17 Жнівень, пятніца

Вы тут

Наколькі Мінск гатовы прымаць усе катэгорыі турыстаў?


Другія Еўрапейскія гульні пройдуць у Беларусі з 21 да 29 чэрвеня 2019 года. У сувязі з гэтай падзеяй наша краіна чакае шмат балельшчыкаў і турыстаў. Сярод іх абавязкова будуць і людзі, для якіх крытычна важным момантам з'яўляецца даступнасць навакольнага асяроддзя. Наколькі Мінск гатовы прымаць такіх турыстаў? Спецыялісты прагназуюць, што ў гэтым плане Гульні стануць для горада выклікам.


Прычым пытанне даступнасці ўжо не з'яўляецца для нашай краіны рэкамендацыяй — пасля прыняцця і ратыфікацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў гэта наш абавязак. Беларусь павінна тое зрабіць, як бы складана ні было. Тут і рэпутацыя нашай краіны, і пытанне развіцця бізнесу ў ёй, павышэння якасці жыцця для ўсіх, не толькі для гасцей Гульняў, але і для тых людзей, якія тут жывуць і будуць карыстацца ўсёй належнай інфраструктурай. Пра гэта ішла размова на круглым стале «Інфармацыя аб даступнасці як важны элемент развіцця турызму ў Беларусі», арганізаваным Офісам па правах людзей з інваліднасцю ў рамках Тыдня даступнасці — 2018.

«Укладванне грошай у даступнасць акупляецца і прыносіць значны даход. Праўда, для нас гэта пакуль яшчэ новая думка...» — адзначае дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. Пры гэтым ён лічыць, што мала думаць толькі пра турыстычныя аб'екты — немагчыма вырашыць гэтую праблему, калі не вырашаць праблемы з інфраструктурай ў цэлым.

Напрыклад, турысту ў першую чаргу важны даступны туалет, а потым ужо музеі і ўсё астатняе. Бо гэта пытанне захавання чалавечай годнасці. Для чалавека, які перамяшчаецца на інваліднай калясцы, — вельмі важным з'яўляецца адказ на пытанне, дзе яе адрамантаваць, калі яна зламаецца...

***

Студэнты факультэта міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці «Міжнародны турызм» пыталіся ў валанцёраў, якія будуць працаваць з гасцямі: ці ведаеце вы што-небудзь пра даступнасць сваіх аб'ектаў? І ўсе валанцёры перапытвалі: а што гэта такое? Зразумела, у выпадку неабходнасці яны будуць старацца неяк дапамагчы гасцям Гульняў, але зразумела і тое, што яны не будуць ведаць, як менавіта ў такіх выпадках варта дапамагаць. Дарэчы, на зімовых Алімпійскіх гульнях, якія прайшлі сёлета ў Паўднёвай Карэі, такіх валанцёраў журналісты трапна назвалі «з разраду бесталковых».

Анастасія Канончык, студэнтка 4-га курса факультэта міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці «Міжнародны турызм» разам з іншымі студэнтамі паспрабавала вывучыць на прадмет даступнасці адно са сталічных кафэ ў самым цэнтры, дзе перасякаюцца вялікія людскія патокі і дзе адназначна будзе шмат турыстаў і гасцей горада. Яна прааналізавала, наколькі даступны шлях да гэтага кафэ: звярнула ўвагу на роўнасць пакрыцця асфальту і пліткі, вышыню прыступак, якая, як аказалася, дасягае 12 сантыметраў (гэта вельмі многа). Вывучыла пандусы на ўсіх выхадах з найбліжэйшай станцыі метро і наколькі зручна імі карыстацца. Аказалася — нязручна: вугал іх размяшчэння занадта высокі... А інфармацыйнае табло на найбліжэйшым прыпынку размешчана на такой вышыні, што нават не ўсім здаровым людзям на ім бачная інфармацыя. На самім прыпынку няма ні галасавых інфарматараў, ні тактыльнай пліткі. І гэта ў цэнтры горада! Так што ўжо на першым этапе вывучэння стала ясна: гэтае кафэ недаступнае для маламабільных людзей. Быў недаступны і ўваход у яго — дзверы аказаліся занадта вузкімі для чалавека ў інваліднай калясцы. Пры гэтым многія здаровыя грамадзяне не разумеюць, што для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў прынцыпе няма дробязяў. Нават вышыня размяшчэння кручкоў, на якія можна павесіць адзенне, мае для іх значэнне...

«Мы нават і не думалі, што існуюць такія праблемы. Калі б у нас не было курса «Інклюзіўны турызм», мы б пра іх нічога не ведалі», — шчыра прызнаецца Анастасія Канончык. Не здагадваецца пра іх і большасць беларусаў, і, што яшчэ больш сумна, часам нават тыя, ад каго залежыць даступнае асяроддзе.

