18 Чэрвень, панядзелак

Вы тут

Амерыканская сям'я з чатырох чалавек жыве без адходаў


Беа Джонсан — знакамітая актывістка-zеrо wаstе з Каліфорніі. За год яе сям'я з чатырох чалавек і сабакі ўтварае ўсяго адзін маленькі слоік адходаў. Яна прыехала ў Мінск па запрашэнні Цэнтра экалагічных рашэнняў, каб расказаць ахвотным, як у яе атрымліваецца жыць без смецця і эканоміць на гэтым не толькі грошы, але і час.


Кажам «не» непатрэбнаму

Безадходны шлях Беа Джонсан пачаўся з пераезду ў 2006 годзе. Тады яна заўважыла, што 80 % рэчаў доўгі час стаялі ў кладоўцы і так ні разу і не спатрэбіліся! Гэта навяло на думку пазбавіць сваё жыццё ад лішняга і пачаць займацца сапраўды важным — удзяляць больш увагі сям'і і сябрам, вандраваць і развівацца.

Метадам спроб і памылак Беа Джонсан выпрацавала пяць правілаў, якія дапамагаюць ёй камфортна жыць і не ўтвараць смецця. І першае з іх — гаварыць «не» непатрэбнаму.

— Скажыце «не» прадуктам у пластыкавай упакоўцы, аднаразовым рэчам, напрыклад трубачкам для напояў, пакетам, бясплатным рэчам, промаматэрыялам, папяроваму спаму (паштоўкам, флаерам і інш.). Як толькі вы нешта з гэтага бераце, адразу ж падтрымліваеце вытворчасць новага смецця. Узятая на канферэнцыі бясплатная ручка — наш спосаб сказаць «Бурыце новыя свідравіны, качайце нафту, вырабляйце новы пластык», — падкрэсліла Беа Джонсан. — Спатрэбіўся час, але мы ўсё ж дабіліся, каб нам у паштовую скрынку не кідалі ніякіх лістовак.

Скарачаем спажыванне

Аднак не ўсё адразу складвалася гладка. Па словах актывісткі, яна некалькі разоў «перагібала палку». Так, напрыклад, вырашыўшы не купляць шампунь, Беа Джонсан шэсць месяцаў выкарыстоўвала соду і воцат.

— Скажам шчыра, я не стала прывабнай прыгажуняй. А мой муж аднойчы сказаў мне: «Беа, чаму ад цябе заўсёды пахне вінегрэтам? Я так стаміўся». Тады эксперымент праваліўся, бо для мяне важна, каб прынцыпы zеrо wаstе не перашкаджалі асабістаму жыццю, — падзялілася актывістка.

Яшчэ адзін прыклад, які не закончыўся поспехам, — гэта спроба замяніць туалетную паперу на... мох!

— Я прынесла з лесу цэлы кошык імху — на наступны дзень ён ператварыўся ў грубую шчотку, якой карыстацца мы, вядома, не сталі. Таму ад туалетнай паперы мы не адмовіліся, але купляем яе, як і ўсё астатняе, без упакоўкі, — падкрэсліла Беа Джонсан. — Я гэта расказваю для таго, каб вы зразумелі, што некаторыя парады не працуюць, трэба не ўпадаць у крайнасці, а шукаць залатую сярэдзіну.

І сям'я актывісткі яе знайшла. Так, усе яны адмовіліся ад непатрэбнага адзення і пакінулі самае неабходнае. У Беа Джонсан, напрыклад, толькі дзве сукенкі, дзве спадніцы, дзве пары штаноў, адны штаны для ёгі і восем топаў. Аднак, па яе словах, гэтыя рэчы — шматфункцыянальныя і з іх жанчына можа скласці ажно 50 розных камплектаў. Касметыку яна робіць сама з прыродных матэрыялаў, купляе толькі танальны крэм.

— Калі ў мяне менш вопраткі, чым у вас, гэта не значыць, што ў мяне стала менш шанцаў выглядаць стыльна. Аднак усё маё адзенне ўмесціцца ў невялікі чамадан. Гэта вельмі зручна, бо не трэба губляць час на зборы, — падкрэсліла Беа.

Прынцыпаў мінімалізму жанчына прытрымліваецца і на кухні. З першага погляду падаецца, што дом Беа нібыта пусты, але на самай справе там проста няма нічога лішняга.

— Рэклама з усіх бакоў кажа, што для ракавіны нам неабходны адны мыйныя сродкі, для пліты — другія, а для вокнаў — трэція. Паверце, воцату з вадой дастаткова. Дадаткова мы купляем толькі мыла без упакоўкі. Ім мыем і рукі, і падлогу, і нашага сабаку Зізу, — расказала актывістка. — Таксама зразумела, што нам не трэба шмат посуду. З вялікай колькасці кухонных аксесуараў я пакінула толькі пяць. Навошта мне 10 аднолькавых лыжак, калі ў мяне і рук столькі няма?

Выкарыстоўваем паўторна

Усе аднаразовыя рэчы сям'я Беа Джонсан замяніла на шматразовыя. У іх няма нічога з пластыку. Па закупкі яны ходзяць толькі са сваёй тарай у спецыяльныя аптовыя крамы. І менавіта ланч-боксы носяць у тканіне. Па словах жанчыны, ніхто з іх не смяецца. Яны жартуюць, што дыета ў іх такая — zеrо wаstе.

Новае адзенне сям'я Беа купляе вельмі рэдка, а калі нешта патрэбна, то ідуць у сэканд-хэнд. Туды ж аддаюць і свае старыя рэчы.

Перапрацоўваем і кампастуем

Цікава, але Беа Джонсан заклікае перапрацоўваць не больш, а менш. Бо ў ідэале адходаў не павінна ўтварацца ўвогуле. Канцэпцыя zеrо wаstе якраз пра гэта.

— У нас няма сметніцы, а кантэйнер для перапрацоўкі меншы за чыхуахуа. Нам проста амаль няма чаго выкідваць. Тая ж сітуацыя і з кампостам. Улады нам дапамагаюць з гэтым, але мы ўсё роўна імкнёмся і арганікі ўтвараць па мінімуме. Напрыклад, не чысцім агародніну і садавіну. Вітамінаў у скурцы шмат, а смецця ўтвараецца менш, — падкрэсліла Беа Джонсан.

Кацярына ЦІТОВА

Фота з асабістага архіва Беа Джонсан

Загаловак у газеце: «У нас увогуле няма сметніцы»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.

Грамадства

Людзей палілі ў хляве, хто выбягаў — сустракалі агнём

Людзей палілі ў хляве, хто выбягаў — сустракалі агнём

Гэтымі днямі споўнілася 75 гадоў, як знішчылі жыхароў вёсак Любель-Поль і суседняй Вулькі Гарадзішчанскай. 

Эканоміка

Выбіраем недарагі і даступны крэдыт на жыллё

Выбіраем недарагі і даступны крэдыт на жыллё

Правілы гульні ў крэдыты змяніў Нацыянальны банк краіны. 

Калейдаскоп

У Наваполацку ўпершыню прайшоў канцэрт «Песня года»

У Наваполацку ўпершыню прайшоў канцэрт «Песня года»

Музычны тэлепраект «Песня года» тэлеканал АНТ ладзіць ужо 13 гадоў, пераняўшы традыцыю ў расійскага Першага канала.