Вы тут

Алфёрава ды Абдулаў маглі сыграць у «Дзікім паляванні караля Стаха»?


Сорак гадоў таму пачалася праца над адным з самых тонкіх, цікавых і паспяховых беларускіх фільмаў «Дзікае паляванне караля Стаха» (2 серыі, 1979, кінастудыя «Беларусьфільм»). Але ідэя экранізаваць раман Уладзіміра Караткевіча з’явілася ў рэжысёра Валерыя Рубінчыка значна раней. «Я быў узрушаны і адразу захацеў зрабіць фільм, праўда, праца пачалася праз сем гадоў».


Усе, хто працаваў з Валерыем Рубінчыкам, успамінаюць пра яго як пра чалавека не проста таленавітага, але і шырока адукаванага, які адчуваў прыроду кіно і... які бясконца сумняваўся.

Пра гэта, прынамсі, ішла размова ў культурнай прасторы ОК16 падчас творчай сустрэчы з удзелам лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР кінааператара Таццяны Логінавай і асістэнта рэжысёра на здымках фільма «Дзікае паляванне караля Стаха», рэжысёра-дакументаліста Юрыя Ківалава. Вяла вечарыну Ірына Дзям’янава, кіназнаўца, праграмны дырэктар Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». У размове ўдзельнічала Валерыя Кустава, укладальніца 16-га тома поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча (выдавецтва «Мастацкая літаратура»). Гэты том унікальны: у ім сабраныя кінасцэнарыі пісьменніка, нават да тых фільмаў, што так і не былі знятыя (напрыклад, «Гнеўнае сонца» і «Апавяданні з каталажкі»), і да стужак, што былі экранізаваныя, але самі сцэнарыі нідзе не выдаваліся. Прынамсі, цікава зразумець, якім бычыў фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» сам аўтар. І гэта можна суаднесці з тым, што ўвасобіў рэжысёр.

Сёння мы можам пераглядаць гэты фільм, адчуваючы містыку і магію, але ці задумваемся, як яна стваралася? Наколькі адказна рэжысёр ставіўся да ўсіх складнікаў працы, асабліва да таго, якія артысты будуць увасабляць герояў Уладзіміра Караткевіча...

Цікава перагартаць альбомы з фотапробамі — можна пераканацца, што часам нават на самую невялікую ролю спрабавалі пяць, сем акцёраў... І праз сорак гадоў, ведаючы вынік акцёрскага кастынгу, мы зможам пафантазіраваць: а што калі б гэтую ролю выканаў... Напрыклад, як бы ў ролі Беларэцкага замест Барыса Плотнікава выглядаў Уладзімір Гасцюхін ці Леанід Барткевіч ды Аляксандр Абдулаў, фотапробы якіх разглядаліся? А на ролю Яноўскай, якую выканала Алена Дзімітрава, аказваецца, маглі прэтэндаваць Ірына Алфёрава і Алена Коранева. Адметны быў бы дуэт Алфёравай і Абдулава, відаць. Але ці не перацягнулі б на сябе ўвагу гэтыя знакамітыя артысты, ці атрымалася б захаваць таямнічасць у фільме, дзе шмат што недагаворана і нібыта растворана па-за кадрамі? Цікава, што Дубатоўкам, аказваецца, замест Рамана Філіпава мог быць Яўген Лебедзеў... Мяркуючы па колькасці проб і шматлікіх ацэнак мастацкага савета, некаторых акцёраў рэжысёру літаральна навязвалі. Да гонару Рубінчыка, ён ніколі не ішоў на кампрамісы.

Няпроста складвалася праца і над літаратурным сцэнарыем. Першы варыянт Караткевіча быў прыняты на «Беларусьфільме» з сур’ёзнымі дапрацоўкамі. Рэкамендацыі рэдактараў і кансультантаў часам былі даволі супярэчлівыя.

На падставе ўнікальных архіўных матэрыялаў (а гэта стэнаграмы мастацкага савета, рэжысёрскі нарыс, а таксама асабістыя ўспаміны) удзельнікі ўнікальнага «сеанса памяці» паспрабавалі ўзнавіць карціну таго, як ствараўся фільм-легенда, як доўга выбіралі натуру, як мастак Аляксандр Чартовіч шукаў вобраз «дзікага палявання». Урэшце, як нарадзіўся мастацкі і тэхнічны прыём аднаго з самых яркіх эпізодаў у гісторыі нацыянальнага кіно — пагоні «дзікага палявання»...

