Вы тут

«Раскрыццё» любові, альбо Нецяжарным уваход дазволены


Тэатральныя прэм’еры апошнім часам радуюць сваёй тэматычнай разнастайнасцю. У цэнтры ўвагі новага спектакля незалежнага тэатральнага праекта «HomoCosmos» «Раскрыццё» — тэма цяжарнасці і родаў. Аднак на прэм’еру мы раім завітаць усім: і цяжарным, і нецяжарным; і мамам, і жанчынам, далёкім ад мацярынства; і мужчынам, дарэчы, таксама. Бо «Раскрыццё» — спектакль не толькі пра нараджэнне новага чалавека.


Прэм’ера імкнецца стварыць шырокі грамадскі дыскурс вакол праблем цяжарнай жанчыны. Бо сёння яны абмяркоўваюцца толькі ў вузкім коле: у інтэрнэт-форумах, вайбер-чатах, групах у сацыяльных сетках, дзе цяжарныя жанчыны могуць колькі заўгодна гутарыць пра свае беды з такім ж, як самі. Але ж з’яўленне новага чалавека на свет павінна турбаваць не толькі цяжарную жанчыну, але і яе блізкіх, і сістэму аховы здароўя, і, дарэчы, усіх нас. Хіба не так? Аўтарка Алёна Іванюшэнка і рэжысёрка Наталля Леванава самі не так даўно сталі мамамі, таму добра ведаюць усе падводныя камяні цяжарнасці. Героі «Раскрыцця» падчас гульні, задача якой — нарадзіць (ат, ну што можа быць прасцей?), сустракаюцца з абыякавасцю і грубасцю медработнікаў, з неразуменнем блізкіх. Яны застаюцца самнасам са сваім страхам перад будучыняй, у чысцюткай адзіноце.

Вострыя куты рэальнасці прэм’ера высвечвае пры дапамозе сатыры і эмацыянальнага напору. Часам падаецца, што гумару і эмоцый у спектаклі нават зашмат. Вось ты смяешся, а вось табе ўжо так балюча, што на вачах па-здрадніцку паблісквае сляза. Аднак такія эмацыянальныя арэлі зусім не псуюць уражання ад прэм’еры. Можа, таму што гумар у спектаклі — высокай якасці? Можа, таму што аскетызм дэкарацый і відэакантэнту неяк згладжваюць агульную эмацыянальнасць карціны? А можа, таму што эмоцыям акцёраў сапраўды верыш? Яны прыйшлі ў праект з розных мінскіх тэатраў і сталі сапраўднай камандай. Яны — гэта Алена Зуй-Вайцяхоўская (Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр), Крысціна Дробыш (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), Максім Дубоўскі (Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр), Кацярына Бондарава (акцёрка тэатра і кіно). Заўважна, з якім кайфам акцёры працуюць на сцэне, як паглыблены ў матэрыял. Вельмі хацелася б, каб гэтага добрага драйву ім хапіла не толькі на прэм’ерныя паказы.

Акцёры ўдала вымалёўваюць перад намі цэлую галерэю сакавітых вобразаў, якія дакладна яшчэ надоўга застануцца ў вашай памяці: хамаватая маладая медсястра, гарбатая доктарка, злая на ўвесь свет і яўна не зацікаўленая ў тым, каб сапраўды дапамагчы вам, малады муж, які больш заклапочаны павышэннем на працы, чым праблемамі сваёй цяжарнай жонкі, маці цяжарнай жанчыны, якая толькі і можа, што лапатаць пра сваё стаўленне да жыцця і зусім няздатная зразумець сваю дачку. Можа падацца, што спектакль, ствараючы такія вобразы, паказвае не рэальнасць, а толькі адзін яе бок, да таго ж робіць гэта надта канцэнтравана. Аднак адна гераіня адзначае, што цяжарную жанчыну ў бальніцы могуць сустрэць і зацікаўлены ў сваёй працы ўрач, і чулая медсястра. Ключавое слова тут — «могуць»... Што ж датычыцца канцэнтраванасці, то ўспомніце свой апошні паход у паліклініку. Напэўна, у вашага ўрача ўсё ж такі не было гарба, але ж ці паглыбіўся ён у вашыя праблемы? Можа, проста выпісаў вам звыклы для самога сябе рэцэпт, які выпісвае ўжо трыццаць гадоў? Ці прыгадайце апошнюю размову са сваёй мамай. Гэта была сапраўдная размова ці перакід стандартнымі пытаннямі і фразамі?

Ад тэмы цяжарнасці «Раскрыццё» пераходзіць да больш шырокага пытання — чалавечых адносін увогуле. Спектакль заўважае малапрыемную тэндэнцыю: мы жывём толькі сваімі праблемамі, поглядамі і думкамі, і на астатніх людзей, нават на самых блізкіх, не застаецца ўвагі і любові. Здавалася б, песімістычная выснова, але ж пасмакоўе ад спектакля атрымалася, наадварот, аптымістычнае. У сваім водгуку пасля прэм’еры адна з глядачак напісала словы, якія вельмі ўдала характарызуюць эфект «Раскрыцця»: «Уся ў любові. Да сябе і свету ва ўсіх яго праявах!» Што тут можна дадаць? Хіба што маленькую параду — глядзець спектакль у кампаніі блізкага чалавека: мужа, жонкі, мамы, сястры, брата, сяброўкі, сябра. Механізм любові тады адразу запрацуе напоўніцу.

Паліна ЛІСОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.