22 Ліпень, нядзеля

Вы тут

Чаго нам зноў не хапіла на «Еўрабачанні»?


Адшумеў, адспяваў чарговы — ужо 63-і — міжнародны песенны конкурс «Еўрабачанне». Артысты і фаны даўно раз'ехаліся з Лісабона па сваіх краінах, цярпліва чакаючы, чым гэткім здзівіць налета краіна-пераможца Ізраіль. А вось для Беларусі пятнаццатая спроба замахнуцца на крышталёвы мікрафон атрымалася да крыўднага беспаспяховай. Як падлічылі крытыкі, выступленне ўкраінца Мікіты Аляксеева, які сёлета прадстаўляў нашу краіну, дало адзін з найгоршых для нас вынікаў — 16-е месца ў паўфінале і 37-е — у агульным заліку. Што не так у кансерваторыі, і якія ўрокі «Еўрабачання» мы ўпарта не вучым?


Вы­пра­ба­ван­не 20-ты­сяч­най «Ал­ціс-Арэ­най» пра­хо­дзіць да­лё­ка не кож­ны ар­тыст.

Ніжняй бялізны для шоу мала

Колькі гадоў беларусы выступаюць на еўрасцэне, столькі доўжацца спрэчкі: ці трэба рабіць з выступлення яскравае шоу, каб зачапіць тэлеаўдыторыю, альбо дастаткова толькі адной, але выдатнай песні?

Зірнём на прыклады. Трэнд «Еўрабачання-2018» — эфектныя паўпразрыстыя сукенкі ў тон з бялізнай. Іх сёлета было так многа, як быццам спявачкам сказалі, што гэта новы дрэс-код. Але ведаеце, што цікава? У фінал з усіх смела распранутых паненак трапіла толькі адна, прадстаўніца Славеніі. І тое таму, што да сукенкі і ніжняй бялізны дадаваліся «фішка» з выключэннем гуку і ўпэўненае жывое выкананне. Альбо ўзяць эстонку Эліну Нячаеву. Яе сукенка-экран вагой у 8 кілаграмаў і плошчай спадніцы ў 53 метры, канешне, забяспечыла карцінку. Але наўрад ці яна спрацавала б, калі б не бездакорны оперны вакал спявачкі — прывітанне з фільма «Пяты элемент».

Ад спя­ва­чак у ніж­няй бя­ліз­не, мяр­ку­ю­чы па вы­ні­ках «Еў­ра­ба­чан­ня», гле­да­чы, а тым больш пра­фе­сі­я­на­лы му­зы­кі ўжо ста­мі­лі­ся. На фота прадстаўніца Славеніі.

Зрэшты, тое самае датычыцца і мужчын-выканаўцаў. Сурова-абаяльны датчанін Расмусен растапіў мноства жаночых сэрцаў далёка не падведзенымі чорным вачыма. Аўстрыец Сезар, італьянцы Эрмаль і Фабрыцыа, швед Бенджамін наогул не выкарыстоўвалі ніякіх грувасткіх дэкарацый і нават падтанцоўкі — але ўсе ўвайшлі ў топ-10. А ўкраінец Меловін, чый нумар з труной-раялем і палаючай лесвіцай стаў адным з самых запамінальных выступленняў на конкурсе, у выніку толькі 17-ы... Значыць, чагосьці таксама не хапіла?

Парваць на сабе кашулю, распрануцца да немагчымасці, застрэліцца ружамі, зладзіць вогненны феерверк, скарыстаць робатаў ці галаграму — усё гэта «фішкі», якія могуць спрацаваць, а могуць і падвесці. Аднак калі ў артыста няма глыбіннай харызмы, стрыжня і веры ў свае сілы, то хваляванне і фальшывыя ноты дакладна перакрыюць любую крэатыўную рэжысёрскую задумку.

Хар­ва­тыя.

