Вы тут

Чаму быць сярэднім спецыялістам эканамічна нявыгадна?


Прафесар Джон Хокінс, аўтар сусветнага бестселера «Крэатыўная эканоміка. Як пераўтварыць ідэі ў грошы», сцвярджае, што каштоўнасць эканамічных сістэм сёння залежыць не ад такіх традыцыйных рэсурсаў, як зямля, праца і капітал, а ад ініцыятыўнасці, арыгінальнасці і крэатыўнасці. Крэатыўная эканоміка будзе галоўнай формай эканомікі ў ХХІ стагоддзі. Грамадству патрабуюцца творчыя асобы, таму ўсім трэба развіваць у сабе менавіта тыя навыкі, якія выгадна адрозніваюць нас ад штучнага інтэлекту, каб у канкурэнцыі з машынамі не саступіць апошнім.

Універсальныя кампетэнцыі ХХІ стагоддзя сталі тэмай адкрытай лекцыі, якая прайшла ў Беларускім дзяржаўным універсітэце пры поўным аншлагу. Аўдыторыя ледзь змагла змясціць усіх ахвотных. Спікерам выступіла загадчык кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ, доктар педагагічных навук, прафесар Вольга ЖУК, якая цалкам паглыбіла студэнтаў у праблему. А дацэнт той жа кафедры, кандыдат педагагічных навук Святлана СІРЭНКА правяла міні-трэнінг, які дазволіў удзельнікам засвоіць некаторыя тэхнікі развіцця творчых здольнасцяў.


Каб не стаць лішнімі...

— Інтэрнэт рэчаў, аўтаномныя электрамабілі, дроны, робаты, індывідуальныя лекі, створаныя на падставе аналізу ДНК, альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, «разумныя гарады»... Усё гэта ўжо сённяшні дзень. Ва ўмовах лічбавай рэвалюцыі рынак працы змяняецца кардынальна, а многія прафесіі знікаюць назаўсёды, — падкрэслівае Вольга Жук. — Эксперты 46-га Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе ў 2016 годзе паведамілі, што на працягу найбліжэйшых дзесяці гадоў у пятнаццаці найбольш развітых краінах Еўропы колькасць рабочых зменшыцца на 5 мільёнаў. А на думку экспертаў Маскоўскай школы эканомікі, да 2040 года ад адной трэці да паловы рабочых месцаў у прамыслова развітых краінах будуць запоўнены камп'ютарнымі праграмамі і робатызаванымі рашэннямі.

Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя і крэатыўная эканоміка ўзмацняюць няроўнасць паміж людзьмі. Але, на думку вядомага эксперта Германа Грэфа, актуалізуюцца супярэчнасці не паміж багатымі і беднымі, а паміж людзьмі з высокаразвітымі кампетэнцыямі, прафесіяналамі высокага класа — з аднаго боку, і сярэднімі спецыялістамі — з другога. Прасцей кажучы, быць сярэднім студэнтам, сярэднім выпускніком, сярэднім спецыялістам становіцца эканамічна нявыгадна.

Да таго ж шырокае прымяненне штучнага інтэлекту і робатаў цягне за сабой з'яўленне новага класа людзей, якіх называюць бескарыснымі ці лішнімі. Паводле даследавання Эрыка Хёрста, эканаміста з Чыкагскага ўніверсітэта, 22 мільёны маладых амерыканскіх мужчын без вышэйшай адукацыі не працавалі ў 2017 годзе ні аднаго дня. Пры гэтым 7 мільёнаў беспрацоўных нават не рабілі спробы знайсці сабе працу. Але чым жа яны займаюцца? Большую частку свайго часу бавяць за відэагульнямі...

Ёсць прагнозы, паводле якіх да 2050 года ва ўмовах робатызацыі рабочы дзень для людзей з вышэйшай адукацыяй скароціцца да трох гадзін. І ўзнікае няпростае пытанне: чым жа будзе заняты чалавек у сярэдзіне ХХІ стагоддзя? Няўжо ён цалкам паглыбіцца ў віртуальны свет?

«Мяркую, адказ на яго ў многім залежыць ад патрэбы кожнага з нас у асабістым росце, у развіцці ў сабе крэатыўнасці, гатоўнасці займацца разнапланавай, карыснай, творчай работай, стваральнай і дабрачыннай дзейнасцю, — разважае Вольга Жук. — Гэта сапраўдны выклік і сістэме адукацыі, і ўсім нам. Як спраектаваць свой асобасны і кар'ерны рост ва ўмовах нявызначанасці, калі пра будучыню яшчэ мала што вядома? Як універсітэту рыхтаваць канкурэнтаздольных выпускнікоў? Невыпадкова сёння спрабуюць сфармуляваць не толькі глабальныя выклікі сучаснаці, але і ўніверсальныя кампетэнцыі, якія дапамогуць нам усім адаптавацца да сітуацыі, якая імкліва змяняецца».