«Для яго гэта была пастаянная, глыбокая даследчая праца. Ведаеце, яго працоўны стол быў проста завалены альбомамі па жывапісе. Літаральна кожны план мы абгаворвалі шмат разоў», — кажа кінааператар Таццяна Логінава. Існуе легенда пра тое, што Караткевіч фільм не прыняў. Ці так гэта?

А яшчэ давайце падумаем вось пра што. Ацэньваючы экранізацыю любімай кнігі, ці ўсведамляем дакладна, што маем справу з мастацкім творам зусім іншай прыроды, што прамая ілюстрацыя ніколі не перадасць галоўнае — дух, думку і атмасферу кнігі. «Немагчыма, ды і не трэба параўноўваць аповесць з фільмам, ён як спадарожнік свеціць адлюстраваным святлом сваёй першакрыніцы, у якой пры больш уважлівым разглядзе галоўным становіцца не столькі напружанасць сюжэта, што ляжыць на паверхні, колькі схаванае глыбока ўнутры духоўнае напружанне герояў у пераломныя моманты іх жыцця», — адзначаў кінарэжысёр Валерый Рубінчык.

Сёння гэтыя словы гучаць як мастацкае завяшчанне двух вялікіх мастакоў, пісьменніка і рэжысёра, яркіх, самабытных, бязмерна таленавітых і недаацэненых, на жаль, пры жыцці.

З успамінаў Валерыя Рубінчыка: «Наш фільм, магу спадзявацца, з’яўляецца цалкам самастойным творам са сваёй стылістыкай і структурай, са сваім, чыста кінематаграфічным спосабам адлюстравання рэчаіснасці. Зняць фільм па аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” тады марылі, напэўна, усе беларускія рэжысёры. Аповесць Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” зіхацела ў беларускай літаратуры, як брыльянт. Гэта была з’ява, пра якую гаварылі ўсе. Аповесць настолькі незвычайная, настолькі дзіўная і такая не падобная на ўсё, што было напісана ў беларускай літаратуры, што яе чытаў увесь свет. Думка пра тое, што трэба неадкладна экранізаваць, прыходзіла адразу. І тут здарыўся цуд. Я зняў фільм “Вянок санетаў”, які нечакана для нас атрымаў Гран-пры на Усесаюзным кінафестывалі, потым мы атрымалі прэмію Ленінскага камсамола Беларусі: я, аператар і мастак. І пасля гэтага поспеху мне прапанавалі экранізаваць “Дзікае паляванне...” Першы варыянт сцэнарыя напісаў сам Караткевіч. Але гэта быў такі своеасаблівы літаратурны сцэнарый, які я адаптаваў да кінематаграфічнай рэальнасці. Многае з аповесці туды не ўвайшло, прычым гэта было зроблена наўмысна. Выкінута было шмат дэтэктыўных ліній. У аснову ставілася, натуральна, інтрыга сюжэта. Але мы шукалі і вышэйшы сэнс. Нам падалося, што мы яго намацалі. Бо было зразумела, што такому пісьменніку, як Караткевіч, мала дэтэктыўных перыпетый, там схаваны нейкі тайнапіс, іншы сэнс, які трэба разгадаць. Адзінае, што я наўмысна змяніў, — перанёс падзеі, апісаныя ў аповесці, гадоў на 20 наперад. Фільм заканчваецца ў першы дзень ХХ стагоддзя. Мне здавалася, што так ён будзе больш востра ўспрымацца гледачом. Быў пачатак ХХ стагоддзя — стагоддзя надзеі, і наш фільм — фільм надзеі».

Адзнакі за фільм:

Гран-пры на I МКФ дэтэктыўных і містычных фільмаў «Містфест» у каталікоў (Італія, 1980).

Спецыяльны прыз журы — «За лепшую жаночую ролю другога плана» В. Шэндрыкавай на Х Міжнародным кінафестывалі фільмаў жахаў і навуковай фантастыкі ў Парыжы (Францыя, 1980).

Спецыяльны прыз журы на IV МКФ у Манрэалі (Канада, 1981).

Дыпломы на XIX Міжнародным кінафестывалі навукова-фантастычных фільмаў у Трыесце (Італія, 1981); на МКФ «Фільмэкс» у Лос-Анджэлесе (ЗША, 1981); Гран-пры на МКФ містычных і навукова-фантастычных фільмаў у Бруселі (Бельгія, 1983).

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.