***

«Усе новыя аб'екты павінны адпавядаць крытэрыям даступнасці, — лічыць прадстаўнік фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Наталля Шавель. — Мы проста не маем права будаваць новыя аб'екты без уліку патрабаванняў да іх даступнасці». Пры гэтым спецыялісты сцвярджаюць, што калі на этапе будаўніцтва ўлічыць усе нарматывы, якім павінна адпавядаць безбар'ернае асяроддзе, гэта не моцна павялічыць кошт будаўніцтва. А вось рэканструкцыя і пераробліванне ўжо пабудаваных і дзеючых аб'ектаў выліваецца ў вельмі буйныя выдаткі. Але многае ўскладняецца тым, што пытанні стварэння даступнага асяроддзя знаходзяцца на стыку міжгаліновых сфер адказнасці і ўзаемадзеяння.

«З тымі ж кафэ праблема яшчэ ў тым, што часта будынак узводзіць горад па сваіх правілах і потым здае плошчы ў арэнду, — кажа Наталля Шавель. — Уласнікі прыходзяць на правах арэнды спачатку на год-тры, таму яны не будуць укладваць сродкі ў забеспячэнне даступнасці, калі першапачаткова гэтага не было прадугледжана».

Меркаванні

Выкладчык факультэта міжнародных адносін БДУ, спецыяліст па турызме Наталля Барысенка-Клепач:

— Калі чалавек плануе свой маршрут, ён пачынае з таго, што абдумвае ўсе моманты паездкі, браніруе гатэль... І калі на гэтым этапе нешта «зламалася», то далей ужо нічога не будзе, ніякай паездкі. Таму так важна знайсці інфармацыю аб даступнасці тых ці іншых аб'ектаў. І вельмі важнай яшчэ з'яўляецца інфармацыя аб тым, што рабіць пры розных нечаканасцях, калі чалавек ужо прыехаў. Куды пайсці, да каго звярнуцца... Інфармацыя — важная перадумова для інклюзіўнага турызму. Гэты тэрмін для Беларусі пакуль новы. Інклюзіўнасць азначае даступнасць не толькі для людзей з інваліднасцю, але і для пажылых, і для сем'яў з маленькімі дзецьмі, і для людзей высокага росту, і для тых, хто мае часовыя праблемы са здароўем і г. д. Па сутнасці, кожны на нейкім этапе свайго жыцця з'яўляецца чалавекам з пэўнымі асаблівымі патрэбамі. І калі турыстычная галіна гэта будзе ўлічваць, яна зможа атрымліваць дадатковую эканамічную выгаду.

Таксама вялікай праблемай з'яўляецца надзейнасць і дакладнасць інфармацыі аб даступнасці. У нас ёсць спіс даступных нумароў мінскіх гасцініц, але калі вы паспрабуеце звязацца з гэтымі гасцініцамі, то зможаце заўважыць, што многія нумары, абазначаныя як даступныя, такімі насамрэч не з'яўляюцца...

Старшыня цэнтральнага праўлення грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» Уладзімір Патапенка:

— На жаль, многія гарадскія аб'екты, нават з безбар'ерным асяроддзем, функцыянальна недаступныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, бо ўсё, што там маецца, зроблена зыходзячы з пункту гледжання здаровага чалавека. Калі я быў у ЗША, за ўвесь час знаходжання мне ні разу не спатрэбілася дапамога ў перамяшчэнні. Там цалкам безбар'ернае асяроддзе. Работа па яго стварэнні пачалася ў ЗША ў 1977 годзе і была скончана дзесьці ў 1991 годзе. Пры гэтым улады выкарыстоўвалі метад бізуна і перніка — гэта значыць не толькі заклікалі да адказнасці за невыкананне патрабаванняў, але і заахвочвалі ўласнікаў, якія будавалі аб'ект з безбар'ерным асяроддзем: напрыклад, усе сродкі, якія былі выдаткаваны на стварэнне такога асяроддзя, уласнік дэклараваў і потым на гэтую суму атрымліваў падатковую льготу. Гэта падахвочвала ў большай ступені, чым пакаранне...

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: «Мы нават і не думалі, што існуюць такія праблемы...»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.

Грамадства

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

Які патэнцыял маюць беларускія балоты?

У балота альбо адразу ўлюбляешся, альбо не прымаеш яго.

Грамадства

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Вынікі на ЦТ ацэньваліся па дзвюх методыках

Але сертыфікаты абітурыенты атрымалі з баламі па ранейшай сістэме падлікаў.