Адкрытая лекцыя прайшла пры поўным аншлагу. Аўдыторыя ледзь змагла змясціць усіх ахвотных.

Больш, чым проста веды

Адзін з выклікаў — адсутнасць ва ўмовах пастаянных змяненняў гатовых рашэнняў і «рэцэптаў». Патрэбныя навыкі — крытычнае і крэатыўнае мысленне, уменне самастойна распрацоўваць новыя метады рашэння праблем (у залежнасці ад умоў), веданне прынцыпаў і падыходаў, якія ляжаць у аснове прыняцця рашэнняў. Не менш сур'ёзныя выклікі — лічбавая рэвалюцыя і размыванне межаў паміж прафесійнымі галінамі. Каб арыентавацца ў вялізным інфармацыйным свеце, трэба валодаць лічбавай адукаванасцю. Патрабуюцца два ўменні. Першае — ажыццяўляць пошук інфармацыі, уменне яе аналізаваць. І другое, самае галоўнае, — уменне выбудоўваць сувязі паміж здабытай інфармацыяй і атрыманымі раней ведамі і ўбудоўваць новую інфармацыю ў задачы і праблемы, што ўзнікаюць. Сёння каштоўнасць мае не факталагічная інфармацыя, якую лёгка можна знайсці ў інтэрнэце. Запатрабаванымі становяцца глабальная дасведчанасць і фундаментальная падрыхтоўка, заснаваная на навуковых тэарэтычных кампанентах. Яны забяспечваюць разуменне прынцыпаў уладкавання і ўзаемадзеяння паміж прыродай і чалавекам, грамадствам і эканомікай, таму спецыялістам патрабуюцца навыкі міжгаліновай камунікацыі, работы ў міждысцыплінарных камандах, у праектнай дзейнасці на стыку галін.

Дык якім жа чынам можна спраектаваць свой уласны адукацыйны маршрут, каб забяспечыць развіццё ў сабе кампетэнцый ХХІ стагоддзя?

Кампетэнцыі — гэта больш, чым проста веды і ўменні, — тлумачыць Вольга Жук. — Гэта ўменні і веды плюс псіхасацыяльныя асобасныя якасці, звязаныя з адказнасцю за тое, што мы ведаем і ўмеем прымяняць на практыцы.

Існуюць розныя пералікі ўніверсальных кампетэнцый, неабходныя тым, хто хоча заставацца ў ХХІ стагоддзі ў трэндзе (больш лаканічныя і, наадварот, максімальна пашыраныя). Напрыклад, пералік, сфарміраваны на Давоскім эканамічным форуме, уключае 10 пунктаў: уменне вырашаць комплексныя задачы, крытычнае мысленне, крэатыўнасць, уменне кіраваць чалавечымі рэсурсамі, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, эмацыянальны інтэлект, адказнасць за прыняцце рашэнняў, арыентацыю на сферу паслуг, уменне весці перагаворы, акадэмічную гнуткасць.

На думку амерыканскіх экспертаў, на першае месца выходзяць камунікатыўныя здольнасці, навыкі вырашэння праблем, уменне працаваць у камандзе, захаванне карпарацыйнай этыкі, лідарскія якасці, ініцыятыўнасць, аналітычныя здольнасці, гнуткасць і здольнасць адаптавацца, навыкі міжасабовых стасункаў, тэхнічныя навыкі, навыкі стратэгічнага планавання, крэатыўнасць і прадпрымальніцкія здольнасці.

Вольга Жук: «Інтэлектуальныя здольнасці і сіла волі падобныя да мышцаў».

А што ў дэфіцыце?

Вольга Жук паведаміла, што восем беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі з'яўляюцца ўдзельнікамі міжнароднага праекта «Садзейнічанне развіццю кампетэнцый у беларускай вышэйшай адукацыі» ў рамках праграмы Эразмус+. Разам з імі ў праекце ўдзельнічаюць ВНУ-партнёры з Іспаніі, Літвы, Польшчы і Фінляндыі. Эксперты з гэтых краін сфармулявалі 24 ключавыя кампетэнцыі. Акрамя вышэйзгаданых пералік уключае таксама тайм-менеджмент (уменне эфектыўна кіраваць сваім часам), здольнасць прадбачыць новыя праблемы, працаваць пад ціскам (стрэсаўстойлівасць), адкрытасць для новых прафесійных магчымасцяў, разуменне складаных праблем у цэлым, здольнасць даступна тлумачыць свае ідэі, мабілізоўваць патэнцыял іншых, хутка набываць новыя веды, браць пад сумненне існуючыя ідэі, прэзентаваць прадукт, ідэі ці справаздчы на публіцы і іншыя.

