Вы тут

Як гучаць галасы розных пакаленняў?


Літаратурнае аб’яднанне «Пралеска», якое вось ужо больш за паўстагоддзя дае дарогу ў вялікі свет мастацкай творчасці творцам розных жанраў, выпусціла новы калектыўны паэтычны зборнік. У ім гучаць галасы 70 паэтаў і пісьменнікаў розных пакаленняў.


Гісторыя «Пралескі» сягае яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. «Калі пацікавіцца ў пісьменнікаў-гамяльчан, якое літаратурнае аб’яднанне найперш адбілася на іх творчым лёсе, перакананы, многія адкажуць: “Наша “Пралеска”», — адзначае ў прадмове да новага выдання Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У першай частцы зборніка «Вечнае пяро» змешчаны творы Міхася Башлакова, Уладзіміра Гаўрыловіча, Анатоля Грачанікава, Дзмітрыя Кавалёва, Івана Сяркова, Юрыя Фатнева. Нікога не пакіне абыякавым «Крывавая балада» Анатоля Грачанікава. Ранейшы хлапчук-донар расказвае сыну жахлівую гісторыю пра сябе і сваіх аднагодкаў, якіх фашысты хапалі па адным і забіралі столькі крыві, што немагчыма было выжыць:

Круціўся свет у чорных плямах.

Я на траву валіўся ніц...

Навотлеў біў у сэрца прама

Крывавы шпрыц.

Трагічная споведзь героя аб былой трагедыі, з-пад улады якой яму цяжка вырвацца і цяпер...

Ці вось, напрыклад, возьмем урывак з аповесці Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», на якой не адно пакаленне школьнікаў выхоўвалася, беручы за ўзор жыццё, паводзіны і ўчынкі галоўных герояў, вясковых хлапчукоў Івана Сырцова і Санькі Макавея. Твор цікавы найперш аўтабіяграфічнымі момантамі. Нават прозвішча галоўнага героя Івана сугучнае з прозвішчам аўтара: Іван Сырцоў — Іван Сяркоў. Блізкія і назвы вёсак, дзе адбываюцца падзеі. Дзеянні разгортваюцца ў вёсцы Падлюбічы (недалёка ад Гомеля), а пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Пакалюбічы. Кожнаму цікава чытаць пра мясціны, знаёмыя з маленства!

Па-іншаму кранаюць вершы Міхася Башлакова пра яго малую радзіму. Паэт у сваёй біяграфіі адзначае: «Мая станцыя Церуха. Тут я спазнаваў таямніцы прыроды, вучыўся асэнсоўваць жыццё. Тут складаліся мае першыя вершаваныя радкі».

Там засталася хата.

Дзяцінства там блукала.

Насупраць быў калодзеж

З халоднаю вадой.

І за акном чаромха

Квітнела-балявала

І сыпала пялёсткі

Над сцежкаю маёй.

(«Далеч вячэрняя»)

Цікавыя дзённікавыя запісы розных гадоў майго земляка Дзмітрыя Кавалёва, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначылі ў 2015 годзе. Многія яго выказванні можна аднесці да афарызмаў: «Асабістая свабода думкі, не навязанай, а сваёй, думкі, дасягнутай перакананнем, на досведзе, неабходная чалавеку, як паветра, чалавек на гэта мае права, пакуль ён дыхае».

У другой частцы зборніка — «Агульны сшытак» — змешчаны творы розныя па форме і змесце. Прыемна зноў сустрэцца з творчасцю Марыны Башуравай, Івана Бісева, Валерыя Вятошкіна, Аксаны Дашкавец, Евы Дударгі, Галіны Ласаевай, Дзмітрыя Нілава, Івана Цітарэнкі, Наталлі Шэмет, Ніны Шкляравай...

Імя Ніны Шкляравай вядома не толькі ў Беларусі. Яна заснавальнік і кіраўнік школы-студыі «Малады літаратар» і таксама мая літаратурная настаўніца. Лаўрэат Расійскай прэміі імя Мікалая Мельнікава, узнагароджана дыпломам Міжнароднага конкурсу сярод педагогаў высокаадоранай моладзі «Сузор’е Ліхачова».

Вершы паэтэсы прывабліваюць шчырасцю і напеўнасцю. Кожны радок прымушае думаць, верыць, любіць, спадзявацца...

Квітней, Беларусь,

У абдымках аблокаў.

Як неба ў азерцы

Як зрэнка у воку,

Як сонейка яснае!..

Мы — твае промні,

Ліецца любові святло

У далоні.

(«Квітней, Беларусь»)

Не менш цікавы паэт з сялянскімі каранямі Іван Цітарэнка — менавіта так характарызуюць яго калегі па творчым цэху. Слесар па прафесіі, аўтар 11 кніг. Ён часты госць у школе-студыі «Малады літаратар» і сваёй роднай школе. З ім заўсёды цікава пагаварыць і паслухаць яго вершы пра набалелае, перажытае, тое, што хвалюе.

Дзяцінства з мазалём крывавым

Дасюль у сэрцы берагу,

Дзе хлапчуком маленькім, жвавым

Лапаціў зерне на таку.

(«Вясковае дзяцінства») Не магу не закрануць і творчасць складальніка гэтага зборніка Евы Дударгі, якая піша вельмі цікавыя апавяданні. У зборнік увайшло апавяданне «Абое рабое» («Два сапога пара»). Гэта драматычная гісторыя двух старых салдат, аднавяскоўцаў — Кузьмы і Міцькі, якія прайшлі ўсю Вялікую Айчынную вайну і вярнуліся пакалечанымі. Былое пакінула раны не толькі на целе, але і ў душах герояў, асабістае жыццё ў мірны час таксама не склалася. Старыя спавядаюцца ў сваіх грахах адзін аднаму, быццам у царкве, прагнучы ачысціць душу ад цяжару перажытага:

«И шли они, опираясь на костыли, как два подраненых журавля. Правая нога Кузьмы осталась в Польше, левая Змитра — в Манчжурских сопках. А на мокром песке оставались следы, словно человек очень широко шагал. Правду говорят — два сапога пара.

Жизни их так тесно сплелись в единый узел, что уже и не понять — кто прав, кто виноват... И в чём... И виноват ли?..»

Трэцяя частка з сімвалічнай назвай «Вы не чужыя тут» змяшчае творы аўтараў з Расіі і Украіны, лёс якіх звязаны з Гомельшчынай.

Чытач пазнаёміцца са шчырымі, прыгожымі, пяшчотнымі вершамі Леаніда Севера, члена Саюза пісьменнікаў Расіі, які стаў заснавальнікам фестывалю «Берагі дружбы», што збірае пісьменнікаў і паэтаў Беларусі, Расіі і Украіны. Некаторы час паэт з бацькамі жыў у Гомелі, таму Беларусь лічыць сваёй другой Радзімай:

...Здесь юность моя той же стежкой бредёт,

А хлеб по-особому вкусен,

И сойка поёт, и солнце встаёт

Над милой моей Беларусью.

(«Гость...») У кароткай рэцэнзіі немагчыма ўдзяліць увагу кожнаму аўтару калектыўнага зборніка, у якім шмат запамінальных празаічных і паэтычных твораў. Каб зразумець і адчуць адметнасць кожнага, трэба чытаць удумліва, нетаропка... А шырыня і разнастайнасць прадстаўленых жанраў, сюжэтаў і тэм задаволіць густ самага патрабавальнага чытача.

 Настасся ДАРОШЧАНКА

Загаловак у газеце: Пялёсткі над сцежкай...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.