Вы тут

Больш за 10 тысяч прызыўнікоў папоўняць беларускую армію


Менавіта такая колькасць людзей будзе накіравана ў шэрагі айчынных вайсковых падраздзяленняў, паведаміў начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення, намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Аляксандр ШКІРЭНКА.


«Прызыў на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве ў першую чаргу забяспечвае грамадзянам нашай краіны выкананне іх канстытуцыйнага абавязку — абароны Беларусі, — адзначыў ён. — Моцных асаблівасцяў няма, прызыў праходзіць як звычайна ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Выкліку на прызыўныя камісіі вясной гэтага года падлягае каля 45 тысяч чалавек».

Начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення звярнуў увагу на тое, што медыцынскае абследаванне новага папаўнення завяршаецца. «Прызыўной камісіяй ужо прынята больш за 30 тысяч рашэнняў, па іх больш як 20 тысячам прызыўнікоў дадзена адтэрміноўка, найбольшая з якіх — для працягу адукацыі», — сказаў ён. Акрамя таго, адтэрміноўкі дадзены па стане здароўя, сямейным становішчы, а таксама ў сувязі з ажыццяўленнем дэпутацкіх паўнамоцтваў.

Такім чынам, службовыя асобы ваенных камісарыятаў і вайсковых часцей завяршылі планавую работу па адборы прызыўнікоў для камплектавання воінскіх часцей Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў. З 15 мая з Мінскага гарадскога зборнага пункта і зборных пунктаў усіх абласцей пачалася адпраўка новага папаўнення ў войска.

«Зыходзячы з патрэб, на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў плануецца накіраваць да 10 тысяч чалавек, у гэты ж перыяд да 500 чалавек будзе накіравана на службу ў рэзерве, — дадаў Аляксандр Шкірэнка. — Новае папаўненне будзе накіравана на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, транспартных войскаў, унутраных войскаў МУС, органаў пагранічнай службы і КДБ».

У першы дзень у войска было накіравана каля тысячы прызыўнікоў. Урачыстыя цырымоніі адпраўкі грамадзян Мінскага рэгіёна прайшлі на базе сталічнага гарадскога зборнага пункта і мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». У іх прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства абароны, Мінаблвыканкама, адміністрацыі сталіцы, грамадскіх аб'яднанняў, ветэраны, родныя і сябры прызыўнікоў.

Дарэчы, адпраўка новага папаўнення ў злучэнні з абласных зборных пунктаў краіны працягнецца па 31 мая. Цырымонія ваеннай прысягі адбудзецца 16 чэрвеня. Акрамя таго, на працягу гэтага месяца будзе праведзена звальненне ў запас тых ваеннаслужачых, якія выслужылі ўстаноўлены перыяд тэрміновай ваеннай службы.

...На базе сталічнага зборнага пункта на вуліцы Ангарскай было спакойна — родныя і блізкія будучых абаронцаў размясціліся ў альтанках і цёпла развітваліся з прызыўнікамі. Для Мікіты Стахіевіча служба была маленькай марай, якая паспяхова пачала рэалізоўвацца. «Дзякуючы здароўю, дзякуючы жаданню я іду служыць у Мар'іну Горку на паўтара года», — расказаў хлопец.

Бацька маладога чалавека Уладзімір узрадаваўся, што сын трапіў у элітнае падраздзяленне. «Трэба ісці, каб для сябе зразумець, што такое ваенная служба, як трэба служыць і абараняць сваю Радзіму, — адзначыў ён. — А мы з жонкай будзем чакаць яго дома і спадзявацца, што ўсё будзе добра. Пакуль такія бравыя хлопцы, як мой сын, будуць служыць, мы будзем спакойна і мірна спаць».

Дзмітрый Ромац даўно марыў звязаць сваё жыццё з войскам. «Я хацеў застацца па кантракце першапачаткова менавіта ў той жа часці (5-й асобнай брыгадзе), — сказаў малады чалавек. — Так што я вельмі рады, што трапіў сюды».

Энтузіязм хлопца падзяляюць і яго бацькі. «Я вельмі рады і задаволены, — адзначыў бацька Дзмітрыя Віктар. — Вядома, я таксама служыў, але вельмі даўно. Якія настаўленні даў сыну? Служыць, абараняць, каб мы ганарыліся ім, каб не падвёў і каб усё было добра».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Маці перажываюць, бацькі ганарацца

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.