Вы тут

Дзікія жывёлы заходзяць у горад


Што іх цягне да людзей?

Нядаўна ў Мінску адбыўся нетрывіяльны выпадак: лось зайшоў на тэрыторыю дзіцячага садка № 79 па вуліцы Галадзеда. Інфармацыю пра здарэнне далі супрацоўнікі Мінскага ГУ МНС, і навіна выклікала неадназначныя меркаванні ў грамадстве. Да месца знаходжання дзікай жывёлы хутка прыбылі супрацоўнікі розных ведамстваў і арганізацый, увялі ёй транквілізатар і аператыўна пагрузілі ў транспарт, але да месца, дзе сахатаму планавалася аказаць дапамогу («Фаўна горада»), лася не давезлі — жывёла загінула.


Дырэктар ГП «Фаўна горада» Тамара Царыкоўская сцвярджае, што смерць лася адбылася ад шматлікіх траўмаў, нанесеных жывёле, як мяркуецца, аўтамабілем. У яго былі траўмаваныя галава, пярэднія капыты, тулава. Паколькі лось важыў каля 350 кілаграмаў, можна з упэўненасцю сказаць, што гэта была маладая асобіна. Пасля таго як жывёла трапіла пад машыну, яна ў шокавым стане паспрабавала схавацца ў зацішным і зялёным месцы, такім і аказаўся ўчастак дзіцячага садка. Па словах загадчыцы ясляў-сада № 79 Наталлі Гунько, лось пераскочыў цераз агароджу, забіўся ў самы далёкі кут і ціха там ляжаў: яго нават не адразу заўважылі.

Што ж прымусіла дзікую траваедную жывёлу пакінуць лес і накіравацца проста да небяспекі? Рыгор Янута, кандыдат біялагічных навук ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі папуляцыйнай экалогіі наземных пазваночных і кіравання біярэсурсамі, кажа, што вясной у маладняку пачынаецца перыяд самастойнага жыцця, яны сыходзяць ад маці і застаюцца зусім адны. Жывёлы дэзарыентаваныя і могуць сысці даволі далёка ад месца свайго пражывання:

— Як правіла, у такія складаныя і небяспечныя сітуацыі трапляюць маладыя жывёлы і жывёлы-падлеткі, якіх адганяюць маці ў вяснова-летні перыяд. Асобіны другога года жыцця адыходзяць ад самкі, калі ёй пара мець новае маладое патомства. Маладыя жывёлы знаходзяцца ў лёгкім здзіўленні, не ведаюць, што рабіць. Інстынкт самазахавання ў іх не моцна развіты, а падтрымка дарослага ўжо адсутнічае, таму яны імкнуцца заняць бяспечныя, на іх думку, тэрыторыі. Варта звярнуць увагу на той факт, што праз Мінск ляжыць даволі вялікая колькасць міграцыйных шляхоў, жывёле нескладана зайсці ў горад. Як правіла, звяры выбіраюць перыферыю населенага пункта ў якасці сваёй новай тэрыторыі, прыходзяць туды ўночы, але з надыходам светлага часу сутак і пачаткам інтэнсіўнага руху на дарогах, з'яўленнем людзей на вуліцах яны спрабуюць забіцца ў якое-небудзь зацішнае месца (скверы, лесапаркавыя комплексы ці той жа дзіцячы сад у дварах).

— Як часта адбываюцца падобныя выпадкі?

— Такія здарэнні даволі рэдкія ў сталіцы, не часцей за адзін раз на 2-3 гады. Да гэтага выпадку падобны інцыдэнт быў толькі ў 2015 годзе: лось зайшоў у парк Чалюскінцаў і нейкі час там знаходзіўся, затым яго проста злавілі і адвезлі ў лес.

— Што трэба рабіць пры сустрэчы з дзікай жывёлай у горадзе?

— Трэба памятаць, што любая жывёла (траваедная або драпежная) можа праяўляць прыкметы агрэсіі, але, як правіла, маладыя жывёлы спрабуюць схавацца, знайсці зацішны куток. Пры сустрэчы з любой жывёлай рэкамендацыя такая: не падыходзіць да яе нават з улікам таго, што яна траваедная. Той жа лось уяўляе вялікую небяспеку для чалавека, паколькі мае значную масу цела (да 400—500, а ў дарослых асобін яна можа дасягаць і да 700 кілаграмаў) і з лёгкасцю можа прычыніць вам шкоду. Лепш за ўсё паведаміць у кампетэнтныя структуры, у арганізацыю «Фаўна горада» альбо ў санэпідстанцыю. Адзначу, што такія нетыповыя паводзіны часцей назіраюцца ў драпежнікаў з прыкметамі розных захворванняў, часцей шаленства (лісіца, янотападобны сабака, рысь). Капытныя не хварэюць на падобныя заразныя захворванні, але могуць быць паслабленыя ад іншай хваробы альбо ад паразітаў, таму могуць уяўляць не толькі фізічную пагрозу, але і пагрозу ў якасці пераносчыка небяспечнага захворвання.

Асноўных рэкамендацый усяго дзве: трымацца воддаль на адлегласці 200—300 метраў і аператыўна паведаміць у адпаведныя службы. Неабходна як мага хутчэй злавіць жывёлу і выпусціць у лес, каб ёй не ствараць дыскамфорту, таму што ў стане стрэсу жывёла можа нанесці шкоду як сабе, так і людзям.

Застаецца толькі звярнуцца да кіроўцаў розных транспартных сродкаў і папярэдзіць, што ў гэты перыяд трэба быць вельмі ўважлівымі падчас паездак па трасах уздоўж буйных лясных масіваў. Маладыя жывёлы могуць выходзіць на дарогу, і наступствы ад такой сустрэчы прадказаць цяжка.

Вольга ПРАЛЮК

Фота Георгія ГУЛЕЎСКАГА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.