Вы тут

Перформеры свету запрашаюцца...


Адкрыццём новага фестывальнага кірунку ў Беларусі стане PERFORMENSK. Назва гаваркая і вельмі дакладная: фестываль будзе ўключаць такія кірункі, як перформанс, альтэрнатыўны тэатр, і эксперыментальную музыку. Для ўдзелу ў фестывалі тыя, хто жадае паказаць сябе, павінны былі зарэгістравацца. Прыём заявак скончыўся 10 мая.


Трэба прызнаць па шчырасці: гэтыя кірункі ў нашай тэатральнай прасторы можна было бачыць у межах такіх міжнародных форумаў, як найперш «Пластформа» і фестываль «ТЭАРТ». Але перформанс і іншыя формы сучаснага мастацтва хочуць заявіць пра сваё права існаваць, эксперыментаваць і несці свае думкі аўдыторыі. Нават прывучаць і выхоўваць яе ўспрымаць творчасць таго, што выходзіць за рамкі звыклай сцэнічнай прасторы. Цікава яшчэ і таму, што новыя эксперыментальныя формы, як правіла, прадугледжваюць інтэрактыў, уключэнне гледача ў кантэкст дзеі. І цікава, як гэтыя формы засвойваюцца ў нас і ў іншых краінах. Фестываль павінен гэта паказаць.

«Беларусь для шэрагу замежных мастакоў з’яўляецца нязведанай тэрыторыяй. Наша мэта — аб’яднанне мастакоў з усёй Еўропы, якія прадставяць разнастайнасць падыходаў да перфарматыўнасці мастацтва, а таксама працяг традыцый, пачатых фестывалем перформансу “Навінкі” (праводзіўся з 1999 па 2014 год). Беларускім мастакам будзе прадстаўлена магчымасць сустрэчы з калегамі, прадстаўнікамі сучаснай міжнароднай сцэны, што можа стварыць умовы для далейшага супрацоўніцтва», — такія мэты ставяць арганізатары. Сярод іх, між іншым, — міжнародная група маладых мастакоў з Чэхіі, Славакіі і Беларусі, выпускнікі і студэнты пражскай тэатральнай акадэміі DAMU (аддзяленні альтэрнатыўнага і лялечнага тэатра і перформансу), будучую імпрэзу падтрымаў культурны цэнтр «Корпус».

Прастора пасуе сутнасці фестывалю PERFORMENSK: акцэнт тут робіцца на «жывое» мастацтва. Яго павінны дапоўніць сайт-спецыфікінсталяцыі, відэа-арт, відэазапісы перформансаў.

Для пачатку абралі тэму: адкрыццё. Розныя погляды на адчуванне адкрыцця (і як яго антыпод — закрыццё) прапануецца прадставіць удзельнікам. Ёсць тут сэнс: Беларусь як краіна пачала адкрывацца для сусветнай супольнасці не так даўно. А цяпер актыўна прыцягвае наведвальнікаў: новыя законы дазваляюць замежнікам без візы знаходзіцца ў Беларусі некалькі дзён. Такім чынам краіна спрабуе больш актыўна весці дыялог са светам. Пытанні адкрытасці і закрытасці, на думку арганізатараў, даюць багатую глебу для мастацкіх рэфлексій. Фестываль прадугледжвае і нэтворкінг, калі мастакі з розных краін раскажуць пра свой творчы працэс. Але тэатр (асабліва сучасныя яго формы), як правіла, стасуецца з дыскусіямі — на іх таксама прадугледжаны час, як і на тэарэтычныя лекцыі (каб добра авалодаць формай, трэба разумець, з чаго і як яна ствараецца). Неўзабаве пабачым: фестываль PERFORMENSK запланаваны на пляцоўцы культурнага цэнтра «Корпус» напрыканцы чэрвеня. Гэта даволі плённы час у культурным жыцці Мінска наогул. Тэатр падцягваецца. Ці ўразіць праграма?

 Марыя АСІПЕНКА

Загаловак у газеце: Адкрыты рух

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».