Вы тут

ДАІ растлумачыла, навошта патрэбны штрафныя балы і іншыя новаўвядзенні


Праект змяненняў у закон «Аб дарожным руху» вынесены на грамадскае абмеркаванне. Сярод навацый, якія закрануць кожнага аўтамабіліста, — налічэнне за парушэнне ПДД штрафных балаў. Акрамя гэтага, прапануецца ўзаконіць магчымасць для ўсіх ахвотных здаваць кваліфікацыйны экзамен на аўтамабілі з аўтаматычнай каробкай перадач, прызнаць несапраўднымі бестэрміновыя пасведчанні, якія выдаваліся ў часы СССР, выдаваць міжнародныя пасведчанні кіроўцы і іншыя. Аб новаўвядзеннях расказаў старшы інспектар па асобых даручэннях УДАІ МУС Аляксандр Шаўчэнка.


— Аляксандр Валер'евіч, у праекце закона найбольш пытанняў ва ўсіх выклікаюць штрафныя балы за парушэнні. Як гэта будзе ажыццяўляцца?

— За кожнае парушэнне ў залежнасці ад яго сур'ёзнасці кіроўцу будзе налічвацца ад 1 да 4 балаў. Парушэнні, па якіх тэрмін працягласцю ў год мінуў, аўтаматычна будуць анулявацца. Распрацоўваецца дадатковая праграма, якая дазволіць кіроўцам, зайшоўшы праз інтэрнэт у свой асабісты кабінет, азнаёміцца з колькасцю балаў. Важна за апошнія 12 месяцаў не назбіраць 15 і больш балаў. За такую колькасць часова, на шэсць месяцаў, парушальніка будуць пазбаўляць права кіравання. Пераздачы не прадугледжана, пасведчанне вернуць праз названы тэрмін. 15 балаў — гэта 15 дробных парушэнняў або чатыры сур'ёзныя. На нашу думку, назбіраць такую колькасць законапаслухмянаму кіроўцу вельмі складана. Але, згодна з нашым аналізам, ёсць аўтамабілісты, якія здзейснілі і 25, і 50, і нават звыш 100 парушэнняў. Праўда, такіх грамадзян няшмат.

— Які сэнс тады ўводзіць такую сістэму?

— Каб дысцыплінаваць ліхачоў. Для кагосьці пакаранне штрафам не мае вялікага значэння — расплаціўся і забыў. Тым часам большасць парушэнняў у той ці іншай ступені аказваюць уплыў на бяспеку дарожнага руху. Тыя парушэнні ПДД, што, на наш погляд, на яе не ўплываюць, мы ўключылі ў спецыяльны пералік — за іх штрафныя балы налічвацца не будуць. Гэта, напрыклад, адсутнасць пасведчання абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці, выкарыстанне рэгістрацыйных нумароў неўстаноўленага ўзору і парушэнні, якія падпадаюць пад артыкул 18.22 ч. 5 Адміністрацыйнага кодэкса (іншыя парушэнні ПДД).

— А за адсутнасць тэхагляду балы прадугледжаны?

— Тэхнічны стан аўтамабіля ўплывае на бяспеку руху, хто б што ні сцвярджаў на форумах. І сумны прыклад таму — аварыя на праспекце Пераможцаў, калі кіроўца грузавіка з-за няспраўнасці тармазной сістэмы збіў людзей, якія пераходзілі дарогу па пешаходным пераходзе, загінула дзяўчынка.

— Паказанні камер фотафіксацыі таксама прымаюцца пад увагу пры налічэнні штрафных балаў. Але за рулём можа знаходзіцца не толькі ўладальнік аўтамабіля...

— Заканадаўства прадугледжвае працэдуру, калі на працягу месяца з моманту атрымання пастанаўлення ўласнік можа прадставіць адпаведныя даныя, што за рулём у момант здзяйснення парушэння знаходзіўся іншы грамадзянін. Калі аўтамабіль належыць юрыдычнай асобе, яна павінна на працягу пяці дзён праінфармаваць, хто быў кіроўцам. Дарэчы, перавышэнне хуткасці, было яно зафіксавана камерай ці супрацоўнікам ДАІ, — адно з самых грубых парушэнняў. Яно нярэдка становіцца прычынай ДТЗ з пацярпелымі. Абмежаванні ўведзеныя нездарма. Згодна з еўрапейскімі даследаваннямі, пры ДТЗ на хуткасці 60 км/г пешаход часта гіне. Таму ў многіх краінах у населеных пунктах дазволеная хуткасць зніжана да 50 км/г. Важна памятаць, што перавышэнне нават на 10—20 кіламетраў мае фатальнае значэнне.

— Як увядзенне штрафных балаў у дадатак да штрафаў суадносіцца з прынцыпам «Адно парушэнне — адно пакаранне»?

— Адміністрацыйны кодэкс прадугледжвае штраф з пазбаўленнем правоў за шэраг парушэнняў. Да тых, хто не выплачвае іх, могуць прымяняцца такія меры, як абмежаванне выезду за мяжу, спыненне права кіравання. Гэта не дадатковае пакаранне, а меры, які прымушаюць выканаць накладзенае спагнанне. У дадзеным выпадку штрафныя балы — прафілактычныя, прэвентыўныя меры. Мы не ставім сабе мэтай пазбавіць пасведчання кіроўцы, а, наадварот, нагадваем, што калі кіроўца будзе ігнараваць ПДД, то назбірае недапушчальную колькасць балаў і можа пазбавіцца дакумента. Падчас грамадскага абмеркавання было шмат выказванняў пра тое, што сабраць 15 парушэнняў амаль нерэальна. Вось у вас колькі парушэнняў за год?

