Вы тут

Навошта цяжарным спяваць, або як нарадзіць лёгка


Парады ад сусветна вядомага доктара Адэна.

У інтэрнэце актыўна абмяркоўваюць Кейт Мідлтан. Герцагіня выйшла з лонданскага шпіталя з сынам на руках на шпільках праз 7 гадзін пасля родаў. І выглядала проста цудоўна. Найбольш заўзята абураліся матулі, якія перанеслі цяжкія роды і аднаўляліся пасля іх не адзін тыдзень: маўляў, гэта нерэальна.

Чаму некаторыя жанчыны, якія ў фізіялагічным плане нічым асаблівым не адрозніваюцца ад іншых, нараджаюць хутка і лёгка? У той жа час большасці патрабуецца кесарава сячэнне пасля цяжкіх шматгадзінных спроб справіцца самастойна? Адказы на гэтыя пытанні я атрымала на трэнінгу (а таксама з кніг, якія набыла там жа) доктара-акушэра і навукоўца з Лондана Мішэля Адэна.


Мі­шэль Адэн з пе­ра­клад­чы­кам і ці­каў­ныя дзе­ці.

Вертыкальна ці гарызантальна

Асноўная прычына складаных родаў, перакананы Мішэль Адэн, звязана з тым, што большасць медыкаў не ўлічвае фізіялагічныя патрэбнасці цяжарнай. У прыватнасці, раней жанчыны нараджалі так, як ім было найменш балюча: стоячы на каленях, лежачы на баку... Цяпер жа іх вымушаюць рабіць гэта ў гарызантальным становішчы. Мішэль Адэн кажа, што ў гэтым вінавата моцная палова чалавецтва. «Сучаснае акушэрства бярэ пачатак у Францыі XVІІ стагоддзя, калі мужчына-доктар упершыню ўвайшоў у радзільны пакой і прысвоіў сабе ролю, якая традыцыйна належала акушэркам. Тады жанчын прымусілі нараджаць на спіне, каб яму было лягчэй накладваць акушэрскія шчыпцы. Доктару, вядома, гэта вельмі зручна, бо ўсё добра бачна, а вось ці падумаў хтосьці пра жанчыну?»

Нараджаць гарызантальна — гэта насамрэч самы горшы варыянт як для маці, так і для дзіцяці. «Калі жанчына падчас схватак ляжыць на спіне, матка з плодам цісне ўсёй сваёй вагой на аорту і ніжнюю полую вену, што, у сваю чаргу, змяншае колькасць насычанай кіслародам крыві, якая паступае ў плацэнту. Гэта ўскладняе кроваабмен паміж маці і дзіцем». Атрымліваецца, што найлепш нараджаць вертыкальна. Але зрабіць гэта сёння можна, на жаль, далёка не ў кожным беларускім раддоме. Мая знаёмая нараджала першае дзіця не па прапісцы. Выбралі з мужам больш аддалены раддом, бо ведалі, што там практыкуюць вертыкальныя роды. Але схваткі пачаліся раней, чым планавалася. Таня прыехала ва ўрачэбную ўстанову ўначы. І вымушана была нараджаць гарызантальна. Бо доктар, які быў на змене, сказаў, што яго ніхто не папярэджваў. А каб пераабсталяваць крэсла ў радзільні, патрэбны час. Другое дзіця Таня нараджала ўжо вертыкальна ў 6-ым раддоме, у новым віп-аддзяленні, дзе з'явілася на свет і дачушка Дар'і Домрачавай. Праўда, заплаціць за гэта давялося ў разы больш. Але вынікам знаёмая задаволена — нарадзіла дачку за гадзіну, без ніводнага разрыву.

Роды не справа мозга

Каб нарадзіць лёгка, жанчыне трэба знізіць актыўнасць свайго мозга (у прыватнасці, той часткі, якая адказвае за сацыялізацыю — неакортэкса). Гэта тлумачыцца тым, што наш неакортэкс можа тармазіць і нават цалкам спыняць фізіялагічны працэс родаў. Таму Мішэль Адэн раіць жанчыне падчас родаў цалкам аддацца таму, што з ёй адбываецца, перастаць актыўна думаць, кантраляваць сябе, забыцца на ўсе свае планы.

Доктар, акушэрка ды муж (калі сям'я рашылася на партнёрскія роды) у сваю чаргу павінны абараняць жанчыну, якая нараджае, ад любой магчымай стымуляцыі неакортэкса.

