Вы тут

Талент альбо цярпенне?


Сакрэты поспеху дзяцей раскрывае настаўніца музычнай школы Сёлета дзіцячая музычная школа мастацтваў No 7 святкуе шасцідзесяцігоддзе. Школа ганарыцца сваімі вучнямі: сярод іх — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, стыпендыяты маскоўскага фонду «Новыя імёны» ды пераможцы міжнародных конкурсаў. У гонар юбілею сённяшнія яе навучэнцы выступілі ў сценах Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Настаўнік вышэйшай катэгорыі Наталля Рубцэвіч (класы мандаліны, домры, балалайкі і агульнай гітары), якая працуе ў гэтай школе ўжо 18-ы год, распавяла пра запатрабаванасць пачатковай музычнай адукацыі.


— У Беларусі шмат музычных школ, але не кожная з іх можа ганарыцца паказальным выступленнем на сцэне філармоніі. Як гэта атрымалася ў вас?

 — Каб прадэманстраваць усе свае магчымасці, школе патрабавалася адпаведная пляцоўка: у нас вялікія калектывы, два аркестры, цымбальны і баянны, і развітое харавое аддзяленне. Так, 55-годдзе школы адзначалі ў Палацы прафсаюзаў. Для святкавання 60-годдзя кіраўніцтва разглядала розныя пляцоўкі, і філармонія пайшла нам насустрач. Падрыхтоўка да юбілейнага выступлення пачалася за два-тры гады: нельга арганізаваць якасны канцэрт за кароткі час і з нуля. Адміністрацыя сачыла за выступленнямі дзяцей (яны пастаянна бяруць удзел у розных фестывалях, конкурсах) і адбірала самыя яркія і цікавыя нумары, каб потым уключыць у юбілейную праграму. Такі падыход мае плён: у выніку дзеці былі ў захапленні. Па-першае, яны гралі на адной з галоўных сцэн рэспублікі. Па-другое, задаволеныя тым, што ўся праца прайшла не дарма: сабралася поўная зала, ім апладзіравалі бацькі і сябры. Пытаешся: «Будзем яшчэ выступаць?», і яны з энтузіязмам пагаджаюцца.

— Ці часта навучэнцы музычных школ працягваюць адукацыю ў вучылішчах, каледжах, кансерваторыі?

— Такія дзеці ёсць, але іх не так многа, як хацелася б. Музычная школа цяпер успрымаецца як частка агульнага развіцця школьнікаў. Далей ідуць тыя, хто сапраўды любіць музыку і мае добрыя здольнасці. У нас ёсць выпускнікі, якімі мы ганарымся, але важна, каб вучні не шкадавалі аб тым, што скончылі музычную школу. Мая мэта — не проста своечасова выпусціць падлетка «для птушачкі» ці адправіць у каледж, а дапамагчы атрымаць усебаковае развіццё. Калі захоча ісці далей — заўсёды падтрымаю, але навязваць не буду.

— Якая цяпер цікавасць да музычнай адукацыі (на прыкладзе вашай школы)?

— Штогод на нашы аддзяленні паступае прыкладна 100 чалавек. Не ўсе з іх даходзяць да выпуску, амаль палова звычайна адсейваецца на працягу навучання. Яны кідаюць музычную школу па ўласным жаданні альбо па аб’ектыўных прычынах (вялікая нагрузка ў школе, сямейныя абставіны). Самы вялікі конкурс — на гітару, фартэпіяна, скрыпку і флейту, набіраюць папулярнасць ударныя інструменты, прывабліваюць харавое аддзяленне, вакал. Не пазбаўленая ўвагі і балалайка: убачаць народных музыкаў у фільме або мульціку, і хочуць навучыцца на ёй граць. Баян, акардэон таксама знаходзяць сваіх прыхільнікаў, бо гучаць гучна і весела. Радзей самі выбіраюць домру і віяланчэль. Калі маленькі абітурыент прыходзіць да нас з канкрэтным жаданнем граць, прыкладам, толькі на скрыпцы ці гітары, мы ўсё роўна паказваем яму баяны, акардэоны, домры, мандаліны, балалайкі, кларнеты... Некаторыя першапачатковы намер мяняюць. Часам на пэўныя інструменты ідуць таму, што яны найвядомейшыя для дзяцей, але калі сутыкаюцца са спецыфікай навучання, наступае расчараванне: класічная і прафесійная ігра значна складанейшая за «крутыя» гітарныя акорды, якія дэманструюць падлеткі.

— Школьнікі ідуць у «музыкалку» самі ці ёсць момант прымусу бацькоў?

— Пад прымусам у нас ніхто не вучыцца. Неабавязкова атрымліваць «васьмёркі» і «дзявяткі», можна прыносіць у дзённіках і ніжэйшыя адзнакі, але нам часта даводзіцца тлумачыць бацькам, што «шэсць» і «сем» — гэта таксама добрыя вынікі, бо музычныя здольнасці індывідуальныя. Тут не агульнаадукацыйная школа, дзе ўсе ведаюць, што два плюс два — чатыры. Здольнасці ў вучняў розныя, таму падыход і падбор праграмы залежыць ад канкрэтнага дзіцяці. Вучыцца гвалтам нікога не прымушаюць, але настаўнікі спрабуюць дысцыплінаваць і прышчапляць любоў да працы. Музычная школа, як і любая іншая, развівае і арганізуе, займае вольны час.

— Якое значэнне для навучання ў музычнай школе маюць першапачатковыя здольнасці? Ці могуць вучні, якія не нарадзіліся з вялікім талентам, скончыць школу не горш за школьнікаў з лепшымі данымі?

— Бывае так, што ў хлопчыка альбо дзяўчынкі адразу выдатны слух і адчуванне рытму, але яны лянуюцца. Гультаю цяжка авалодаць інструментам. Часам і наадварот: здольнасці ніжэйшыя за сярэднія, але гэта маленькі працаўнік, і яго імпэт дапамагае прасунуцца далей. Галоўнае — жаданне. Калі супадаюць здольнасці і жаданне працаваць, поспех непазбежны. Мае значэнне і кантакт з бацькамі. Каб атрымаць добрыя вынікі, сувязь павінна будавацца па прынцыпе «настаўнік — вучань — бацькі». Нельга адправіць малога ў музычную школу, толькі каб «па вуліцы не бадзяўся» і чакаць ад яго высокага майстэрства. Добра, калі мамы і таты ходзяць на канцэрты, бачаць і цэняць намаганні сваіх дзяцей, сочаць за іх падрыхтоўкай дома. Увага бацькоў да наведвання школы і адзнак у дзённіках, разуменне музычнай справы, размовы з выкладчыкамі, актыўны ўдзел у працэсе навучання заўсёды дапамагаюць дзецям дасягнуць лепшых вынікаў.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?