25 Май, пятніца

Вы тут

Каця Цікота: Першую калекцыю здымала ў музеі Петруся Броўкі


Выпускніца педуніверсітэта Каця Цікота магла б быць настаўніцай геаграфіі і біялогіі. Развучвала б са школьнікамі карысныя выкапні і будову клетак. Але «лёс склаўся так», што дызайн адзення захапіў яе больш, чым сістэма адукацыі. Каця стварае майкі са слоганамі на беларускай мове («лёс склаЎся так» — адзін з іх. — Аўт.), калекцыі для цяжарных і людзей з інваліднасцю. А яшчэ падарожнічае разам з маленькім сынам Захарам і тэстуе гарадское асяроддзе на зручнасць для маладых мам. Пра пачуццё густу, калекцыю вінтажных гузікаў, любімых беларускіх пісьменнікаў і жыццё пасля нараджэння дзіцяці — у нашым інтэрв'ю.


«Тэму з вышыванкай занадта зацягалі»

— Вы яшчэ ў школе перашывалі маміны рэчы. Чаму не пайшлі вучыцца ў каледж на мадэльера, а выбралі педуніверсітэт?

— Думаю, многія дзяўчаткі ў дзяцінстве захапляліся стварэннем вобразаў і ўбораў. Тым больш мае аднагодкі жылі ў час дэфіцыту прыгожага адзення — я яшчэ савецкае дзіця. Усе мы любім у школьным узросце спяваць, маляваць. Гэта было як адно з падлеткавых хобі. Тады не думала: вось, хачу быць дызайнерам.

Мне падабаліся біялогія і хімія, і я збіралася звязаць сваё жыццё з імі. Але на практыцы зразумела, што ў школе не буду працаваць. Мяне размеркавалі метадыстам у Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Гэта лічылася крута, бо звычайна, каб заняць такую пасаду, трэба мець пяць-сем гадоў стажу. Потым пайшла працаваць загадчыкам сектара ў Мінскі дзяржаўны Палац дзяцей і моладзі. У прынцыпе, усё нядрэнна складвалася, пакуль я не зразумела, што не гатовая да жыцця ў сістэме адукацыі.

— А тая ідэя даваць другое жыццё рэчам для вас па-ранейшаму актуальная?

— Вядома. Стараюся даць магчымасць даўжэй паслужыць любой рэчы, не толькі адзенню. Я і смецце даўно збіраю раздзельна. Нядаўна перарабіла джынсавыя спадніцы — перашыла іх, пафарбавала і дадала дэкору.

— Чытала, што ў вас ёсць калекцыя вінтажных гузікаў.

— Гузікі я стала збіраць з моманту, як занялася дызайнам адзення. Брэнд жа называецца Tіkоtа Unіquе: мадэлі не паўтараюцца або адрозніваюцца акцэнтамі. Пошук такіх фішачак, напэўна, і справакаваў гэтае хобі. Гузікаў стала так шмат: апошні раз, калі лічыла, іх было пад дзве тысячы. Вось літаральна ўчора прынесла такія прыгожыя (паказвае два жоўтыя гузікі. — Аўт.) — мне іх знаёмы даў. Гузікі, якія вельмі люблю, — з пражскай барахолкі. Яны перадаюць атмасферу горада, настрой. Гузікі — як кавалкі арнаменту: па іх можна прачытаць гісторыю.

— Як вы разумееце, што ў чалавека ёсць густ?

— Пару гадоў таму я, як і большасць людзей, ацэньвала іншых. Але чалавек часцей за ўсё адзяваецца не для кагосьці, а для сябе. І калі ён у гэтым вобразе адчувае сябе класна і ў яго з'яўляецца шмат энергіі, навошта лезці са сваім меркаваннем? Параўноўваць людзей, хто стыльны, а хто не, ужо неактуальна і няправільна.

— Атрымліваецца, вы да сябе на паказ чалавека ў трэніках пусцілі б?

— Калі ён хоча, чаму не? Паглядзіце на Шнура, якога многія любяць. Тым больш не ў кожнага ёсць магчымасць дорага адзявацца. І ва ўсіх розныя патрэбы ў жыцці.

— Вы самі сібірачка. Чаму вырашылі выпускаць майкі са слоганамі на беларускай мове?

— Па самавызначэнні я руская. Але вырасла тут і з першага класа вучыла беларускую мову. У мяне «дзявятка» па ёй была! І «дзесяць» па беларускай літаратуры. Чаму слоганы? Калі шчыра, надакучыла тэма з вышыванкай, якую зацягалі настолькі, што на гэтыя мадэлі адзення ўжо не звяртаеш увагі.

— Любімыя беларускія пісьменнікі ёсць?

