Вы тут

Асабістая падсобная гаспадарка становіцца спосабам утрымання сям'і


Хоць Тамашоўскі сельсавет самы аддалены ў Брэсцкім раёне — адлегласць да горада складае
60 кіламетраў — тут зусім няшмат зямлі, якую можна аддаць пад асабістую падсобную гаспадарку. Сельсавет «заціснуты» паміж дзвюма суседнімі дзяржавамі — Польшчай і Украінай. На карце яго выцягнутая з поўначы на поўдзень тэрыторыя акрэслена з двух бакоў дзяржаўнымі межамі. Напрыклад, выехаўшы з Орхава, можна было б за чвэрць гадзіны пабываць у трох дзяржавах — каб не строгі памежны рэжым, вядома.


Мі­ка­лай Ла­го­дзіч, Юрый Па­на­са­вец, Ігар Ла­го­дзіч да­гля­да­юць бу­я­кі.

Доўгатэрміновая арэнда

Кожны лапік зямлі тут на ўліку. А людзей, якія хочуць працаваць на зямлі, хапае. Рашэннем сельвыканкама ўчасткі перадаюцца грамадзянам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, а таксама для агародніцтва, у часовае карыстанне да 10 гадоў альбо ў арэнду. У кожным выпадку заява разглядаецца індывідуальна і прымаецца адпаведнае рашэнне. Часцей людзі звяртаюцца, каб узаконіць свой «агарод», якім яны карыстаюцца шмат гадоў. Гаворка ідзе пра 15, 20, 30 сотак зямлі, размешчаных побач з домам. Вядома, такія ўчасткі перадаюцца ў пажыццёвае спадчыннае карыстанне.

Але цяпер з'яўляецца ўсё больш людзей, якія падсобную гаспадарку робяць асноўным заняткам. Вяскоўцы выбіраюць сабе для вырошчвання якую-небудзь сельгаскультуру, займаюцца ёй амаль што прафесійна, з выкананнем тэхналогіі, а ў выніку атрымліваюць добры ўраджай і адпаведны прыбытак. Такія гаспадары бяруць да трох гектараў зямлі, якая выдзяляецца ў арэнду на доўгі тэрмін, звычайна на 50 гадоў, у асобных выпадках — на 90 гадоў. Гэта фактычна азначае пажыццёвае карыстанне. Гаспадар плаціць фіксаваны падатак за карыстанне зямлёй і лічыцца занятым. Хоць яму не налічваецца працоўны стаж, але і ў шэрагі непрацуючых грамадзян ён не трапляе.

Было б па меншай меры дзіўна называць утрыманцам чалавека, які працуе на зямлі ад цямна да цямна. Такіх гаспадароў нямала ў Тамашоўскім сельсавеце. З адным з іх, Сяргеем Глушуком, мы сустрэліся ў полі каля вёскі Орхава. Поле Глушукоў шчыльна прымыкае да лесу, дзе стаіць вялікі інфармацыйны стэнд. Апошні папярэджвае аб забароне наведваць лес, бо гэта ўжо памежная тэрыторыя. Мабыць, таму гэты кавалак зямлі паміж вёскай і пагранзонай гістарычна заставаўся нібы і нічыйным. Сельгаспрадпрыемства не праяўляла цікавасці не толькі праз блізкасць мяжы, але і праз балоцістасць участка. Таму калі вырашылі асвойваць зямлю, найперш заняліся меліярацыяй. «Гаспадар выкапаў сажалку, куды сышла лішняя вада. Ну і значна палепшыў участак, акультурыў яго», — расказала карэспандэнту МС старшыня Тамашоўскага сельскага Савета Алена БУРАК.

Працуем разам

Тры сям'і — Сяргей Ульянавіч з жонкай і двое іх дарослых сыноў з сем'ямі — арандуюць цяпер шэсць гектараў зямлі, на якой вырошчваюць буякі.

— Буякі — культура для цярплівых — расказвае Сяргей Глушук. — Людзі ж прывыклі разважаць, як вядомы персанаж: ранкам грошы — вечарам крэслы. А тут трэба працаваць пяць-сем гадоў настойліва, карпатліва, а потым ужо разлічваць на дывідэнды. Гэтая культура забірае час з ранку да вечара. Раней я займаўся гандлем як прадпрымальнік, потым разводзіў рыбу. Але вось тут адчуў сябе найлепш. Падабаецца, што ўся сям'я шчыруе на зямлі побач са мной, мае сыны, нявесткі, жонка. Усе разам працуем, пралічваем рызыкі, разлічваем на нейкі вынік,— працягвае гаспадар. — Так і напішыце, што вельмі правільна зрабіла дзяржава, калі павярнулася тварам да сельскага гаспадара. Не трэба нават афармляць фермерства альбо рэгістравацца як прадпрымальнік — працуй паводле закону і атрымлівай прыбытак, які дазволіць утрымліваць сям'ю.

Родам Сяргей Глушук з суседняй вёскі. Бацькі-дзяды працавалі на зямлі, у калгасе. Таму невыпадкова гаспадар з Орхава зразумеў, што гэта менавіта яго справа. Як сказаў яго калега Аляксандр Сцепанюк: «Калі заняўся падсобнай гаспадаркай, упершыню нібы адчуў цвёрдую аснову пад нагамі». Сяргей Ульянавіч кажа, што спадзяецца атрымаць сапраўдны ўраджай, рэалізаваць яго, і ўбачыць рэальны прыбытак. Пакуль жа маладыя расліны даюць невялікі ўраджай, які толькі часткова пакрывае расходы. А іх шмат: купілі свой трактар, бо без тэхнікі апрацаваць такое поле нерэальна. Пэўныя выдаткі ідуць на паліў. Індывідуальным гаспадарам не даюць крэдыт, а ў саміх пакуль не атрымліваецца купіць аўтаматычную сістэму кропельнага паліву.

