«Звязда» ўжо летась пісала пра нашу суайчынніцу Волю Дземку, якая 15 гадоў жыве з сям'ёй у ЗША. Дзяўчына на свае грошы і ахвяраванні 187 энтузіястаў з розных краін зладзіла фальклорную экспедыцыю на Палессе, запісала старажытныя народныя песні і зняла паўнаметражны дакументальны англамоўны фільм пра культурныя традыцыі Беларусі, якія знікаюць.
За два гады стужка «Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні» дэманстравалася на сямі міжнародных кінафестывалях, ад 50-га кінафэсту ў Х'юстане да беларускага «Лістапада», і ўзяла шэраг прэстыжных узнагарод. А сёлета, у Год малой радзімы, зноў трапіла ў Беларусь — ужо на дысках.
«Беларусы маюць непараўнальнае культурнае багацце, — падкрэслівае Воля. — Падчас аднаго вяселля, якое магло доўжыцца два тыдні, ад сватання да святочнага застолля, у вёсках выконвалася да 500 песень! На жаль, вельмі мала людзей нават у Беларусі ведаюць, наколькі старая і ўнікальная наша спеўная культура, а гэты неацэнны скарб сапраўды варты ўвагі і ўшанавання».
Праца над фільмам, згадвае Воля Дземка, доўжылася пяць гадоў: ад пошуку архіўных кадраў пачатку мінулага стагоддзя, першых здымак на Ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША, дзе прырода нагадвае беларускую, да экспедыцыі па аддаленых вёсках Гомельшчыны і Берасцейшчыны, запісу песень і дзясяткаў інтэрв'ю і канчатковага мантажу. У саўндтрэк фільма ўвайшло больш за сто старажытных песень, прадстаўленых як вясковымі калектывамі, так і прафесійнымі гуртамі — «Троіца», Guda, Vuraj ды іншымі.
Стужка выйшла на дысках на пачатку мая і ўжо заказана гледачамі з розных краін свету. Набыць яе можна таксама і ў Мінску ў этнакраме «Рагна», а пазнаёміцца бліжэй з аўтарамі і ўдзельнікамі фільма — на адмыслова створаным сайце праекта belarusіan-songs.com.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Фота аўтара фільма
Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу.
Традыцыя цягнецца больш за 20 гадоў.
ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.
Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?