Вы тут

Калоссе прозы Івана Канановіча


Рабочы клас мог бы ганарыцца. На сёння ці не адзіны ў Беларусі аўтар адметных твораў так званай вытворчай тэматыкі вядомы пісьменнік Іван Канановіч адзначае 80-гадовы юбілей. А нарадзіўся ён 10 мая 1938 года ў вёсцы Кукавічы Капыльскага раёна. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, працаваў трактарыстам на цаліне, слесарам на Мінскім аўтазаводзе, журналістам, больш як два дзесяцігоддзі — рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Проза Івана Канановіча глыбока псіхалагічная і створаная на крутых пераломах эпохі. У дасканалых па-мастацку аповесцях і апавяданнях слынны празаік з веданнем справы даследуе і аналізуе супярэчлівыя сацыяльныя і этычныя праблемы сучаснасці.


Нездарма кажуць: час ляціць — як вада плыве. Здаецца, зусім нядаўна, хоць было гэта ў сярэдзіне шасцідзясятых, я, тады і сам яшчэ малады журналіст ляхавіцкай раённай газеты, не адзін раз блукаў у ваколіцах вёсак Падлессе, Жарабковічы, Сваятычы, Гулічы, нават не здагадваючыся, што іменна дзесьці тут нейкім гарачым летам пракладваў свае першыя барозны будучы беларускі пісьменнік Іван Іванавіч Канановіч. Іх, курсантаў Баранавіцкага вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, прыслалі сюды на вытворчую практыку, і яны, здаровыя і вясёлыя хлопцы, жылі ў бабкі на хутары, паспяваючы за дзень багата чаго зрабіць: поле ўзараць, вясковых дзяўчат паказытаць, гаспадыні дровы пакалоць, за што мелі ўранку па кубку пеністага сырадою, а то, пры патрэбе, і збанок моцнага бярозавага квасу. Хутчэй за ўсё ў бесклапотным юнацкім узросце гэты шчыры і працавіты сейбіт наўрад ці задумваўся над уласным жыццёвым лёсам, аднак тыя палеткі, якія ён засяваў шчодрай рукою, ускаласіліся буйна і прыгожа. Яно і нядзіўна: першыя барозны былі пракладзены па тлустых суглінках і чарназёмах, на хлебадайнай беларускай зямлі, аблашчанай грымотнымі майскімі навальніцамі і зацярушанай трапяткімі жнівеньскімі зарніцамі.

Адсюль, з ваколіц Падлесся, у бязлеснай, па сутнасці, зоне, з рэдкімі толькі астраўкамі негустога дрэвастою, калі тэпаць нацянькі палявымі дарогамі і прасёлкамі, за дзень няспешнай і лёгкай хадзьбы можна выбіцца на слаўную Капыльшчыну, дзе сярод квітучых садоў і зялёных ніў прытулілася невялічкая вёсачка Кукавічы. Тут у працавітай сялянскай сям’і нарадзіўся шаноўны сёння празаік, тут спазнаў і смак хлеба, і суровую бацькоўскую навуку. Калі пачалася вайна, дапытліваму хлапчуку было ўсяго тры гады, але ён добра запомніў голад і холад, людскія слёзы і кроў. Пазней ваеннае ліхалецце, трывожнае дзяцінства, на здзіўленне, не стануць дамінуючымі ў творчасці Івана Канановіча, бо яго жыццёвыя шляхі-дарогі былі перапоўнены іншымі ўражаннямі і багатымі назіраннямі, з якіх склалася не адна праўдзівая і таленавітая кніга прозы. З пасведчаннем трактарыста-машыніста шырокага профілю, атрыманым у згаданым ужо вучылішчы, будучы пісьменнік працаваў у Цімкавіцкай МТС, пабываў на цаліне, зноў вучыўся ў Мінскім ГПТВ-9, дзе атрымаў спецыяльнасць слесара. Палявыя дарогі і прасёлкі, як бачна, нечакана павярнулі на гарадскія бульвары і праспекты, адразу змяніўшы і чалавечы лёс, і напрамак ягонай творчасці.

Першыя задаткі да прыгожага пісьменства Іван Канановіч яшчэ ў дзяцінстве атрымаў сярод навакольнага асяроддзя і працавітых, шчырых вяскоўцаў, ад якіх ніколі не зачынялася ні хата, ні кузня, ні гараж. Бацька празаіка, Іван Алексеевіч, быў знакамітым на ўсю ваколіцу яшчэ з 1930-х гадоў шафёрам, майстрам-кавалём, вырабамі якога і цяпер карыстаюцца і ганарацца. Вёска Кукавічы месціцца на сумежжы Нясвіжскага і Клецкага раёнаў, непадалёк і Стаўбцоўскі. І сюды, здалёк і зблізку, ехалі і прыходзілі пешшу людзі са сваімі клопатамі. Каму воз ці драбчак акаваць, плуг ці барану падладзіць, зрабіць серп або адштукаваць згублены ключ да замка. З ранку да вечара ў кузні было цесна ад гаманкога люду. Іх аповеды, жыццёвыя выпадкі і здарэнні глыбока западалі ў душу хлапчука ў тыя першыя пасляваенныя гады. Ён разам са старэйшым братам Сымонам з цямна да цямна рупіўся ў кузні, а ўбачанае і пачутае адкладвала ў душы глыбокае, непаўторнае ўражанне.