Спевы і сэнсы

Па старой звычцы многія называюць «Еўрабачанне» шоу для хатніх гаспадынь і конкурсам фрыкаў, дзе песня стаіць на апошнім месцы. Але гэта, прынамсі ў апошняе дзесяцігоддзе, далёка не так. З кожным годам павялічваецца колькасць артыстаў, якія вязуць на конкурс з больш чым 200-мільённай тэлеаўдыторыяй не проста «хоп-хей, ла-ла-лэй», а песню з дадатковым сэнсам, або, як гаворыць пакаленне хіпстараў, месэджам. Такі быў і ў пераможцы 2015 года Монса Зелмерлёва, які заклікаў кожнага быць героем і абараняць слабых ад жорсткіх нападак, і ў гістарычна-палітычным хіце Джамалы, якая ў 2016-м распавяла песню — гісторыю дэпартацыі крымскіх татар 1944 года, і нават у пранізліва-лірычнай кампазіцыі леташняга пераможцы Сальвадора Сабрала быў свой месэдж — вярнуць на конкурс музыку, спяваць і слухаць яе душой...

Тэндэнцыя працягнулася і сёлета. Міхаэль Шульц з Германіі прысвяціў кранальную песню свайму памерламу бацьку, а дзяўчаты з Сан-Марына праспявалі заклік супраць булінгу падлеткаў у школах. Французскі дуэт Madame Monsіeur не выйграў конкурс, але атрымаў спецыяльную ўзнагароду за найлепшую метафару — дакладней, самыя моцныя радкі з усіх песень гэтага года. Песня Францыі «Mercy» прысвечана нігерыйскай дзяўчынцы, якой пашанцавала нарадзіцца і выжыць на судне нелегальных мігрантаў у Міжземным моры, а самі радкі гучаць так: «Я — усе тыя дзеці, якіх забрала мора, я пражыву сто тысяч гадоў, мяне завуць Мерсі». Нарэшце, дуэт музыкаў з Італіі таксама выйграў Сан-Рэма і ўвайшоў у топ-5 «Еўрабачання» не проста так. Песня нарадзілася пасля тэрарыстычнай атакі ў Манчэстары год таму і ўвабрала ў сябе боль мноства сучасных тэрактаў і ваенных канфліктаў. Атрымаўся надзвычай моцны хіт, а разам з ім і танец супраць страху. Кліп на песню ў інтэрнэце паглядзелі ўжо звыш 20 мільёнаў чалавек, а на «Еўрабачанні», кажуць, нават цынічныя журналісты слухалі яе са слязьмі.

Сан-Ма­ры­на.

Але найбольш яркі і кідкі месэдж быў у пераможцы — ізраільцянкі Неты Барзілай, аўтары песні якой скарысталі тэму сексуальнага пераследу. Кан'юнктура? Быць можа. Аднак гэта песня мае ўжо звыш 43,3 мільёна праглядаў на YouTube і па расповедах маіх сяброў і знаёмых з розных краін, як вірус, гучыць з кожнага прасу, у тым ліку з тэлефонаў падлеткаў.

Словам, гэта ўсё да чаго? Трэба дакладна ведаць і разумець, што артыст хоча сказаць публіцы. І гэта «штосьці» мусіць быць значна, значна больш глыбокім, чым проста «паглядзіце на мяне, у мяне класная песня». Нават у конкурсах прыгажосці знешнасць перастае быць адзіным важным крытэрыем — дык чаму ў песенным конкурсе трэба трэніраваць толькі вакал, а не пасыл? Няма яго — трэба змадэляваць, прыдумаць або шукаць таго, каму і прыдумляць не трэба. Памятаеце леташняе выступленне Navіband? Ксюша і Арцём хацелі прадэманстраваць Еўропе прыгажосць беларускай мовы і зрабілі гэта — натуральна, ненатужна, нясорамна паказалі беларусаў нават лепшымі, чым мы самі сябе лічым.

Азер­бай­джан.

Каб любіць Беларусь нашу мілую

Асабіста я далёкая ад звышаптымізму, з якім украінскі прадзюсар Алег Баднарчук назваў выступленне свайго падапечнага перамогай (над сабой). Аднак і «найгоршым вынікам Беларусі на конкурсе» спевы юнага Мікіты Аляксеева таксама кляйміць не збіраюся — былі, былі ў нашай нядоўгай еўравізійнай гісторыі тыя, за каго значна больш сорамна. На жаль, атрымаць каментарыі ад прадстаўнікоў артыста не атрымалася; ён працягвае гастрольны чос: сёння выступае ў Адэсе, заўтра ў Маскве, а там не за гарамі чарговая музычная прэмія маячыць. Прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі таксама вырашылі захоўваць маўчанне і каментаваць вынікі «Еўрабачання-2018» не сталі. Што ж, паспрабуем зрабіць высновы самастойна.

