Вы тут

Акультаскоп ад медыума


Паміж фэнтэзі і ваенна-прыгодніцкай прозай

У сталічным выдавецтве «Рэгістр» пабачыла свет кніга Міхаіла Лучыцкага «Акультаскоп штандартэнфюрэра» («Оккультоскоп штандартенфюрера») — неверагодна цікавы твор, вызначэнне жанру якога знаходзіцца недзе паміж фэнтэзі і ваенна-прыгодніцкай прозай. Выдавецтва «Рэгістр» на працягу некалькіх апошніх гадоў праводзіць конкурс «Першая глава», асноўная мэта якога — адкрыццё і прасоўванне новых беларускіх аўтараў. Міхаіл Лучыцкі ўдзельнічаў у гэтым конкурсе двойчы, і абодва разы быў заўважаны і адзначаны членамі журы. Яго кніга «Месца на рэі» («Место на рее») трапіла ў эпіцэнтр вострай палемікі, па розных палюсах якой былі як заўзятыя праціўнікі, так і гарачыя прыхільнікі.


Міхаіл Лучыцкі не стаў пераможцам, але я спадзяюся, што гэты твор усё ж выйдзе асобнай кнігай, і чытач зможа паглыбіцца ў дзівоснае змяшэнне часоў і падзей! Аўтар то зацягвае ў напоўненае прыгодамі жыццё марака куртуазнага стагоддзя, то заглыбляе ў суровую рэальнасць насычаных духам крымінальнай рамантыкі 1990-х гадоў... А якія персанажы насялялі два гэтыя светы, якія тыпажы — цэлая галерэя яркіх вобразаў. Падзеі адбываліся паралельна, кожнай главе папярэднічаў заліхвацкі эпіграф, і нейкім чынам з усяго гэтага стракатага россыпу дакладных назіранняў, дэталяў, відавочных прыдумак складалася мазаічная, але адначасова і гарманічная карціна. Альбо — вітраж: усе падзеі «Месца на рэі», нягледзячы на выкарыстанне ненарматыўнай лексікі і сцэн, магчыма, здольных некага збянтэжыць сваёй шчырасцю, падсвечвалі розум, дабрыня і смутак аўтара.

Перакананая: у кожнай кнізе паміж радкоў можна прачытаць біяграфію пісьменніка. Хай сабе гэта будуць не дакладныя даты і адсылкі да канкрэтных здарэнняў, але тое, як чалавек жыў, сталеў, выхоўваўся, пра што марыў, чаго баяўся, што, урэшце, пераадолеў, — у чаргаванні літаратурных падзей заўважыць можна. Трэба проста ўважліва чытаць, а творчаць Міхаіла Лучыцкага схіляе да ўважлівага прачытання. Аповесць «Акультаскоп штандартэнфюрэра» таксама прайшла праз конкурс «Першая глава» і трапіла ў кола лідараў. Як сёння кажуць, не хочацца «спойлерыць», нават крыху намякнуўшы на развіццё сюжэта. Але невялічкую «заманку» для чытача ўсё ж сабе дазволю. Цэнтральны персанаж штандартэнфюрэр Эйнарх фон Талгофер, член «Ананэрбэ» — акультна-навуковай суполкі, у якой ён быў вольным медыумам і якая падпарадкоўвалася СС. Акультаскоп, вынайдзены медыумам, павінен быў вымяраць духоўную моц праціўніка, а калі больш дакладна — гераізм, каб накіроўваць у месцы яго найбольшай канцэнтрацыі галоўную сілу ўдару. Аднак сапраўдныя героі кнігі — савецкія салдаты: беларус Аляксей Перасёлкін і яго баявыя таварышы Сагатбек Кудайсарымаў, Залман Альбальц, «хахол» Сцепурэнка.

Гэта аповесць пра Другую сусветную вайну, але не ў агульнапрынятым, традыцыйным, асабліва для беларускай літаратуры, ракурсе. Па сутнасці, гаворка ідзе не толькі пра вайну, але і пра адвечнае супрацьстаянне Дабра і Зла. Нават заглыбіўшыся ў містыку, аўтар застаецца адданым праўдзівасці гістарычных фактаў і прыгожа — іншага слова не знойдзеш — знітоўвае вымысел і рэальнасць. Таму, акрамя цалкам зразумелага чытацкага азарту, «Акультаскоп штандартэнфюрэра» выклікае і іншыя, значна больш высокія — патрыятычныя — пачуцці. Пры гэтым абыходзіцца без звычайных у такіх вападках прыёмаў. Яго героі не плакатныя, не лубачныя... Магчыма, крыху дзіўныя, аднак запамінальныя. «Кладуцца на сэрца» з усімі сваімі асабістымі шурпатасцямі і недасканаласцямі.

Варта асобна адзначыць, што аповесць Міхаіла Лучыцкага — вельмі «мужчынская» літаратура: яго мова, стыль па-мужчынску стрыманыя і так жа па-мужчынску рэзкія, без залішніх прыгожасцяў і сантыментаў. Суровы рамантык Лучыцкі ўмее пісаць пра радзіму і каханне так, што выклікае ў чытача самы шчыры водгук. І жаночыя вобразы ў яго атрымліваюцца часам нават лепей за мужчынскія. Чаго вартая хаця б цудоўная і такая родная бабка Тэкля з «Акультаскопа...»!

У гэтай кнізе чытач знойдзе для сябе шмат новага: малавядомыя гістарычныя пласты, незвычайных, нестандартных герояў, новую літаратурную мову, дзе — і рамантыка, і гумар, і патэтыка, і непадробны, непаказны патрыятызм. Урэшце — усё тое, у чым ёсць патрэба і ў літаратуры, і ў жыцці — сёння і заўсёды.

Юлія ЛЯШКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.