— Ніводнага, але так шчасціць не заўсёды...

— Як паказвае практыка, такіх кіроўцаў, у якіх 1-2 парушэнні за год ці ўвогуле іх няма, большасць. Узнікае пытанне, чаго тады апасацца? На форумах выказваюць меркаванне, што дастаткова дзесяць разоў няправільна прыпаркавацца, назбіраць штрафных балаў — і цябе пазбавяць правоў. Але калі аўтамабіль прыпаркаваны, напрыклад, побач з пешаходным пераходам, гэта парушэнне бяспекі дарожнага руху. І калі на працягу года выпісваюць адзін штраф, другі, трэці, гэта нагода задумацца: ці трэба ўвесь час ставіць машыну ў недазволеным месцы? У нас дастаткова паркінгаў, і менш за палову з іх занята. Тое самае датычыцца і стаянак, якія ахоўваюцца. Пытанне з паркоўкай вырашальнае.

— Уводзячы штрафныя балы, мы ідзём па шляху іншых краін?

— Аналагічная сістэма дзейнічае ў многіх краінах свету, у тым ліку ў Германіі, Францыі, дзе больш высокі ўзровень бяспекі дарожнага руху. Але ўсюды па-свойму налічваюцца балы. У Германіі, напрыклад, у залежнасці ад цяжкасці парушэння штрафныя балы могуць «вісець» у базе да 10 гадоў.

— Штосьці падобнае існавала ў часы СССР — адзнакі ў талоне...

— На гэты вопыт мы не арыентаваліся. Былі іншыя часы: меней машын, не такая высокая рызыка, нават іншыя парушэнні. Некаторыя прапануюць рабіць адзнакі ў талоне і зараз, але ў XXІ стагоддзі, калі ўсё аўтаматызавана, гэта неактуальна. Праектам закона, дарэчы, прадугледжваецца ліквідаванне талона да пасведчання кіроўцы.

— Якія яшчэ змяненні прадугледжвае новы дакумент?

— Многія грамадзяне звярталіся з просьбамі дазволіць здаваць кваліфікацыйны экзамен на аўтамабілі з аўтаматычнай каробкай перадач. Яны не плануюць ездзіць на «механіцы», ім лягчэй здаваць на «аўтамаце». Мы пайшлі насустрач такім прапановам, і па жаданні можна выбраць, на аўтамабілі з механічнай ці аўтаматычнай каробкай перадач вы будзеце здаваць іспыт. Тым, хто здае «на аўтамаце», будзе выдавацца пасведчанне з правам кіравання толькі аўтамабілем з аўтаматычнай каробкай перадач, права на кіраванне «механікай» яно не дае. Дзіўна, але некаторыя выступаюць нават супраць гэтага новаўвядзення.

Таксама прапануецца тэрмін дзеяння бестэрміновых пасведчанняў кіроўцы, якія выдаваліся ў савецкія часы, устанавіць да 1 студзеня 2020 года, пасля чаго яны будуць прызнавацца несапраўднымі. Гэтаму некалькі прычын. Паколькі такія пасведчанні выдаваліся вельмі даўно, іх няма ў базе ДАІ. Ідэнтыфікаваць кіроўцу па іх складана: пазнаць па фотаздымку, на якім 18-гадовы хлопец, сённяшняга 60—70-гадовага мужчыну часам немагчыма. Пры абмене пасведчанняў звычайна ажыццяўляецца кантроль за своечасовым праходжаннем медыцынскага агляду, а калі людзі не мяняюць пасведчанне, сачыць за гэтым складана.

Праект змяненняў у закон прадугледжвае выдачу пасведчанняў міжнароднага ўзору. Згодна з Венскай канвенцыяй аб дарожным руху, наша краіна прызнае нацыянальныя пасведчанні кіроўцаў іншых дзяржаў, а яны ў сваю чаргу — беларускія. Але ёсць шэраг краін, якія не ратыфікавалі гэту канвенцыю, напрыклад Іспанія, а таксама краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і шэраг іншых. Таму пры жаданні, калі вы выязджаеце ў адну з такіх краін і збіраецеся там карыстацца аўтамабілем, можна атрымаць такое пасведчанне. Гэта звычайная адміністрацыйная працэдура. На тэрыторыі Беларусі і ў краінах, якія ратыфікавалі Венскую канвенцыю, дзейнічае наша нацыянальнае пасведчанне кіроўцы.

Усё больш у нашай краіне з'яўляецца мотаўсюдыходаў, з імі ўжо здараліся ДТЗ. Гэта цяжкія машыны, і наступствы могуць быць самыя сур'ёзныя. Таму плануецца надаваць права кіравання такімі транспартнымі сродкамі. Яны будуць аднесены да катэгорыі трактараў і самаходных машын, гэта дадатковыя катэгорыі H і І. Права кіравання можна атрымаць з 17 гадоў. Спецыяльнага навучання тут не прадугледжана. У выпадку, калі кіроўца ездзіць на транспартным сродку любой катэгорыі, за выключэннем мапедаў і лёгкіх матацыклаў, ён можа кіраваць і мотаўсюдыходам.

Дзе і да якога тэрміну можна выказаць свае заўвагі і прапановы?

Афіцыйнае абмеркаванне праекта змяненняў у закон «Аб дарожным руху» працягнецца да 23 мая на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале pravo.by. Пасля Міністэрства ўнутраных спраў прааналізуе прапановы і меркаванні. Затым праект закона з улікам паправак грамадзян накіруюць зацікаўленым ведамствам. Пасля дакумент будзе дапрацаваны і ўнесены на разгляд у Савет Міністраў і парламент.

Алена КРАВЕЦ

Фота БЕЛТА, Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Дысцыплінаваць ліхачоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.