22 Верасень, субота

Вы тут

Як у Малайзіі з'явіўся 92-гадовы прэм'ер


На ўсеагульных выбарах, якія прайшлі ў Малайзіі, апазіцыйная кааліцыя «Паракан Харапан» («Альянс надзеі») на чале з легендарным 92-гадовым Махатхірам Махамадам атрымала перамогу.


Пасля доўгай ночы чакання выбарчая камісія падвяла вынікі: кааліцыя заваявала неабходную для фарміравання ўрада абсалютную большасць месцаў у парламенце з 222 дэпутатаў. Паводле паведамлення мясцовых СМІ, кааліцыя атрымае 122 крэслы, у той час як урадавы альянс толькі 79. «Я прымаю вердыкт народа, я абяцаў паважаць дэмакратыю», — сказаў дзейны на той час прэм'ер-міністр Наджыб Разак. Папярэднія апытанні паказвалі, што менавіта ён падоўжыць свой мандат. СNN называе вяртанне Махамада «трыумфальным». З 1957 года большасць у парламенце Малайзіі належала партыі «Барысан Насіяналь» («Нацыянальны фронт»). Кароль Мухамад V зацвердзіў кандыдатуру новага прэм'ера. Пасля чаго доктар Махатхір Махамад прыняў прысягу ў якасці сёмага ў гісторыі незалежнай Малайзіі прэм'ера. Ён стаў найстарэйшым у свеце кіраўніком урада, які атрымаў гэтую пасаду ў выніку выбараў. Якія змены чакаюць Малайзію?

Сем султанаў і раджа

Палітычная сістэма Малайзіі мае шэраг адметнасцяў. Гэтая краіна — выбарная федэратыўная канстытуцыйная манархія, якая складаецца з 13 дзяржаў-суб'ектаў федэрацыі (штатаў) і трох федэральных тэрыторый. 11 штатаў і дзве федэральныя тэрыторыі размешчаны на паўвостраве Малака, два штаты (Сабах і Саравак) — на востраве Калімантан і адна федэральная тэрыторыя (Лабуан) — каля яго паўночна-заходняга ўзбярэжжа.

Дзевяць штатаў з'яўляюцца манархіямі. Сем з іх узначальваюцца султанамі. Правіцель штата Нягрэй-Сембілан носіць традыцыйны малайскі тытул Янг дзі-Пертуан Бесар. Кіраўнік штата Перліс мае тытул раджы. У манархічных штатах кіраўніком выканаўчай улады з'яўляецца галоўны міністр (ментэры Бесар). Кожны кіраўнік з'яўляецца таксама духоўным кіраўніком свайго штата. Астатнія чатыры штаты ўзначальваюцца губернатарамі, якія прызначаюцца цэнтральным урадам. Выканаўчую ўладу ў кожным з іх таксама ўзначальвае галоўны міністр (кету ментэры). Федэральныя тэрыторыі кіруюцца непасрэдна цэнтральным урадам.

Кожныя пяць гадоў дзевяць манархаў выбіраюць са свайго асяроддзя Вярхоўнага кіраўніка (караля, па-малайску — Янг дзі-Пертуан Агонг) і яго памочніка-намесніка (віцэ-караля) — як правіла, з меркаванняў старшынства або працягласці праўлення. Вярхоўны кіраўнік і султаны выконваюць галоўным чынам прадстаўнічыя функцыі, але ўсе законы і папраўкі, што ўносяцца ў канстытуцыю, падлягаюць іх зацвярджэнню. Асноўныя ж функцыі дзяржаўнага кіравання — за парламентам і кабінетам міністраў, які ўзначальвае федэральны прэм'ер-міністр. Дарэчы, усе міністры абавязкова павінны быць членамі парламента праз перамогу на выбарах.

Фронт не ўтрымаўся

Дзяржава Малайзія, ад якой у 1965 годзе аддзяліўся Сінгапур, атрымала ў спадчыну ад Брытанскай імперыі шматнацыянальнасць і шматканфесійнасць: у краіне, акрамя ўласна малайцаў і роднасных ім карэнных народнасцяў, якія разам складаюць больш за 62 % насельніцтва, пражываюць этнічныя кітайцы (22 % насельніцтва) і індыйцы (9,1 % насельніцтва).

Большасць насельніцтва краіны вызнае іслам, які з'яўляецца дзяржаўнай рэлігіяй. Адметна, што шэраг пытанняў, напрыклад звязаных са скасаваннем шлюбу і атрыманнем спадчыны, мусульмане вырашаюць у шарыяцкіх судах, і свецкія суды не маюць права перагляду іх рашэнняў. Аднак свабода веравызнання для немалайцаў зацверджана канстытуцыяй. Акрамя мусульман, якія складаюць больш за 60 % усіх жыхароў Малайзіі, у краіне жывуць будысты (больш за 19 %), хрысціяне (больш за 9 %), індуісты (больш за 6 %) і адэпты канфуцыянства, даасізму і іншых кітайскіх рэлігій (1,3 %).

