Наша адмысловае творчае спаборніцтва — конкурс «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» — выйшла на фінішную прамую. Вычытаны апошнія дасланыя «пробы пяра», найлепшыя з іх падрыхтаваны да публікацыі. Яны з'явяцца на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены» найбліжэйшым часам. Потым сваё слова скажа рэдакцыйнае журы, ацаніўшы намаганні ўдзельнікаў і падвёўшы такім чынам рысу пад чарговым сезонам конкурсу. Нашым юным і маладым няштатным аўтарам застаецца толькі чакаць. Каб гэта было не так сумна, мы традыцыйна прапануем ім дасылаць свае новыя «пробы пяра» — ужо па-за творчым спаборніцтвам, як звычайныя журналісцкія матэрыялы. Найлепшыя з іх абавязкова будуць надрукаваны. Ну што, вастрыце пёры, аўтары?!
У Беларусі пражывае больш за два мільёны чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. З іх каля 900 тысяч з'яўляюцца школьнікамі. І ў кожнага дзіцяці — свае інтарэсы і мэты. Адзін марыць стаць настаўнікам, другі — біятланістам, а трэці — інжынерам.
Я лічу, што магчымасць увасабляць у жыццё свае ўласныя задумы — найвялікшае багацце, падараванае людзям. Не так важна, чым ты займаешся, галоўнае — твая любоў да гэтай справы. Раскажу гісторыі трох герояў з абсалютна рознымі інтарэсамі, якія правільна скарысталіся ўсімі даступнымі магчымасцямі і, дзякуючы сваім захапленням, заявілі пра сябе на ўсю краіну.
Як стаць чэмпіёнам
Мадэлізм — тэхнічны від спорту па вырабе паменшаных копій рознай тэхнікі. Шаснаццацігадовы Сцяпан Гіль з Маладзечна займаецца ім ужо больш за пяць гадоў. З самага дзяцінства хлопчык любіў збіраць немудрагелістыя цацачныя танкі і машынкі, а калі даведаўся пра існаванне ў цэнтры творчасці суднамадэльнага гуртка, быў неймаверна шчаслівы. Самай першай работай юнага канструктара стала невялікая копія савецкага ваеннага самалёта.
— Усяго ў мяне каля дваццаці мадэляў. У сярэднім выраб простай займае некалькі тыдняў, а на самую складаную пайшло шэсць месяцаў, — расказвае Сцёпа.
За гэтыя гады юнак заваяваў шмат узнагарод. Восенню ён заняў прызавое месца на міжнародным конкурсе-выстаўцы стэндавага мадэлізму «Мінск-2017», у якім прымалі ўдзел спартсмены з Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны і Германіі. Гэты фэст праводзіцца ў нашай краіне штогод і з кожным разам збірае ўсё больш замежных гасцей. А яшчэ Сцяпан быў узнагароджаны дыпломам другой ступені ў Кубку Рэспублікі Беларусь па суднамадэльным спорце «Залатая восень — 2017».
Але самым значным дасягненнем для спартсмена з'яўляецца перамога на першынстве Беларусі па суднамадэльным спорце «Навігацыя», на якім Сцёпа абышоў сур'ёзных сапернікаў з усёй краіны і стаў бясспрэчным лідарам у сваёй катэгорыі.
Зараз юнак пад кіраўніцтвам трэнера Мікалая Хрэшчыка актыўна рыхтуецца да чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, які пройдзе летам, а затым плануе прыняць удзел у чэмпіянаце Еўропы. Акрамя заняцця тэхнічнымі відамі спорту ў вольны час, Сцяпан вучыцца іграць на гітары, старанна вывучае французскую мову і рыхтуецца да паступлення ў Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі.
Творчасць без межаў
Жыццё Яны Даўбенкі, навучэнкі маладзечанскай гімназіі № 10, цесна звязанае з творчасцю. Дзяўчынка іграе на двух музычных інструментах, да нядаўняга часу з'яўлялася салісткай хору, з якім аб'ездзіла амаль усю Еўропу.
Зараз Яна выступае сольна. Апроч таго, яна была вядучай раённых мерапрыемстваў «Дажынкі» і «Дзень Незалежнасці». Дарэчы, на кожным з такіх канцэртаў збіраецца не менш за тысячу гледачоў.