Доўгімі зімовымі вечарамі бацька расказваў дзецям пра выдатнага паэта-кукаўляніна Лявона Лобіка (1871—1918), аўтара зборнікаў «Залом у жыце», «Лекарвядзьмар», «Калядны вечар» і іншых, чытаў яго вершы і аповеды, не прамінаў нагадаць і пра рэвалюцыйную дзейнасць земляка. Забягаючы наперад, хачу зазначыць, што прыкметна пазней слынны празаік напіша дакументальныя апавяданні пра юнацкую сустрэчу Лявона Лобіка і Якуба Коласа, бо вёска Мікалаеўшчына не так ужо і далёка ад капыльскіх Кукавіч. Гэты твор друкаваўся ў газеце «Літаратура і мастацтва» і, як помніцца, меў шырокі рэзананс у чытачоў.

Такія вось яскравыя штрыхі з дзяцінства. Але на многія гады родным домам для Івана Канановіча стаў Мінскі аўтамабільны завод — працаваў тут слесарам-рамонтнікам, інжынерам, а пасля заканчэння факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта ўдосталь пасмакаваў і газетнага хлеба ў якасці карэспандэнта, загадчыка аддзела, намесніка рэдактара газеты «Аўтазаводзец». Менавіта гэты круты паварот жыцця сфарміраваў вясковага юнака як празаіка так званай рабочай, «вытворчай» тэмы. Першае сваё апавяданне «Пераправа» малады аўтар яшчэ ў 1975 годзе надрукаваў у часопісе «Маладосць», куды, трэба сказаць, вельмі многія пачаткоўцы заляталі імклівымі, настырнымі стрыжамі, а выляталі непрыкметнымі шэрымі вераб’ямі. Тая першая публікацыя ў маладзёжным выданні Івану Канановічу, наадварот, дапамагла шырэй развінуць крылы, з дастатковай ужо вышыні лепей і ясней убачыць уласныя набыткі і пралікі, чаго ў сваёй творчасці не абмінуў, бадай, ніводны сур’ёзны пісьменнік. «Пераправа» з вытворчых цэхаў аўтамабільнага гіганта да зычлівай чытацкай аўдыторыі сапраўды была ўдалай, бо зусім праз невялікі адрэзак часу мы займелі мачымасць з асалодай чытаць змястоўную і цікавую кнігу творцы «Заводскія світанні». Насуперак усё таму непрадказальнаму лёсу чамусьці не вясковыя, пяшчотна-кукувіцкія, а менавіта грымлівыя заводскія світанкі неабвержна засведчылі: у літаратуру прыйшоў чалавек з багатым вопытам, сталымі думкамі, глыбокай эрудыцыяй і адметным поглядам на жыццё, суровую рэчаіснасць.

Кніга адна з нямногіх на той час пра чалавека рабочай загартоўкі была з увагай і прыхільнасцю сустрэта нашай крытыкай. І не сама важнасць тэмы сталася таму прычынай: малады пісьменнік у жыцці звычайнага заводскага калектыву ўбачыў тое, чаго не заўважалі іншыя. Бадай праз усе яго творы праходзіць дужа прывабная думка: чалавек слаўны працай. Такі вось, працавіты і непаседлівы, ветэран завода Зрайкоўскі, герой лепшага ў кнізе апавядання «Стары зваршчык». Ён яшчэ не ведае, у якую глыбокую прорву апусціцца неўзабаве родны завод і, выхаваны на бацькоўскай павазе да людзей, іх занятку, літаральна дрыжыць, перажывае за кожную дробязь. З другога апавядання — «Дзень пасля адпачынку» — сваімі неардынарнымі характарамі запамінаюцца слесар Дземідовіч, пранырлівы Чыжык, гультаяваты Карповіч, халтуршчык Круталевіч. У яшчэ адным цікавым апавяданні «На скрыжаванні дарог» аўтар зрабіў відавочную спробу стварыць займальны, арыгінальны сюжэт і выйшаў за цесныя рамкі ўласнага жыццёвага вопыту і светапогляду. Ну, і, само сабой, значнай творчай удачай празаіка можна лічыць аповесць «Заводскія світанкі», у якой выйгрышны «вытворчы» матэрыял узноўлены ў ёмкім мастацкім слове, а галоўны герой твора Кратовіч прываблівае чытача не толькі працоўнымі поспехамі, але і цікавасцю да жыцця, да вартых усмешкі розных любоўных прыгод.

