Вы тут

Выстаўка «Мастак і горад» адкрылася ў цэнтры Мінска


Нарэшце, цёплую пару года абвясціла і традыцыйная выстаўка «Мастак і горад», што ўжо сем гадоў дэманструе сваім наведвальнікам тэндэнцыю выхаду «сапраўднага» мастацтва ў гарадскую прастору. 17 мая на плошчы Якуба Коласа ў Мінску адкрылася маштабная экспазіцыя аднаго мастака.


Гэтым разам кампанію Марка Шагала, Казіміра Малевіча, Мікалая Селяшчука, Валянціна Губарава, творы кожнага з якіх займалі пачэснае месца на сталічнай плошчы ў мінулыя гады, дапаўняе «беларускі Сальвадор Далі» Георгій Скрыпнічэнка. Некаторыя работы сюррэаліста стануць даступнымі шырокай публіцы ўпершыню.

Выстаўка «Мастак і горад» размяшчаецца на адной з цэнтральных мінскіх плошчаў, праз якую шляхі жыхароў і выпадковых заезджых будуць праходзіць з большай імавернасцю. Таму ў мінулыя гады колькасць «наведвальнікаў» экспазіцыі лічылася мільёнамі. І, як адзначалі арганізатары, нават актаў вандалізму, чаго можна чакаць, заўважана не было.

На плошчы Якуба Коласа ўжо можна знайсці вядомыя работы Георгія Скрыпнічэнкі «Мінскія спатканні», «Шляхціц на радзіме», «Імгненні жыцця», сюррэалістычныя галаваломкі, упершыню выстаўленыя работы з альбомаў жывапісных і графічных работ мастака (Георгій Скрыпнічэнка пайшоў з жыцця ў 2015 годзе).

Шматлікія ініцыятывы апошняга часу пацвярджаюць, што па мастацтва не абавязкова ісці ў музей. Спалучэнне элітнай культуры і вуліцы становіцца папулярным і павольна распаўсюджваецца ў Беларусі, хоць адсылкі да Віцебску часоў «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» паказваюць, што для нашай краіны такая з'ява нават натуральная. Дарэчы, апроч Мінска якраз у Віцебску пройдзе сёмая экспазіцыя «Мастак і горад»: работы Георгія Скрыпнічэнкі будуць выстаўлены тут з 20 верасня да 6 лістапада.

Канешне, выстаўка на вуліцы не прапануе арыгіналы беларускага сюррэаліста, што быццам кажа на карысць закрытых прастор, але дакладна робіць высокае мастацтва больш даступным. Лічыцца, што пасля такога лікбезу непрызвычаеным да культурнага адпачынку наведвальнікам недалёка і да музея. Альбо хоць бы частцы з іх.

Пры генеральнай падтрымцы банка ВТБ праект «Мастак і горад» рэалізуецца камунікацыйнай кампаніяй GBS і Цэнтрам сучасных мастацтваў пры падтрымцы Міністэрства культуры і Мінскага гарвыканкама.

Глядзець на творы Скрыпнічэнкі на плошчы Якуба Коласа можна да 14 верасня.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Выстаўка, на якую можна трапіць выпадкова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.