Сістэма асобнага палітычнага прадстаўніцтва па этнічным прынцыпе склалася ў краіне яшчэ ў гады каланіяльнага кіравання: палітычныя партыі і аб'яднанні малайцаў, кітайцаў і індыйцаў ствараліся асобна і толькі потым прыводзілі «да адной роўніцы» свае патрабаванні і праграмы.

Менавіта ў рамках гэтай раздзельнай сістэмы прадстаўніцтва і дзейнічаў на працягу ўсяго перыяду свайго існавання Нацыянальны фронт. На думку шматлікіх экспертаў, Нацфронту ўдалося пратрымацца ва ўладзе многія дзесяцігоддзі за кошт гнуткага рэагавання на праблемы, якія ўзнікалі ў краіне, і, нягледзячы на відавочную апору на малайскую большасць і закладзеныя ў заканадаўства пэўныя перавагі для карэннага насельніцтва, стварэнне прымальных умоў жыцця і дзейнасці для нацыянальных меншасцяў.

Урад Фронту здолеў пераадолець нават цяжкі крызіс 1969 года, калі падчас этнічных сутыкненняў і масавых беспарадкаў, якія адбыліся адразу пасля выбараў, у Куала-Лумпуры загінулі больш за 600 чалавек. Аднак падзеі апошніх гадоў, у першую чаргу карупцыйны скандал, звязаны з раскраданнем сродкаў аднаго з найбуйнейшых дзяржаўных фондаў, узмацненне ў сувязі з гэтым рэпрэсіўнага складніка ўнутрыпалітычнага курсу і абвастрэнне этнічных супярэчнасцяў, паступова падрывалі давер электарату да Нацыянальнага фронту і ў рэшце рэшт прывялі да яго паражэння на выбарах.

Скачок «тыгра»

Вяртанне на пасаду прэм'ера Малайзіі Махатхіра Махамада — падзея агульнасусветнага значэння, лічыць шэраг экспертаў. Справа і ў яго асобе, і ва ўзросце, і ў палітычнай біяграфіі. Гэтага чалавека называюць «бацькам малайзійскага цуду», дзякуючы якому краіна стала адной з наймагутнейшых сусветных эканомік, «азіяцкім тыграм». Махатхір Махамад нарадзіўся ў сям'і школьнага настаўніка ў ліпені 1925-га — амаль на год ранней за Лізавету ІІ, але ў адной з ёй дзяржаве: Малайзія была калоніяй Брытаніі ажно да 1957-га. Па адукацыі ўрач: у 1953 годзе скончыў медыцынскі факультэт універсітэта Малая ў Сінгапуры (дагэтуль яго нярэдка з павагай называюць Доктарам). У 1946-м ён уступіў у Аб'яднаную малайскую нацыянальную арганізацыю (АМНА) — партыю, якая з моманту атрымання незалежнасці і да мінулага тыдня з'яўлялася кіраўнічай. Адносіны паміж Махамадам і АМНА заўсёды былі няпростымі. Так, у 1969 годзе яго выключылі за публікацыю кнігі «Малайская дылема» і крытыку «бацькі незалежнасці» — першага прэм'ер-міністра краіны Абдула Рахмана. Ужо праз тры гады Махатхір быў адноўлены ў партыі, пасля чаго яго кар'ера ішла па ўзыходнай — сенатар, міністр адукацыі, віцэ-прэм'ер і нарэшце — кіраўнік урада. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся больш за два дзесяцігоддзі — з 1981-га па 2003 год. За гэты час у краіне змянілася шэсць манархаў.

Паспяховасць эканамічнай палітыкі Махатхіра прызнаюць нават яго праціўнікі. З «сыравіннага прыдатку», якім Малайзія з'яўлялася ў 1970-я гады, краіна ператварылася ў развітую тэхналагічную дзяржаву. Нафтавыя грошы інвеставаліся ў інфраструктуру, ствараліся найноўшыя вытворчасці, з'явілася свая «Крамянёвая даліна», ВУП рос у сярэднім на восем працэнтаў штогод. Але ў 1997-м Малайзія стала адной з першых ахвяр азіяцкага фінансавага крызісу, і МВФ парэкамендаваў яе ўраду свае традыцыйныя рэцэпты: рэзкае скарачэнне дзяржрасходаў на сацыяльную сферу, свабодны курс нацыянальнай валюты, павышэнне працэнтаў па крэдытах і гэтак далей. Махатхір прыняў рашэнне праводзіць процілеглую палітыку: курс валюты быў жорстка зафіксаваны, дзяржаўныя выдаткі павялічыліся. Ужо ў 1999 годзе рост эканомікі склаў амаль 6 %, Малайзія пераадолела крызіс адной з першых у рэгіёне.