Дзякуючы сваім талентам дзяўчына і яшчэ чацвёра падлеткаў выйгралі пуцёўкі ў міжнародны лагер у Германіі і сталі ўдзельнікамі праграмы па абмене вопытам і вывучэнні замежных моў. Там былі дзеці не толькі з краін Еўропы, але і з Канады, Кітая і Эквадора. Размаўлялі хлопцы і дзяўчаты толькі на нямецкай мове, разам хадзілі ў школу, ездзілі на экскурсіі і кожны дзень даведваліся нешта новае пра родныя мясціны тых, хто адпачываў у лагеры.
— Мне здаецца, што для маіх аднагодкаў падобныя праграмы — найлепшая матывацыя для добрай вучобы і самаўдасканалення, — лічыць Яна.
Формула поспеху
— Хімія — царыца ўсіх навук, бо ўсё, што ёсць у нашым свеце, можна апісаць праз яе формулы. З ёй мы сутыкаемся штохвілінна. І калі я сам даведваюся нешта новае ў гэтай сферы, гэта не можа не зачароўваць, — дзеліцца сваімі думкамі Уладзіслаў Бажко, пераможца алімпіяды па хіміі, якая прайшла на міжнароднай беларуска-сірыйскай змене для адораных дзяцей у нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня».
Зараз юнак вучыцца ў дзясятым класе маладзечанскай гімназіі № 7 і ім ганарыцца настаўніца хіміі Наталля Пашчук, якая некалькі гадоў таму звярнула ўвагу на талент і патэнцыял хлопчыка. З восьмага класа Уладзіслаў з поспехам удзельнічае ў разнастайных інтэлектуальных форумах. У сакавіку ён заваяваў дыплом трэцяй ступені ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, у якім бралі ўдзел каля 40 самых адораных юных хімікаў нашай краіны.
У вольны час хлопец любіць фатаграфаваць і робіць гэта вельмі прафесійна. Перавагу Улад аддае не пастановачным, а выпадковым здымкам, якія атрымліваюцца больш «жывымі» і цікавымі.
У родным горадзе імя гэтага маладога чалавека вядома многім. Справа ў тым, што Улад з'яўляецца актыўным грамадскім дзеячам, членам клуба ЮНЕСКА «Планета».
— Наша праца накіравана на данясенне карыснай і патрэбнай інфармацыі аднагодкам у сферы нефармальнай адукацыі. Мы праводзім трэнінгі, форумы, семінары на такія тэмы, як талерантнасць, дыскрымінацыя, правы дзіцяці, прапаганда здаровага ладу жыцця. За тры гады асабіста я правёў больш за трыццаць такіх мерапрыемстваў, — расказвае юнак.
Разам з таварышамі Улад з'яўляецца валанцёрам: займаецца з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі, праводзіць для іх «аздараўляльную магію» — практыкаванні-фокусы, скіраваныя на развіццё дробнай маторыкі.
...Вось такія яны, мае героі, — мэтанакіраваныя, працавітыя і таленавітыя!
Карына МІКЛУШЫС, вучаніца 10 класа СШ № 2 г. Маладзечна
Пра аўтара
— Дзверы ў шчаслівую будучыню ў кожнага свае. Адны выдатна спяваюць, другія перамагаюць на алімпіядах, трэція — робяць макеты самалётаў, — разважае 16-гадовая аўтарка, відавочна, праводзячы паралель са сваімі героямі. — Мне ж, як журналісту-пачаткоўцу, падабаецца пісаць пра іншых людзей і іх інтарэсы. Дзякуючы такім гісторыям я не толькі натхняюся сама, але і спрабую матываваць іншых.
У Карыны гэта ўжо другая па ліку «проба пяра», дасланая (і апублікаваная) на наш творчы конкурс.
***
Наша адмысловае творчае спаборніцтва — конкурс «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» — выйшла на фінішную прамую. Вычытаны апошнія дасланыя «пробы пяра», найлепшыя з іх падрыхтаваны да публікацыі. Яны з'явяцца на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены» найбліжэйшым часам. Потым сваё слова скажа рэдакцыйнае журы, ацаніўшы намаганні ўдзельнікаў і падвёўшы такім чынам рысу пад чарговым сезонам конкурсу. Нашым юным і маладым няштатным аўтарам застаецца толькі чакаць. Каб гэта было не так сумна, мы традыцыйна прапануем ім дасылаць свае новыя «пробы пяра» — ужо па-за творчым спаборніцтвам, як звычайныя журналісцкія матэрыялы. Найлепшыя з іх абавязкова будуць надрукаваны. Ну што, вастрыце пёры, аўтары?!
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.