Першая празаічная ластаўка, што, вобразна кажучы, прамільгнула ў яркіх водблісках заводскіх світанкаў, расчысціла цярністы шлях новым кнігам Івана Канановіча. Гэта яго зборнікі прозы «Белы чыгун», «Цёплы камень», «Асобая зона», «Чорныя цені», аповесці «Майдан», «Абвінавачанне ў забойстве», «Старыя званы», дзясяткі апавяданняў, якія друкаваліся ў беларускіх часопісах і газетах. Усе яны сведчаць аб уменні пісьменніка дынамічна спалучаць рэаліі вытворчага побыту, стыхію сямейных драм і проста чалавечых характараў. Калі ў першых творах ён дэталёва з веданнем справы распрацоўваў заблытаныя праблемы рабочага калектыву ва ўмовах адміністрацыйна-каманднай сістэмы, то цяпер піша пераважна пра нашых сучаснікаў, пагарэльцаў Чарнобыля, духоўнае апусташэнне беларусаў. Сістэма, якая бязлітасна трушчыла лёсы людзей, асабліва пераканаўча паказана пісьменнікам у аповесці «Асобая зона», дзе праз рабочую дынастыю Арціменяў глыбока даследуецца ўвесь трагізм так званага застойнага часу. Але і цяпер не стала лепш: цэлыя пакаленні амаль цалкам ужо спляжыў рэзкі, неабдумны паварот да «дзікага» капіталізму, а таксама Чарнобыль — рэальны і духоўны.

Аповесць-быль з нязвыклай назвай «Майдан» — гэта сапраўдны плач па забруджаных радыяцыяй, пакінутых вёсках, дзе праз ачалавечаны вобраз Чарапахі пісьменнік наблізіў нашчадкаў да разумення самай вялікай трагедыі дваццатага стагоддзя, гэтага змрочнага прароцтва Апакаліпсіса, якое, на жаль, збылося на і без таго спакутаванай беларускай зямлі. З «Майданам» у нечым пераклікаецца яшчэ адзін твор празаіка — «Старыя званы», дзе праз трагічны вобраз хворага на экзэму Васіля Кавалевіча ўзнята і глыбока даследуецца тэма духоўнага Чарнобыля. Зноў жа менавіта апошнія дзве аповесці яшчэ раз засведчылі: да свайго юбілею празаік прыйшоў з багатым творчым набыткам, высокім прафесійным уменнем. З-пад пяра самабытнага майстра слова даўно ўжо выходзяць сталыя і дасканалыя мастацкія рэчы, і гэта дало падставу паэту Кастусю Жуку слушна і справядліва зазначыць: «У шумлівым шматгалоссі нашых беларускіх літаратараў неяк нязмушана і ўпэўнена-пераканаўча гучыць голас неўтаймаванага на пошук, няўрымслівага ў сваёй справе Івана Іванавіча Канановіча. Ён стаў легендай пры жыцці не толькі дзякуючы сваім творчым “адысеям”, а, перш за ўсё, высокачалавечым, узвышана-духоўным адносінам да людзей. Кніг маладых аўтараў, якія ён пабацькоўску шчыра і тонка адрэагаваў за сваю бытнасць у “Мастацкай літаратуры”, — з лішкам хапіла б, каб заставіць паліцы не адной хатняй бібліятэкі. І гэта пры тым, што паважлівае стаўленне да маладых вымушае неверагодна павышаных намаганняў, сіл, энергіі, часу. Бо, няма тут сакрэту, маладому заўсёды хочацца дапамагчы, паставіць “на ногі”, каб хутчэй адчуў пад сабою трывалую глебу, а ў душы — сваю творчую аўру». Гэтай справе паважаны празаік і рэдактар прысвяціў дастаткова значны кавалак свайго лёсу, імпульсіўнага чуцця, трывог і клопатаў за падрастаючае літаратурнае пакаленне.

Пісьменнік Іван Канановіч — з тых людзей, якім, нягледзячы на шаноўны ўзрост, не сядзіцца дома. Нават зімой, у немалыя маразы, яго ў выхадныя не застанеш, ён уцякае з гарадской кватэры, а летам, як толькі прагрымяць першыя майскія навальніцы, ягоныя шляхі-дарогі нязменна вядуць на родную Капыльшчыну — блаславёную зямлю, якая дала беларускай літаратуры нямала славутых пісьменнікаў. Там, у сваіх Кукавічах, з часін горкага ваеннага дзяцінства жывуць героі яго таленавітых кніг, хаця, трэба сказаць, уласная кніжная паліца не дужа вялікая. Але і тое, што паспеў напісаць наш вядомы празаік, варта ўвагі і захаплення, шчырых чытацкіх сімпатый. З пульхнага і глыбокага ворыва, калісьці ўзаранага на векавечных бацькоўскіх аблогах, даспела важкае, тугое, поўнае калоссе.

Віктар ГАРДЗЕЙ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?