Вы тут

Жыхар Вілейкі абвінавачваецца ў выкарыстанні паднявольнай працы


Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог. Расследаванне ў адносінах да індывідуальнага прадпрымальніка закончана. На яго ўзбуджана крымінальная справа на аснове матэрыялаў праверкі аддзела па супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Мінаблвыканкама.


Трыццаціпяцігадовы мужчына на працягу двух апошніх гадоў пад пагрозай фізічнага насілля прымушаў людзей працаваць на яго. Аб усіх жахах рабства расказаў супрацоўнікам аддзела па супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Мінаблвыканкама адзін з «парабкаў», якому ўдалося ўцячы. Затым ён наогул некуды прапаў.

Сваякі звярнуліся ў міліцыю з заявай аб яго знікненні. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі ўцекача на чыгуначным вакзале Віцебска, ён ехаў «хоць куды», абы далей ад рабаўладальніка. Такія з'явы, як працоўная эксплуатацыя, — рэдкасць для Беларусі, таму аператыўнікі карпатліва вывучалі ўсе абставіны справы.

Па словах пацярпелага, прыкладна два гады таму ён пачуў ад знаёмых, што чалавек шукае людзей для работы на прысядзібным участку і догляду за свойскай жывёлай. На той час мужчына не меў пастаяннай работы і падаўся да прадпрымальніка. Паўгода гаспадар сапраўды плаціў грошы і нават купляў адзенне работнікам. Але цягам часу пачаў суму заробку змяншаць. А затым наогул перастаў з імі разлічвацца. «Рабы» ўзбунтаваліся і перасталі выходзіць на работу, што не спадабалася гаспадару. Ён ведаў, што адзін з іх жыве ў суседняй вёсцы. Прыехаў да яго дадому, збіў да сінякоў, пагрузіў у багажнік машыны і прывёз назад. Як сцвярджаў пацярпелы, наймальнік пастаянна пагражаў яму расправай. За некалькі дзён ён так запалохаў мужчыну, што задушыў усялякае жаданне да супраціўлення. Ледзь што — у ход ішлі кулакі. На дапамогу гэты чалавек не спадзяваўся, а сяльчане проста не хацелі ўмешвацца ў чужыя справы.

Часам паднявольны выказваў слабы пратэст, але ўсе спробы заканчваліся пабоямі. Відаць, наваспечаны рабаўладальнік адчуваў сябе вяршыцелем чужых лёсаў, а глумленне над асобай прыносіла яму вялікае задавальненне. Некалькі разоў ён «парабка» нават прыкоўваў ланцугом і пакідаў на ўсю ноч у хляве.

— Следчыя дапыталі сведак, правялі праверку паказанняў на месцы, атрыманы заключэнні судовых экспертыз, — канстатавала Таццяна Беланог. — У яго дома знойдзена незарэгістраваная паляўнічая стрэльба з боепрыпасамі, дробнакаліберныя патроны, а таксама банка з порахам і пашпарт на імя пацярпелага. Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, выкраданне пашпарта і чалавека, выкарыстанне рабскай працы, незаконнае захаванне зброі, патронаў і выбуховых рэчываў. Прадпрымальнік знаходзіцца пад вартай. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру і будзе накіравана ў суд.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Прадпрымальнік — рабаўладальнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?