Сёння большасць жанчын нараджае без дапамогі сваіх натуральных гармонаў. Іх роды выклікаюцца штучна, стымулююцца. Многія нараджаюць кесаравым сячэннем. «Мы змяняем натуральны працэс родаў. Пры гэтым не думаем, як гэта адаб'ецца на здароўі будучых пакаленняў».

Так, швед Бертыль Якабсан вывучаў, як звязана прыхільнасць да наркотыкаў у падлеткаў з тым, якія абязбольныя давалі іх маці падчас родаў. Галоўны вынік: калі жанчыне ўводзілі марфін, петыдзін (прамедол), барбітураты ці закіс азоту, то верагоднасць развіцця наркаманіі ў будучым павышалася параўнальна з тымі, хто нараджаўся без такіх лекаў.

Правіла трох «Ц»: Ціха, Цёмна, Цёпла

Першы і самы важны стымулятар неакортэкса — размовы з жанчынай у родах. «Уявіце, што пара займаецца сексам. І раптам жанчына кажа свайму партнёру: «Мілы, а што б ты хацеў на сняданак?» Гэтае пытанне стымулюе мазгавую актыўнасць — як вынік, блакіруюцца фізіялагічныя працэсы».

Тое ж самае можа адбывацца і падчас родаў. Выпрацоўка гармонаў у жанчыны запавольваецца, калі медыкі паведамляюць, напрыклад, на колькі сантыметраў раскрылася шыйка маткі. Таму Мішэль Адэн раіць цяжарнай загадзя папрасіць доктара: па любых пытаннях, якія ўзнікаюць у працэсе родаў, звяртацца не да яе,
а да мужа.

Яшчэ адзін стымул для актыўнасці неакортэкса — яркае святло. Яно зніжае выдзяленне мелатаніну — так званага гармону цемры, які так неабходны ў родах. Прыглушанае святло дапаможа ўсыпіць думаючы мозг і стымуляваць выпрацоўку не толькі мелатаніну, але і аксітацыну.

Сарамлівы гармон любові

Калі жанчына нараджае, яна выпрацоўвае аксітацын — гармон любові. Менавіта ён прымушае матку скарачацца падчас родаў і дапамагае дзіцяці з'явіцца на свет. Аксітацын — сарамлівы гармон. Каб ён пачаў выпрацоўвацца, парадзіха павінна быць расслабленая і адчуваць сябе ў бяспецы. «Жанчына падчас родаў не павінна адчуваць, што за ёй нехта пільна назірае. Таму я лічу відэакамеру адным з самых небяспечных устройстваў, якія мы можам прынесці туды, дзе ідуць роды. Тэхніка, як і лішнія людзі, могуць запаволіць фізіялагічны працэс».

У радзільных дамах цяжарным часта ўводзяць штучны аксітацын. Як вынік — у жанчыны зніжаецца здольнасць выпрацоўваць свой уласны гармон любові. Але, не варта забывацца, што аксітацын — гэта выдатны антыдэпрэсант. «Адносячыся беражліва да гарманальнага балансу ў арганізме жанчыны падчас родаў і пазбягаючы прымянення медыкаментозных сродкаў, мы, магчыма, памяншаем верагоднасць пасляродавай дэпрэсіі».

Ці браць мужа ў радзільню?

Гэта не заўсёды найлепшы варыянт для жанчыны, лічыць Мішэль Адэн. Адны таты сапраўды дапамагаюць сваёй прысутнасцю, а другія толькі запавольваюць роды. «Бывае, што трывожны па натуры мужчына непакоіцца, але стараецца схаваць свой неспакой пастаяннымі размовамі; яго балбатня можа перашкодзіць жанчыне сканцэнтравацца на родах. Мне прыгадаўся адзін выпадак: у жанчыны было раскрыццё 8 сантыметраў, і далей роды ніяк не ішлі; дзіця нарадзілася толькі тады, калі тата ў нейкі момант выйшаў перадыхнуць. Перашкоду родам можа таксама стварыць уладны, схільны да празмернай апекі мужчына: ён увесь час масіруе, трымае сваю жанчыну. Ён загадзя «ведае», што ёй трэба, і рэдка прыслухоўваецца да яе ўласных жаданняў. Прысутнасць таты можа адмоўна адбіцца на працэсе родаў, калі ён спрабуе глядзець у вочы жонцы тады, калі гэтага не трэба рабіць, ці стараецца дапамагаць, калі галоўнае — не перашкаджаць».

