Вы тут

Навіны пра Жыллёвы кодэкс, рынак працы і меры супраць наркагандляроў


Учора падчас пасяджэння чацвёртай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дэпутаты разгледзелі восем пытанняў, сярод іх — законапраекты, звязаныя з абаронай правоў спажыўцоў, Жыллёвым кодэксам, Дэкрэтам № 1, змяненні ў Паветраны кодэкс, а таксама ратыфікацыя пагадненняў, пратаколаў і мемарандумаў з Грузіяй, Мазамбікам, Намібіяй і СНД у розных сферах.


Калі дом падлягае зносу

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандр ЦЕРАХАЎ, прадстаўляючы законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін, адзначыў, што, нягледзячы на нядаўняе прыняцце цяперашняга Жыллёвага кодэкса (у 2012 годзе), жыллёвыя рэаліі істотна змяніліся, таму неабходны актуальныя прававыя акты. Новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса не змяшчае рэвалюцыйных навін, але сістэматызуе ў адзіным дакуменце тое, што было выпрацавана за апошнія гады.

У чым жа заключаюцца прынцыповыя адрозненні новага Жыллёвага кодэкса? Напрыклад, з'явіцца магчымасць пераводу арэнднага жылля ў жылыя памяшканні сацыяльнага карыстання, але толькі для пэўнай катэгорыі грамадзян. Міністр растлумачыў, што масавасць такога працэсу не маецца на ўвазе. «Так, ёсць 11 катэгорый грамадзян, з улікам даходаў якіх прымаецца рашэнне, і сем катэгорый без уліку даходаў», — адзначыў міністр.

Акрамя таго, у праекце закона ўрэгуляваны аспекты фінансавай арэнды жылых памяшканняў, адлюстравана новая структура дзяржаўнага жыллёвага фонду (сацыяльнае жыллё, жыллё ў інтэрнатах, спецыяльныя жылыя памяшканні і арэнднае жыллё), замацаваны абавязак удзельнікаў долевай уласнасці аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП) суразмерна сваёй долі.

Дэпутаты закранулі тэму аптымальнага выбару месца жыхарства для людзей, чые дамы павінны знесці пад патрэбу забудовы іншых аб'ектаў, паколькі сёння нямала выпадкаў, калі жыхары не задаволеныя варыянтамі замены. Аляксандр Церахаў падкрэсліў, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца экспертамі і парламентарыямі падчас падрыхтоўкі праекта да другога чытання, таксама будзе ўлічвацца меркаванне розных ведамстваў і органаў. «На маю думку, было б правільна даць чалавеку магчымасць выбраць жыллё ў тым жа раёне», — дадаў ён.

Пазней, размаўляючы з журналістамі, міністр падкрэсліў, што празрыстасці пры аплаце ЖКП у інтэрнэце павінна быць больш. Гэтую пазіцыю падтрымліваюць і дэпутаты. «Увёў паказанні прыбораў уліку водазабеспячэння — і ты павінен бачыць, колькі табе налічана за ваду, — растлумачыў ён. — У канчатковым выніку перад тым як пацвердзіць свой плацеж, чалавек павінен бачыць усю структуру, за што плаціць. Па-мойму, гэта неабходна зрабіць для таго, каб у далейшым адмовіцца ад папяровых рахункаў-паведамленняў. Работа ў гэтым напрамку ідзе. Да канца года гэтую тэму ўжо пабачым».

Сітуацыя на рынку працы паляпшаецца

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ прадставіла Дэкрэт № 1 аб садзейнічанні занятасці. Так, амаль палова раёнаў з напружанай сітуацыяй на рынку працы палепшыла яе.

«На 2018 год вызначаны 48 тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, — адзначыла яна. — Вынікі першага квартала сведчаць, што ў 23 раёнах сітуацыя палепшылася, што складае 48 % ад іх агульнай колькасці. Не змянілася — у 20, пагоршылася — у пяці раёнах: у Кобрынскім, Аршанскім, Полацкім, Хойніцкім і Слуцкім».

Міністр падкрэсліла, што дэкрэт закліканы актывізаваць рынак працы, садзейнічаць працаўладкаванню ўсіх ахвотных. З гэтай мэтай ствараюцца спецыяльныя камісіі, у якія ўваходзяць не толькі дэпутаты і чыноўнікі, але і прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.

Яшчэ Ірына Касцевіч расказала, што зараз вывучаецца магчымасць пераходу на электронныя працоўныя кніжкі. Акрамя таго, дадала яна, што пакуль пашыраць спіс паслуг, за якія людзі без працы будуць плаціць па поўных тарыфах, не плануецца.

Паслабленні ў антынаркатычны закон

У кулуарах сесіі старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Валянцін МІХНЕВІЧ расказаў, што законапраект аб змякчэнні крымінальнай адказнасці за незаконны абарот наркотыкаў можа быць прыняты ў першым чытанні на вясновай сесіі, калі не будзе істотных канцэптуальных заўваг з боку дэпутацкага корпуса.

«Па законапраекце адбудзецца вялікая праца, — адзначыў ён. — Тыя прапановы, якія выказвалі дэпутаты, рэалізаваны ў гэтым праекце. Там якраз вызначаны парадак адпаведнасці пакарання здзейсненаму ўчынку».

Валянцін Міхневіч расказаў пра меркаваныя паслабленні ў законапраекце: так, у частцы 2 артыкула 328 (незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў) прадугледжана паніжэнне ніжняй санкцыі з пяці да трох гадоў, тое ж самае датычыцца і часткі 3 гэтага ж артыкула: зніжэнне мінімальнага тэрміну пакарання з васьмі да шасці гадоў.

Ён таксама дадаў, што дакумент сапраўды аб'ёмны і датычыцца не толькі наркатычных злачынстваў. Будуць вывучаны пазіцыі розных ведамстваў па гэтым пытанні, а папраўкі плануецца ўнесці яшчэ ў Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: У адпаведнасці з рэаліямі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.