«Я ўсё яшчэ жывы»

У 2003 годзе, ва ўзросце 78 гадоў, Махатхір саступіў прэм'ерскі пост Абдулу Бадаві. Аднак пераемнік не спадабаўся патрыярху малайзійскай палітыкі, і ў 2008 годзе, пасля чарговых выбараў, на якіх АМНА паказала параўнальна слабы вынік, з цяжкасцю пераадолеўшы адзнаку ў 50 %, заявіў аб выхадзе з партыі. У 2009 годзе новым прэм'ер-міністрам стаў чарговы стаўленік Махатхіра — Наджыб Разак, сын другога прэм'ера Абдула Разака і пляменнік трэцяга, Хусэйна Она. Ён пратрымаўся ў «любімчыках» да 2015 года, калі супраць Разака былі вылучаныя абвінавачанні ў карупцыі. Пасля гэтага Махатхір трэці і апошні раз выйшаў з АМНА і ў 2016-м заснаваў новую палітычную сілу — «Аб'яднаную партыю сыноў зямлі Малайзіі». У складзе «Альянсу надзеі» партыя Махатхіра адолела АМНА на выбарах, такім чынам, упершыню з моманту абвяшчэння незалежнасці ў Малайзіі змянілася кіраўнічая партыя.

На пераможнай прэс-канферэнцыі Доктар шмат жартаваў і трымаў у руках новенькі іРhоnе. «Так, так, я ўсё яшчэ жывы», — сказаў Махатхір, перадае ВВС. Таксама палітык дадаў, што яго кааліцыя не будзе нікому помсціць, але «верне вяршэнства права». «Стары-новы» прэм'ер ужо паабяцаў, што не будзе зводзіць рахункі са сваім папярэднікам — яго мэтай з'яўляецца «аднаўленне законнасці». Акрамя таго, Махатхір мае намер вызваліць свайго былога намесніка Анвара Ібрахіма. Вядуцца актыўныя размовы пра тое, што Ібрахім можа стаць чарговым пераемнікам малайзійскага патрыярха. Усё ж такі 92 гады — гэта сур'ёзны ўзрост.

З новай уладай грамадзяне Малайзіі звязваюць надзеі на змены, на паслядоўную барацьбу з маштабнай карупцыяй і на новую эпоху росквіту, не азмрочаную этнічнымі і рэлігійнымі канфліктамі.

Сама назва кааліцыі, якая перамагла — «Альянс надзеі», — стала падчас перадвыбарнай кампаніі найбольш прывабным палітычным лозунгам. Махатхір Махамад па праве лічыцца эфектыўным менеджарам, які спалучаў стратэгічную перакананасць у правільнасці свайго курсу з тактычнай гнуткасцю ў яго ажыццяўленні. Праявы менавіта гэтых якасцяў чакае ад 92-гадовага лідара большасць новаабраных дэпутатаў парламента, якія падпісалі калектыўную заяву аб падтрымцы яго кандыдатуры.

Нягледзячы на пераход улады да «Альянсу надзеі», знешняя палітыка Малайзіі не зменіцца, у адрозненне ад унутранай палітыкі, дзе будуць сур'ёзныя рэформы, лічыць загадчык цэнтра Паўднёва-Усходняй Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Інстытута ўсходазнаўства РАН Дзмітрый Масякоў. «Зразумела, куды рухаецца Малайзія, зразумелыя яе месца і роля ў АСЕАН, зразумелыя яе месца і роля ў глабальнай эканоміцы, зразумелыя яе мэты максімальна хуткага эканамічнага развіцця, так што ў агульным якіх-небудзь сур'ёзных кардынальных перамен не будзе», — сказаў эксперт РІА Навіны. У той жа час, на яго думку, унутры краіны могуць быць сур'ёзныя перамены, «якія могуць наогул значна змяніць палітычны ландшафт, — Малайзія будзе пераходзіць ад абшчыннай супольнасці да грамадзянскай». На думку палітолага, перамога апазіцыі з'яўляецца вельмі сур'ёзным узрушэннем асноў малайзійскай палітычнай сістэмы. «Гэта відавочна, таму што яна ў значнай ступені фарміруецца праз нацыянальныя прадстаўніцтвы ў палітычным працэсе. Тут перамагае апазіцыя, якая кажа: «Мы ўсе малайзійцы», якая адыходзіць ад прынцыпу нацыянальнага прадстаўніцтва і пераходзіць да ідэі грамадзянскай супольнасці — гэта значыць, кітайцы, індыйцы, малайцы ўсе разам», — растлумачыў эксперт. Ён падкрэсліў, што аўтарытэт Махамада вялізны і «ён зможа згуртаваць любыя сілы ў Малайзіі».

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Вясна патрыярха

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.