З кастрычніка 2017-га па студзень бягучага года ў нашай краіне праводзілася комплекснае анкетаванне выпускнікоў, выкладчыкаў універсітэтаў і работадаўцаў. Яго вынікі дазваляюць ацаніць, наколькі ўніверсітэцкая адукацыя садзейнічае развіццю кампетэнцый і наколькі адрозніваюцца меркаванні выпускнікоў, выкладчыкаў і работадаўцаў наконт таго, якіх жа кампетэнцый не хапае нядаўнім студэнтам (а іх меркаванні не заўсёды супадаюць). Высветлілася, напрыклад, што да дэфіцытных кампетэнцый адносіцца ўменне прымаць рашэнні ва ўмовах нявызначанасці, эфектыўна весці перагаворы, прыстасоўвацца да змяненняў, размяркоўваць свой час, прадбачыць новыя праблемы, стрэсаўстойлівасць, уменне планаваць, арганізоўваць і каардынаваць дзейнасць, адкрытасць для новых магчымасцяў, разуменне праблем у цэлым, уменне сістэматызаваць і абагульняць. На думку наймальнікаў, моцна «кульгае», калі не сказаць больш жорстка — адсутнічае, веданне замежных моў, таксама ў выпускнікоў бракуе лідарскіх якасцяў.

Святлана Сірэнка: «Ствараем веер канцэпцый. Ваш сусед зверху слухае гучную музыку. Што мы можам зрабіць?»

Смартфон — супраць выкладчыка

— Фарміраванне ўніверсальных кампетэнцый — не толькі задача сістэмы адукацыі, а сфера адказнасці кожнага з нас за свае адукацыйныя вынікі, — упэўнена Вольга Жук. — Эксперты трох сусветных карпарацый па стварэнні штучнага інтэлекту (Gооglе, Mісrоsоft і ІBM) прагназуюць, што засталося сем гадоў да знікнення папяровых падручнікаў. Між іншым, смартфоны са штучным інтэлектам стануць даступныя для ўсіх. Натуральна, што ўсё гэта зменіць характар узаемадзеяння выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама важнасць і каштоўнасць вучэбна-даследчай дзейнасці. Выкладчык ужо не зможа быць упэўненым у тым, хто вырашыў задачу: студэнт ці яго смартфон? Гэта азначае, што традыцыйныя методыкі, у якіх не менш як 50 працэнтаў займае кантрольна-ацэначная дзейнасць, сыдуць у мінулае.

У такім выпадку якія ж методыкі будуць запатрабаваныя? На думку загадчыка кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ, сёння ўзрастае актуальнасць праблемнага навучання, эўрыстычнага, праектнага, перакуленага навучання, творчай работы ў мабільных камандах. Пры гэтым арыгінальнасць і крэатыўнасць стануць асноўнымі крытэрыямі ацэньвання адукацыйных вынікаў студэнтаў.

Вольга Жук абнадзейвае моладзь: «Інтэлектуальныя здольнасці і сіла волі падобныя да мышцаў: чым больш актыўна іх выкарыстоўваеш, тым больш моцнымі і трывалымі яны становяцца. Таму трэніруйцеся...»

Даведка

Цыкл адкрытых лекцый стартаваў у БДУ ў снежні 2017 года. Праект накіраваны на ўдасканаленне ведаў у студэнтаў, а таксама пашырэнне іх кругагляду і павышэнне матывацыі да вывучэння гуманітарных і прыродазнаўчых дысцыплін. Лекцыі не патрабуюць спецыяльнай папярэдняй падрыхтоўкі слухачоў. Акрамя таго, тэмы выступленняў і спікераў вызначаюць самі студэнты ў залежнасці ад сваіх навуковых інтарэсаў. Для гэтага ім прапануецца пакінуць свае пажаданні, запоўніўшы анкету анлайн. Ідэя правядзення навукова-адукацыйных сустрэч належыць упраўленню выхаваўчай работы з моладдзю БДУ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Арыгінальнасць, крэатыўнасць і ініцыятыўнасць

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.

Грамадства

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

У лістападзе ў Мінску пройдзе Беларускі тыдзень моды.

Культура

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

Віктар Альшэўскі: І з фанеры можна стварыць нешта выключнае

У «высокім» арт-асяродку таксама ёсць месца жарсцям і інтрыгам. 

Грамадства

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Дзень маці адсвяткавалі ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення

Папяровыя кветкі, маляўнічыя паштоўкі, песні, танцы і мора праніклівых, ласкавых слоў.