— Адзін з маіх любімых паэтаў — Пятрусь Броўка. Калі запускаўся брэнд, то першая калекцыя, фота якой апублікавалі ў часопісе, здымалася якраз у Дзяржаўным літаратурным музеі Петруся Броўкі. Для мяне гэта было вялікай радасцю і гонарам.

— Які слоган ваш любімы?

— Яны ўсе любімыя, бо па-свойму звязаны з маім жыццём. Кожны сімвалічны, яны з'явіліся ў розныя перыяды. Не так, што я села і пяць фраз за вечар прыдумала. Апошні прынт — «Гары справай, гавары праўдай, маўчы сярод ідыётаў». Што падштурхнула да яго стварэння? Вельмі асабістая гісторыя, не магу расказаць. У мяне ёсць татуіроўка падобная, я змяніла толькі апошнія словы.

«Гэта праблема — знайсці прыгожае адзенне на час цяжарнасці»

— Год таму вы запусцілі тэставую калекцыю для калясачнікаў. Што з ёй цяпер? Калі чакаць першую партыю ў продажы?

— Працэс ідзе не так хутка. Ёсць пытанні з прыцягненнем юрыстаў, розных вытворчасцяў, хлопцаў і дзяўчат з фокус-групы. На дадзены момант мы аддаём інвалідам-калясачнікам фінальныя ўзоры, ужо з усімі ўлічанымі нюансамі. Ідзе работа над запускам калекцыі на вытворчасці. Паспрабуем пашыць невялікую партыю на аўтсорсе (перадача часткі задач на выкананне іншай асобе ці кампаніі за вызначаную плату. — Аўт.). Мы выкарыстоўваем добры матэрыял, таму адзенне не можа быць танным. Але стараемся знізіць кошт наколькі гэта магчыма. Бо ў нашых людзей з інваліднасцю пенсія каля 200 рублёў.

— Гэта ж не адзіны ваш сацыяльны праект?

— Са снежня 2016 года я пачала працаваць з ЮНЭЙДС. Стварала для іх прынты супраць дыскрымінацыі. У адным з іх — zеrо dіskrіmіnаtіоn (нулявая дыскрымінацыя. — Аўт.) — літары былі стылізаваныя: у іх намаляваны чалавечкі, якія прадстаўляюць розныя ўразлівыя групы: цяжарныя жанчыны, маленькія дзеці, пажылыя, людзі з інваліднасцю. На конкурс, прысвечаны тэме ВІЧ/СНІД, рабіла сукенку. І выйграла магчымасць паехаць прадстаўляць яе ў Маскве на VI міжнароднай канферэнцыі па ВІЧ/СНІД. Вярнулася з дыпломам (усміхаецца).

— Што падштурхнула займацца сацыяльнымі праектамі? Можна было спакойна заставацца звычайным дызайнерам і працягваць зарабляць грошы.

— Можна было. Але, удзельнічаючы ў такіх праектах, я магу прыцягнуць увагу да праблем.

— Нядаўна адбыўся паказ адзення для цяжарных і кормячых жанчын. Цяжка было знайсці мадэляў?

— Не, хоць у нас заставалася ўсяго два ці тры дні на пошук.
У камандзе была акушэр-гінеколаг Дзіяна Мардас, якая ведае шмат цяжарных: кагосьці знайшлі дзякуючы яе кантактам. Плюс разыгрывалі магчымасць паўдзельнічаць у паказе ў сацыяльных сетках. Здорава, што нас падтрымалі медыйныя персоны (сярод іх была, напрыклад, салістка NаvіBаnd Ксенія Жук. — Аўт.). Гэта сапраўды праблема для многіх дзяўчат — знайсці прыгожае адзенне на час цяжарнасці. Усе мы ведаем, што цяжарныя нестабільныя эмацыянальна, і хочацца, каб яны менш хваляваліся аб тым, як яны выглядаюць.

— У каментарыях некаторыя пісалі, што будучым мамам варта было б не ў паказе ўдзельнічаць, а берагчы сябе ад чужых вачэй. Маўляў, раптам нехта сурочыць.

— У што чалавек верыць, тое да яго і ідзе. Іншыя могуць асуджаць, а будучай мамачцы, наадварот, хочацца расказаць пра сваю цяжарнасць свету. Яе перапаўняе светлае пачуццё. Чаму яна павінна маўчаць?

«Не разумею, чаму ў дэкрэце можна выпасці з жыцця»

— Вы вельмі прыгожая жанчына. Ці шмат было паклоннікаў?

— Ёсць дагэтуль. Мяне гэта ўвага крыху збалавала.

— Як пазнаёміліся з мужам Мікітам?

