот у міжнародны Чырвоны Крыж. Адтуль прыйшоў адказ і разам з ім ліст ад Іосіфа: «Я напісаў некалькі лістоў брату, але адказу не атрымаў, таму вырашыў, што пасля такой страшнай вайны нікога ў жывых не засталося». Чаму ж брат яму не адказаў? І нікому нічога не сказаў? «А Іосіф бы прыехаў і трэба было б дзяліць маёмасць», — растлумачыў той.

Мне было балюча пра гэта чытаць. Уяўляю, што адчуў чалавек, калі даведаўся пра такую меркантыльную здраду брата...

Калі вярнуцца да майго вяселля, то яно зусім не было бяскветкавым. Мы з мужам падрыхтавалі сваім бацькам сюрпрыз. Пасля роспісу запрасілі іх прагуляцца ў батанічны сад, каб падарыць мора жывых кветак. Дарэчы, у гэты час якраз ва ўсю красаваў духмяны бэз, якому пашчасціла «нарадзіцца» ў ахоўнай зоне.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.