20 Верасень, чацвер

Вы тут

Як Калядкі і Хаім Суцін натхнілі дызайнераў «Млына моды»


У фінале XXVІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота прадставілі 87 калекцый, распрацаваных сотняй аўтараў. Асноўны лейтматыў гэтага года — «Сардэчна запрашаем у Беларусь — краіну спорту і крэатыву».


— Гэта тэма з'явілася падчас навучальнага семінара ў кастрычніку, якім мы пачыналі новы сезон. Мы задаваліся пытаннямі: якімі нас бачаць замежнікі, як мы будзем выглядаць на ІІ Еўрапейскіх гульнях? — расказвае дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея ВАСІЛЬЧАНКА.

Адметнасць цяперашняга конкурсу — больш цеснае супрацоўніцтва з айчыннымі прадпрыемствамі. «У мінулым годзе наш дызайнер атрымала стажыроўку на фабрыцы «Світанак». Улетку яе калекцыя ўжо паступіць ва ўсе крамы краіны. Мы вельмі задаволены гэтым вынікам, — дзеліцца Надзея Васільчанка. — Збіраемся працягнуць практыку наведвання прадпрыемстваў і знаёмства з беларускімі маркамі».

Вобразы, прыдуманыя сёлета маладымі творцамі, вельмі разнастайныя.

— Тэму спорту дызайнеры прадставілі ў нацыянальным стылі, але з выкарыстаннем сучасных канструкцый. Калекцыі яркія і каларытныя, — адзначыла мадэльер і старшыня журы конкурсу Святлана ГНЯДЗЁНАК.

Напрыклад, Вера Ромац з Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці падрыхтавала дзіцячую калекцыю «ПШЖ». Назва — гэта абрэвіятура Парыжскай школы жабракоў.

— Мае вобразы заснаваныя на работах ураджэнца Беларусі мастака Хаіма Суціна. Я вырашыла, што яго біяграфія — гэта цудоўная гісторыя, каб расказаць яе пры дапамозе маёй творчасці, — тлумачыць ідэю дзяўчына. —
Я стараюся не абмяжоўваць сябе пэўным стылем, свабодна працаваць з формамі і сілуэтам. Для мяне важна перадаць настрой. Мастацтва ж у тым, каб выклікаць эмоцыі.

У будучыні Вера хацела б быць вольным дызайнерам. Ёй падабаецца ўдзельнічаць у творчых конкурсах. «Падобныя праекты не параўнальныя з пяцідзёнкай на фабрыцы», — заўважае дзяўчына.

Навучэнцы Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці прывезлі мужчынскую калекцыю «Коміксы».

— Я толькі на першым курсе вучуся. Вядома, былі складанасці з распрацоўкай канструкцыі вырабаў, выкладчыкі дапамагалі, — расказвае адзін з аўтараў Мікіта Смяян. — Да стварэння калекцыі падштурхнуў вобраз мужчын у Беларусі, якія адзяваюцца ў цёмныя колеры. Наша адзенне толькі з яркай тканіны — зялёнай, чырвонай. Хочам даказаць, што не трэба баяцца насіць такія рэчы.

Пяцікурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Надзея Малафей на леташнім конкурсе стала найлепшай у намінацыі «Школа моды», дзе яна прадстаўляла авангардныя жаночыя ўборы. Гэтым разам дзяўчына зноў зрабіла стаўку на авангард:

— Мая калекцыя называецца «Кола». Крыніцай натхнення паслужыла беларускае свята Калядкі. Кожнага персанажа я інтэрпрэтавала ў касцюме. Матэрыялы, якія выкарыстоўвала, — гэта палітовыя тканіны, аўтамабільныя, касцюмныя, трыкатаж.

Каму ж удалося скарыць журы ў гэтым годзе? Спачатку пра намінацыю «Школа моды». Найлепшую калекцыю для дзяцей прадставіла Таццяна Рудак з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада Кіраўска, для падлеткаў — студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандра Логвіна. Першае месца за распрацоўку мужчынскага адзення атрымала Дар'я Хілько (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж швейнай вытворчасці), а за жаночае — Карына Ганіна (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт). У намінацыі «Майстар моды» пераможцай стала мінчанка Аляксандра Жук.

Прызёраў чакаюць стажыроўкі ў Парыжы і на айчынных фабрыках, удзел у конкурсе маладых дызайнераў «Рускі сілуэт», фестывалі славянскай моды «Чырвоная нітка».

Асобная намінацыя на «Млыне моды» — для фатографаў. Сёлета яны таксама абыгрывалі тэму спорту. На здымках можна ўбачыць бокс, баскетбол, гімнастыку, фігурнае катанне. У кадр траплялі і славутасці, па якіх можна пазнаць нашу краіну, — напрыклад завод «БелАЗ». Найлепшай прызналі серыю студэнткі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Лізаветы Шавекі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Краіна спорту і стылю

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.