— Ён прыйшоў браць у мяне інтэрв'ю — гэта было ў ліпені пазамінулага года. І літаральна на наступны дзень мы з ім убачыліся яшчэ раз. Зразумелі, што ў нас ёсць агульныя тэмы, і захацелі працягнуць дыялог. І практычна не расставаліся з таго часу.

— Двум творчым людзям (муж Каці — фатограф. — Аўт.) складана ўжывацца разам?

— Рэальна складана. Скажу шчыра, у Мікіты вельмі валявы, сапраўдны мужчынскі характар, мне бывае цяжка яго пераканаць. Гэта добрая трэніроўка для мяне. Ці, магчыма, знак, што я нешта не так раблю. Каб вырашыць спрэчныя моманты, заўсёды размаўляем.

— Многія баяцца, што з нараджэннем дзіцяці давядзецца адмовіцца ад звыклага жыцця. Але вы, здаецца, засталіся ў тым жа рытме.

— Тэмп не змяніўся. Адзінае, што я стала больш лянівай. Больш часу сабе стараюся ўдзяляць, а не рабоце. Хочацца адпачыць, перазагрузіцца. Не разумею, чаму можна выпасці з жыцця. Калі работа любімая і гэтая справа, якая дае жыццёвую энергію, звязвае з многімі людзьмі, чаму з ёй трэба расставацца?

— Як рэагавалі на свецкіх мерапрыемствах, калі вы прыходзілі з маленькім?

— Нідзе не сутыкалася са скосымі позіркамі, асуджэннем. У маім акружэнні я сустракала толькі пазітыўныя водгукі. Кожны сам вырашае, што будзе камфортна для яго дзіцяці. Я, напрыклад, за тое, каб сын заўсёды быў побач і разумеў, што ў бацькоў ёсць сваё жыццё. Мы не можам жыць дзеля кагосьці — толькі для сябе.

— Калі Захару было тры месяцы, вы паехалі адпачываць у Албанію. Не баяліся адпраўляцца ў падарожжа?

— Не, абсалютна. Дзіцяці ў дарозе многа не трэба. Калі побач бацькі, у яго ўсё ёсць.

— Якія парады далі б тым, хто збіраецца ў падарожжа з малым?

— Браць мінімум рэчаў. І тое неабходнае, што можа спатрэбіцца для экстраннай дапамогі. Напрыклад, дзіцячы аспіратар: не ў кожным курортным горадзе яго можна знайсці. Але не перабірайце меру. Навошта некалькі пераносак? Дзіця можна і на руках насіць — Захар у мяне практычна заўсёды ў слінгу. Нам так камфортна.

— Якая ж торба патрэбна, каб усё змясціць?

— У мяне цяпер, напэўна, самы маленькі рукзак, які быў за ўсё жыццё! Там вільготныя сурвэткі, пара памперсаў, адзенне на змену, ежа. Каб пакарміць дзіця, не трэба ж каструлі насіць з сабой.

— У сацыяльных сетках вы неяк пісалі, што мінскае гарадское асяроддзе прыстасаванае для мам з малымі на чатыры балы з дзесяці. Што не так?

— Нязручныя пандусы. Напрыклад, у падземным пераходзе да ГУМа. Нават дарослы моцны мужчына можа падкаціць там каляску не вельмі хутка.
А што казаць пра жанчыну, у якой яшчэ арганізм не аднавіўся пасля родаў? У Парку Горкага тая ж праблема. У аўтобусах многіх няма прыступкі, каб можна было ўехаць з каляскай. Хацелася б, каб было пабольш пакояў для маці і дзіцяці. Ці хаця б у прыбіральнях стаяў абсталяваны спавівальны столік. Гэта нескладана і не патрабуе вялікіх затрат — просты пластыкавы столік, які мацуецца на кручок.

— Як нараджэнне дзіцяці паўплывала на ваша жыццё?

— Калі казаць пра творчасць, то мадэлі адзення сталі больш мяккімі і жаноцкімі. Практычна няма задзірлівых вобразаў. І сама я стала адзявацца больш сціпла. Амаль не нашу кароткія спадніцы і занадта адкрытыя ўборы. Хоць, магчыма, гэта звязана з іншым стаўленнем да вонкавага выгляду.

— Не сумуеце па той Каці, якая насіла кароткія спадніцы?

— Не. Я падыходжу да ўсяго, што адбываецца, без шкадаванняў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?

Грамадству патрабуюцца творчыя асобы.

Грамадства

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Чым здзівілі і ўразілі ўдзельнікі WorldSkіlls Belarus 2018?

Як вы думаеце, ці шмат страў можна прыгатаваць з буракоў?