Мяркую, калі б ALEKSEEV'а (ці любога іншага легіянера) у гісторыі Беларусі на «Еўрабачанні» не было, яго варта было б прыдумаць. І нават не таму, што легіянеры бываюць рознага ўзроўню, і на беларускую вуліцу таксама аднойчы можа прыйсці свая Элені Фурэйра — гарачая грачанка албанскага паходжання, якая сёлета ледзь не падарыла перамогу Кіпру.

Пачнём з таго, што гэта першы падобны — а таму асабліва карысны — вопыт для нашых тэлевізійнікаў. Не ўмешвацца наогул у працэс падрыхтоўкі, даць творчую свабоду і паглядзець, што атрымаецца — у выпадку са «сваім» артыстам такое не пракаціла б, бо зразумела, на каго ў выніку зваляць усякую няўдачу і марнатраўства дзяржаўных грошай.

Не толь­кі мы ка­пі­ру­ем ін­шых. Хто за­ру­чыц­ца, што пры­чос­ка Не­ты з Із­ра­і­ля не пад­гле­джа­на ле­тась у бе­ла­рус­кі Ксе­ніі Жук?

Па-другое, наяўнасць замежных канкурэнтаў мабілізуе айчынных аўтараў і выканаўцаў. З аднаго боку, каб разварушвалі шоу-бізнес не толькі ўнутранымі скандаламі, а ўдарна працавалі часцей, чым раз на год, і не дасылалі на нацыянальны адбор шэдэўры, ад якіх часам вушы вянуць. (Не згодныя? Перагледзьце інтэрнет-трансляцыі адбораў апошніх гадоў.) З іншага — каб тыя самыя артысты, нарэшце, пераканаліся, што «Еўрабачанне» — не «Славянскі базар», а прынцыпова іншы конкурс з іншай публікай і напружанымі ўмовамі, у якіх пеўня можа даць нават раскручаная «зорка эстрады»: усе гэта пачуюць і крыўдна абмяркуюць у сацсетках.

Нарэшце, гэты вопыт карысны і для беларускіх гледачоў. Проста, каб запомніць, што «легіянер» ахвотна прыме словы падтрымкі і захапленне фанатаў, а вось ад нашай крытыкі яму, хутчэй за ўсё, не будзе ні горача ні холадна. У адрозненне ад тых артыстаў, каму тут яшчэ жыць і выступаць.

Замест маралі

Давайце зноў прыгадаем, што шлях да поспеху цярністы не для нас адных. У Літвы з 1994 года найлепшы вынік — як і ў беларусаў, 6-е месца ў фінале, Албанія за 15 гадоў удзелу толькі аднойчы станавілася 5-й, у Славеніі за 25 год — дзве дыскваліфікацыі і найлепшы вынік 7-е месца, Сан-Марына наогул за дзесяць гадоў толькі аднойчы прабівалася ў фінал. Ну і Партугалія, якая ішла да трыумфу 49 гадоў — больш, чым Маісей вадзіў свой народ па пустыні... Так што, спадарства, не тыя нашы гады і вопыт, каб скардзіцца на лёс!

Што рабіць налета — адмовіцца ад удзелу наогул і вырошчваць уласных Сальвадораў Сабралаў, прызначыць аднаго кандыдата закрытым адборам альбо зноў дапусціць у яго ўсіх ахвотных — вырашаць Белтэлерадыёкампаніі як адзінаму ў краіне ўдзельніку Еўрапейскага вяшчальнага саюза. У артыстаў застаецца свабода выбару: падпісвацца на гэта (і адпаведна прымаць правілы гульні) ці пастаяць убаку. Ну а мы, гледачы, можам альбо падтрымаць кагосьці з выканаўцаў рублём і ўсёй душой, альбо ляніва сачыць з канапы за чарговымі калямузычнымі скандаламі і інтрыгамі. А калі вынік будзе зусім ужо не даспадобы, ёсць ідэальнае выйсце: выключыць тэлевізар.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота eurovіsіon.tv

Загаловак у газеце: Бац, бац і — міма!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Як гродзенская прыгажуня стала чэмпіёнкай свету.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Сустрэча з каралевай, пад нумарам адзін і правіла ды выключэнне.

Грамадства

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы.