Вы тут

Як летам адпачнуць юныя мінчане?


Свае дзверы першыя лагеры з дзённым знаходжаннем расчыняць ужо ў канцы мая. Так, «Спадарожнік», «На ростанях», «Зялёны бор», «Агеньчык» і «Крынічка» будуць працаваць у пяць змен. Сярэдняя працягласць змены — 18—21 дзень. Усяго ж сталічных школьнікаў гатовыя прыняць каля 660 лагераў: 32 загарадныя, больш за 400 на базе школ з дзённым знаходжаннем, каля 200 палатачных і 30 на арандаваных плошчах санаторна-курортных арганізацый.


Плануецца, што на працягу лета ў дзіцячых аздараўленчых лагерах адпачнуць каля 68 тысяч мінчан. Як расказаў начальнік прадстаўніцтва Мінскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Валерый НАФРАНОВІЧ, на падрыхтоўку ўстаноў да сезона было выдаткавана больш за 2,3 мільёна рублёў. Таксама на гэтыя патрэбы выдзелена частка сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, аднак асвоены яны будуць ужо пасля заканчэння цяперашняга сезона. Упершыню для аздараўлення сталічных школьнікаў будзе выкарыстаны санаторый-прафілакторый БНТУ «Палітэхнік», ён зможа прыняць 240 дзяцей адначасова. Адкрылі яго на замену закрытаму «Чабарку».

У сярэднім кошт пуцёўкі на поўную змену складзе каля 505 рублёў, за 9 дзён у профільным лагеры — 128 рублёў, пры гэтым значная частка сродкаў будзе кампенсаваная за кошт дзяржавы. Дарэчы, разнастайнасць напрамкаў профільных лагераў як ніколі шырокая: у спартыўных, спартыўна-аздараўленчых, турыстычных, краязнаўчых, ваенна-патрыятычных лагерах адпачнуць 22 тысячы мінскіх школьнікаў. Так, на базе Цэнтра сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей і інвалідаў «Расток» будзе ўжо не першы раз арганізаваны палатачны лагер «Патрыёт» ваенна-патрыятычнай накіраванасці для падлеткаў, якім неабходна сацыяльна-педагагічная ўвага. Знаходжанне ў ім цалкам фінансуецца з бюджэту. Вялікая ўвага будзе ўдзелена дзецям, якія маюць патрэбу ў падтрымцы дзяржавы. За бюджэтныя сродкі плануецца аздаравіць каля трох тысяч дзяцей-сірот, тых, якія знаходзяцца пад апекай, і дзяцей-інвалідаў.

Для тых, хто плануе зарабіць летам свае першыя грошы, у сталіцы будуць дзейнічаць лагеры працы і адпачынку. Усяго прадугледжана 1300 месцаў, запісацца змогуць падлеткі ад 14 да 18 гадоў. Асноўны тып работ — некваліфікаваная праца: уборка, праполка, фасоўка тавару, добраўпарадкаванне тэрыторыі і гэтак далей.

Валерый Нафрановіч падкрэсліў, што прыёмка летніх лагераў будзе завершана да 25 мая. Дарэчы, нягледзячы на тое, што пачатак сезона імкліва набліжаецца, яшчэ можна паспець адправіць дзіця на аздараўленне нават на першую змену: усе «гарачыя» пуцёўкі можна знайсці на сайце Мінгарвыканкама.

Дар'я КАСКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?