На трэ­нін­гу «Лёг­кія ро­ды і на­ра­джэн­не зда­ро­ва­га дзі­ця­ці»  ў Мін­ску бы­ло 350 ча­ла­век, боль­шасць з іх ця­жар­ныя жан­чы­ны.

Не варта спяшацца пераразаць пупавіну

Першая гадзіна пасля родаў — вельмі важны час. Ад яе залежыць, як дзіця будзе ставіцца да маці, а гэта, у сваю чаргу, можа паўплываць на яго адносіны з іншымі людзьмі і навакольным светам, на здольнасць чалавека любіць. Даказана, што працяглы цялесны кантакт, у прыватнасці, прыкладанне да грудзей і звязаныя з ім яркія эмоцыі ў маці стымулююць выдзяленне ў яе аксітацыну ў неверагодных колькасцях. Гэта, у сваю чаргу, выклікае скарачэнне маткі, неабходнае для таго, каб жанчына сама выштурхнула плацэнту.

«Пакуль маці і дзіця атрымліваюць асалоду ад зносін, няма абсалютна ніякай неабходнасці спяшацца пераразаць пупавіну. Яна злучае плацэнту і дзіця, утрымлівае дзве артэрыі і вену. Артэрыі закрываюцца на працягу некалькіх хвілін, а вена застаецца адкрытай, таму дзіця можа атрымаць яшчэ каля 40 мл каштоўнай крыві».

Мішэль Адэн кажа, што дактары і акушэркі павінны пазбавіцца ад страху перад мікробамі. «У крыві нованароджанага прысутнічаюць тыя ж антыцелы, што і ў крыві яго матулі. Іншымі словамі, бактэрыі, носьбітам якіх з'яўляецца маці, будуць звыклымі для дзіцяці, у той час як бактэрыі, носьбітамі якіх з'яўляюцца іншыя людзі, патэнцыяльна небяспечныя. Таму лепш адразу пакласці дзіця на голы жывот жанчыны, галоўкай убок. Чым раней прыкласці немаўля да грудзей, тым лепш. У маміным малацэ таксама вельмі шмат «сяброўскіх» мікробаў. Імунная сістэма чалавека праграмуецца з першых хвілін жыцця, ад бактэрый (наколькі яны яму знаёмыя) залежыць і тое, якім будзе яго здароўе».

— Як кампенсаваць дэфіцыт мікраарганізмаў пры кесаравым сячэнні, калі жанчына не можа адразу пасля родаў узяць дзіця на рукі? — пацікавіліся ў Мішэля Адэна.

— У гэтым выпадку тата выступае незаменным носьбітам той мікрафлоры, у якой будзе жыць дзіця. Бо калі мужчына і жанчына даўно разам, то відавы склад іх бактэрый аднолькавы. Калі ж таты няма побач, можна загарнуць дзіця ў маміна адзенне.

Што патрэбна будучай маці?

Есці рыбу, радавацца ды спяваць. І каб яе пакінулі ў спакоі.

Мозг чалавека прыкладна на 40 % складаецца з тлушчаў класа амега-3. Для таго каб жанчына вынасіла здаровае дзіця, яна павінна есці марскую рыбу.

Радуйцеся. Калі падчас цяжарнасці жанчына няшчасная, гэта ўплывае на ўзровень картызолу ў яе крыві. Гэты гармон можа запавольваць рост плода і яго галаўнога мозга.

І паболей спявайце. Такім чынам вы забяспечыце сваёй крывіначцы сэнсарную стымуляцыю, якая неабходна для правільнага развіцця маўленчых цэнтраў мозга. На самых ранніх стадыях развіцця ва ўлонні маці дзіця здольнае ўспрымаць гукавыя вібрацыі. Прычым калі жанчына спявае, голас значна больш багаты па частотным спектры, чым калі яна размаўляе. Акрамя таго, падчас спеваў цяжарная трэніруе мышцы дыяфрагмы і вучыцца засяроджвацца на выдыху, што дапаможа расслабіцца падчас родаў. А яшчэ гэты занятак дорыць добры настрой. Таму калі хочаце зрабіць цяжарную шчаслівай і вясёлай, запрасіце яе паспяваць.

На апошніх тыднях цяжарнасці ў арганізме жанчыны наступае перыяд фізіялагічнай падрыхтоўкі да родаў. Таму ў гэты час лепш пакінуць яе ў спакоі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.