Вы тут

Хітраспляценні летапісаў


Вячаслаў Чамярыцкі — адзін з самых вядомых беларускіх літаратуразнаўцаў-медыявістаў, скарыназнаўца, спецыяліст па айчынным летапісанні. У мінулым годзе ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» выйшла з друку яго кніга «Жыватворная спадчына» — важкае падсумаванне пяцідзесяці гадоў працы на ніве беларускай акадэмічнай навукі.


Як адзначаў гісторык і літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Генадзь Кісялёў, Вячаслаў Чамярыцкі выдатна разбіраецца ў «хітраспляценнях розных спісаў і рэдакцый летапісных помнікаў, у розначасовых вольных і нявольных напластаваннях. Як высакакласны спецыяліст В. Чамярыцкі быў запрошаны да ўдзелу ў падрыхтоўцы да выдання беларускіх тамоў (32 і 35) акадэмічнага “Поўнага збору рускіх летапісаў” (выдавецкая серыя пад такой традыцыйнай назвай выходзіць у Расіі ажно з 1841 года)». Дзякуючы работам Вячаслава Чамярыцкага можна даведацца пра гісторыю стварэння «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх», магчымага заказчыка «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», адметнасці рукапісу Магілёўскай хронікі...

Людзі, якія прафесійна цікавяцца літаратурнымі помнікамі ХІІ—ХVІІІ стст., безумоўна, ужо маюць кнігу «Жыватворная спадчына» на сваёй паліцы. Але гэта выданне можа быць карыснае і для чытачоў, якія цікавяцца іншымі гістарычнымі перыядамі. І вось па якіх прычынах.

Па-першае, у кнізе абмалёўваецца літаратурнае жыццё не толькі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, але і Беларусі 1960—1990-х гадоў. Таму «Жыватворная спадчына» будзе выдатнай крыніцай для даследчыка, які возьмецца пісаць пра асаблівасці культурнай сітуацыі і перыпетыі вывучэння даўняй літаратуры ў савецкую эпоху. У дадатку змешчана невялікая аўтабіяграфія і два інтэрв’ю з Вячаславам Чамярыцкім — адно за аўтарствам Сяргея Кавалёва, другое — Анатоля Клышкі. У гэтых тэкстах нярэдка згадваюцца праблемы ідэалагічнага характару, з якімі сутыкаліся літаратуразнаўцы, а ўспаміны пра юнацкія гады дазваляюць уявіць, якімі шляхамі прыходзілі да акадэмічнай навукі вясковыя хлапчукі. Варта адзначыць і ўспаміны пра старэйшага калегу і сябра Генадзя Кісялёва, дзе створаны партрэт сапраўднага навукоўца — чалавека, адданага сваёй справе, які заўсёды памятае пра краіну, дзеля якой працуе. Супрацоўнікамі Вячаслава Чамярыцкага былі таксама Юльян Пшыркоў, Аляксандр Коршунаў, Мікалай Улашчык, пра якіх даследчык піша з вялікай цеплынёй.

Па-другое, кніга выбранага Вячаслава Чамярыцкага — нагода ўспомніць не толькі літаратуру ХІІ—ХVІІІ стст., але і даследаванні, мастацкія творы, якія пабачылі свет у ХХ стагоддзі. Шаноўны даследчык пісаў пра пераклад «Слова пра паход Ігаравы», зроблены Янкам Купалам, рэцэнзаваў раман Алега Лойкі «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае», з глыбокай павагай адгукаўся пра даследаванні Аляксея Мельнікава, прысвечаныя Ефрасінні Полацкай і Кірылу Тураўскаму. У раздзеле «Чытаючы кнігі калег» змешчаны рэцэнзіі Вячаслава Чамярыцкага на навуковыя выданні, этапныя для свайго часу.

Трэці істотны момант: у многіх навуковых артыкулах Вячаслаў Антонавіч піша не толькі пра акалічнасці, важныя для вузкіх спецыялістаў, але і пра рэчы, якія варта ведаць кожнаму беларусісту. Так, у артыкуле «Паданні пра Рагнеду і праблема Полацкага летапісу» даследчык звяртаецца да праблемы датавання трагічных падзей, звязаных са сватаннем Уладзіміра да Рагнеды. Вячаслаў Чамярыцкі адзначае храналагічную неадпаведнасць даты сватання Уладзіміра да Рагнеды і гадоў жыцця князя Яраслава, які, на думку большасці гісторыкаў, быў іх агульным сынам. Думкі спецыялістаў на гэты конт адрозніваюцца: адны лічаць, што ў летапісах няправільна абазначаны ўзрост князя Яраслава, другія мяркуюць, што Яраслаў не быў сынам Рагнеды, трэція прапануюць лічыць годам сватання Уладзіміра да Рагнеды не «летапісны» 980 г., а 978 г. Менавіта трэці падыход да вырашэння праблемы абгрунтоўваецца ў артыкуле Вячаслава Чамярыцкага.

Даследчык шукае адказы на многія іншыя сутнасныя пытанні. Кім лічыў сябе Францыск Скарына — ліцвінам ці русінам? Ці існаваў Наваградскі летапіс? Як склаўся лёс нашчадкаў Усяслава Чарадзея? Чытач падрыхтаваны, гатовы да сур’ёзнай размовы, знойдзе ў кнізе «Жыватворная спадчына» шмат новых фактаў і цікавых ідэй.

Для аўтара, безумоўна, было радасна выдаць сваю кнігу ў год, юбілейны для беларускага кнігадрукавання. Шэраг артыкулаў, прадстаўленых у выданні, прысвечаны жыццю і дзейнасці нашага славутага першадрукара. Яшчэ адна тэма, важная для Вячаслава Антонавіча, — гісторыя Навагрудчыны, малой радзімы навукоўца.

Выданне змяшчае спіс публікацый Вячаслава Чамярыцкага за 1958—2016 гг., пералік кніг, выдадзеных пад яго рэдакцыяй. Як сведчаць каментарыі, многія тэксты друкуюцца ўпершыню паводле рукапісаў.

У кнізе багата прывабных загалоўкаў: «Загадкі адной беларускай калядкі XVIII ст.», «Беларус і яго імя», «Ці існавалі Дудуткі ў ХІІ ст.?». Чытач, які звернецца да гэтых публікацый, не пашкадуе пра свой выбар і, цалкам верагодна, пачне з большай цікавасцю ставіцца да літаратурных помнікаў мінулых гадоў.

Як казаў Іаган Гётэ, «лепшае, што дае нам гісторыя, — гэта энтузіязм, які яна абуджае». «Жыватворная спадчына» — кніга, напісаная рукой захопленага навукоўца, чалавека, які любіць сваю Радзіму. Менавіта гэта высокая любоў натхняе Вячаслава Чамярыцкага на навуковыя росшукі, асвятляе старонкі даследаванняў замежных гісторыкаў і філолагаў. Вячаслаў Антонавіч часта згадвае пра значнасць працы беларускіх вучоных гуманітарыяў: «Па тым, як мы ставімся да сваёй культурна-гістарычнай спадчыны, у свеце мяркуюць, што мы за народ». Таму кніга Вячаслава Чамярыцкага надае імпэту і ўпэўненасці не толькі даследчыкам, але і ўсім, хто цікавіцца мінулым нашай краіны.

Юлія ШПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.