Вы тут

Паралельныя, альбо калі перасякаюцца лініі вершаў і лініі карцін


Аб’яднанне слоў і фарбаў у адной прасторы. На выстаўцы мастачкі і паэта Алены Зінскі «Лініі жыцця» ў галерэі «Універсітэт культуры» пануе лета. Уваходзіш у прастору — і быццам накрывае цёплым паветрам, што сыходзіць з работ. Мастачка, абстрагуючыся ад усіх праблем, прапануе гледачам паглыбіцца ў свет яркіх фарбаў і адценняў.


«Шампанскае», 2018 г.

Над праектам аўтар працавала менш за год. Выстаўка стала матывацыяй для стварэння новых работ, абсалютна непадобных на папярэднія. Год таму, калі Алена Зінскі прэзентавала першы праект у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, яна змагла заваяваць аўтарытэт у творчай супольнасці краіны. І працягнула актыўную дзейнасць як у мастацкім, так і ў паэтычным кірунку. Новая экспазіцыя стала не проста крокам наперад, — падрыхтоўка да яе натхніла на ўдасканаленне прафесійнага майстэрства. Праект «Лініі жыцця» стаў доказам самой сабе, што ў творчай скарбонцы яшчэ шмат ідэй і задум.

— На выстаўцы я стаўлю паэзію на роўных з мастацтвам. На папярэдняй выстаўцы вершы падаваліся ў маленькім фармаце, цяпер яны дэманструюцца ў маштабнай форме, — гаворыць Алена Зінскі. — Яны паўнапраўныя ўдзельнікі экспазіцыі. У выстаўкі ёсць пэўная канцэпцыя: калі першы праект «Часткі цэлага» быў пра ўсё, што са мной адбывалася раней, то «Лініі жыцця» звязаны з маім лёсам пасля нараджэння сына.

У Алены Зінскі неверагодна моцная энергетыка. Яе творы — колазварот падзей, думак, формаў, стыхій. Завуаляваныя сюжэты раскрываюцца з дапамогай паэтычных радкоў аўтара, сімвалічна размешчаных побач з серыямі мастацкіх твораў.

— Калісьці даўно я прыняла для сябе рашэнне — імкнуцца да святла, каб мае паэзія і жывапіс былі напоўнены пачуццём жыцця, — расказвае аўтар. — Некаторыя мастакі адлюстроўваюць на палотнах унутраны стан, я ж не імкнуся. Вядома, прытрымліваюся эмоцый, але не выказваю іх прама, а ператвараю ў настальгію, энергію. У гэтай выстаўцы мне хацелася падзяліцца святлом і падарыць яркасць. У першым праекце я больш звярталася да графікі. Цяпер адмовілася ад графічнага эфекту і звярнулася да лета і цяпла.

Творчасць Алены Зінскі пабудавана на псіхалагічных аспектах, каларыстыка яе работ можа дапамагчы чалавеку адчуць радасць моманту, унутранае шчасце. Гэта можна сказаць і пра паэзію. Пры ўваходзе ў выставачную прастору глядач сустракаецца з вершаванымі радкамі: «Я боюсь высоты. Я сверну для тебя горы», якія правакуюць цікавасць.

— Я была на шматлікіх выстаўках свету і ведаю, як мастацтва ў спалучэнні з маляўнічай і паэтычнай формамі можа літаральна ажываць, — тлумачыць Алена. — Калісьці мне здавалася, што трэба выбіраць нешта адно. Але цяпер разумею: няма дакладных прычын, праз якія я магла б адмовіцца ад жывапісу альбо паэзіі.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.