Законы — пад жыццё

Яшчэ адну праблему, якую ўзняў гаспадар з Орхава, думаю, варта агучыць. Аднойчы ў размове з ім адна чыноўніца выканкама папярэдзіла: маўляў, калі вы прыцягнеце да ўборкі ўраджаю рабочую сілу, скажам, з Украіны, — можаце страціць сваё права арэнды зямлі.

— І тады я задумаўся: а чаму? Мы ж усе ведаем, што нашы людзі ездзяць на заработкі ў суседнія краіны. А чаму наадварот нельга? Можна ж стварыць сістэму, калі такая практыка будзе выгадная і грамадзяніну, і дзяржаве. Скажам, я атрымаў ураджай, і да мяне збіраюцца прыехаць на ўборку некалькі чалавек з вёскі, якая цяпер за мяжой. Я іду ў падатковую інспекцыю, пакідаю там заяву, плачу вызначаную суму за кожнага наёмнага работніка, вырашаю фармальнасці на заставе і вязу людзей у поле... Чаму не? Думаю, вось такі падыход выглядае цывілізаваным, а не забароны і пагрозы, якія даводзіцца чуць гаспадарам. У мяне пакуль няма гэтых праблем, але яны ўзнікнуць праз пару гадоў, калі пачне прырастаць ураджай. Лічу, што надышоў час перагледзець сістэму, якая прымушае людзей ісці на рызыку і парушаць закон. Проста яго трэба падстроіць пад жыццёвыя рэаліі. І ўсё будзе добра для ўсіх, — лічыць Сяргей Глушук.

Селяхоўская кааперацыя

Побач з вёскай Селяхі таксама быў кавалак зямлі, які не выкарыстоўваўся. Гаспадарцы з вялікай тэхнікай там круціцца не выпадала, вось і застаўся ён зарастаць кустоўем паміж лясамі. Не вельмі законапаслухмяныя грамадзяне прызвычаіліся паціху вывозіць сюды бытавыя адходы. Прыбярэ сельвыканкам з дапамогай ЖКГ несанкцыянаваны сметнік, а праз некаторы час ён зноў утворыцца. Так было, пакуль чатыры гады таму названы ўчастак не ўзялі ў арэнду трое жыхароў Тамашоўкі: Ігар і Мікалай Лагодзічы і Юрый Панасавец. Узялі таксама з разлікам на вырошчванне буякоў. Першыя паўтара года новыя гаспадары вывозілі рэшткі смецця, выкарчоўвалі хмызняк, прыводзілі ў парадак зямлю. Потым пасадзілі маладыя саджанцы. І вось летась атрымалі першы, хоць зусім невялікі, ураджай.

Ігар Лагодзіч, як, дарэчы, і астатнія гаспадары з Селяхоў, мае сельскагаспадарчую адукацыю, праўда, па спецыяльнасці заатэхнік. Але, гаворыць, калі заняўся сваёй справай, адчуў пэўны азарт: хочацца эксперыментаваць, знаходзіць у інтэрнэце і літаратуры нешта новае, прымяняць на практыцы. Разам яны адвялі невялікую плантацыю пад розныя сарты маліны, экзатычную расліну годжы, ягады якой багатыя на вітаміны і карысныя для тых, хто хоча скінуць вагу. Карацей кажучы, людзі маладыя, здольныя да авантур у добрым сэнсе слова. Можа, і сапраўды іх гаспадарка стане вядомай у ваколіцы і да іх многія захочуць прыехаць па прадукцыю.

А яшчэ ў Селяхах узнікла тое, што можна назваць сельскагаспадарчай кааперацыяй. Бо гэтыя тры гаспадары купілі адзін на ўсіх трактар, зманціравалі адзіную сістэму кропельнага арашэння буякоў. І працуюць разам, спачатку на адным полі, потым пераходзяць на іншы ўчастак. Тая ж ідэя, якую некалі выкарыстоўвалі пры арганізацыі калгасаў, толькі ў значна меншым маштабе.

Наогул буякамі ў гэтай зоне людзі пачалі займацца ўжо з дзясятак гадоў таму. Хто адводзіць 30 сотак пад названую культуру, а хто, як бачым, і тры гектары. Калі выконваць тэхналогію, гэтыя ягады здольныя даваць добры ўраджай і служыць спосабам утрымання сям'і для гаспадара. Галоўнай праблемай для вяскоўца становіцца рэалізацыя вырашчанага. Пакуль гэта пытанне вырашаецца з дапамогай перакупшчыкаў, якія прыязджаюць, забіраюць ягаду ў фуры-халадзільнікі і вязуць на Расію. Калі ягаднікі падрастуць і аб'ёмы рэалізацыі павялічацца ў разы, узнікне пытанне аб стварэнні хоць бы аптовых рынкаў, як гэта зроблена, напрыклад, у Альшанах, куды прыязджаюць пакупнікі агародніны.

Святлана ЯСКЕВІЧ,

Брэсцкі раён

Загаловак у газеце: Зямля пад нагамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?