Вы тут

Позняе дараванне, або Калі б не было вайны


У дні, калі краіна святкавала Дзень Перамогі, у сродках масавай інфармацыі, у сацыяльных сетках публікавалі нямала гісторый франтавікоў. Яны розныя. Толькі часцей за ўсё ўдзельнікі колішніх баёў згадваюць цяжкасці, гераізм, боль ад страты таварышаў. Франтавікі рэдка гавораць пра тое, як вайна выядала душы, калечыла чалавечую псіхіку, як ламала лёсы. Ды і самі яны пра гэта наогул стараюцца не разважаць, хіба толькі іх родныя.


Гераіня аднаго з матэрыялаў маёй рубрыкі «Вёскі, якія знікаюць: апошнія жыхары» расказвала сямейную гісторыю, правільней сказаць, сямейную драму сваіх бацькоў. Па зразумелых прычынах тая гісторыя ў тэкст асноўнай публікацыі не ўвайшла. Але ў памяці засела, хоць прайшло ўжо даволі часу. Дык вось, адна з апошніх жыхарак палескай вёскі вайну сустрэла малым дзіцем. Цалкам зразумела, што дзень, калі бацька сыходзіў на фронт, не памятае, але добра помніць, як вярнуўся. Згадвае, якой шчаслівай была маці, што прыйшоў, хоць хворы, паранены, але ж жывы! Маці зайздросцілі суседкі, якія не дачакаліся сваіх. Сваякі прыязджалі, каб парадавацца, адсвяткаваць шчаслівае вяртанне франтавіка.

Але вельмі хутка маці зразумела, што дадому прыйшоў не яе муж, якога яна праводзіла на вайну, а зусім іншы чалавек, азлоблены, нібы апустошаны знутры. Ён пачаў пакрысе співацца. Не тое страшна, што буяніў нападпітку, ён яшчэ горшым быў цвярозы, як быццам з яго некуды выйшла ўсё чалавечае. Цяпер гэта назвалі б, відаць, псіхалагічным гвалтам у сям'і. А тады... Вясковая бабулька расказвае пра свайго бацьку, які проста не даваў маці жыць. Рабіў гэта свядома, нават здзекаваўся. Кожны яе крок жорстка крытыкаваў, зневажаў, абзываў, паднімаў руку на вачах у дзяцей. Няшчаснай жанчыне было яшчэ цяжэй, што грамада яе асуджала, а не яго. Маўляў, не шануе мужа-франтавіка, ён, герой-пераможца, мае права строіць сям'ю. І ёй не было дзе падзецца. Яна цярпела і чакала, каб ён памёр, здароўе ж было страчана на вайне... Дачка ўжо падлеткам была, усё разумела, шкадавала маці. Потым бацькі не стала, ён памёр, але паспеў падарваць здароўе жонцы. І яна, жонка, яму не даравала. Цяпер спрабуе знайсці апраўданне і дараваць дачка: «Гэта вайна яго зрабіла такім. Хто ведае, што ён там бачыў, што перажыў. Ён ніколі не расказваў».

Яшчэ пра аднаго франтавіка і позняе дараванне расказала нядаўна калега. Гэта іх сямейная гісторыя, хоць і зусім іншая. Дзед яе мужа пайшоў на фронт з Яраслаўскай вобласці. Дома засталіся жонка з дзецьмі. Пры гэтым адна дачка хварэла, была інвалідам. Нацярпеліся яны найбольш ад голаду, як потым успамінаў сын франтавіка, быў час, што траву елі. Ён не ўсю вайну прайшоў, пасля цяжкага ранення камісавалі. Таму мог бы вярнуцца да сям'і ўжо недзе ў пачатку 44-га — яны ж так чакалі! Але пасля шпіталя муж і бацька сямейства паехаў да другой жанчыны. А сям'я яго асабліва моцна галадала ў першы пасляваенны год, ледзьве выжылі. Ды нешта не зладзілася ў яго і ў новай сям'і. Адным словам, вярнуўся той нядаўні салдат да жонкі і дзяцей недзе ў 46-м. Найбольш яскравы, а з гадамі — балючы, — успамін яго сына, свёкра маёй калегі, — вяртанне бацькі. Калі ён зайшоў у хату і выняў з кішэні жменю цукерак, крыху разлезлых без абгортак, такія тады прадавалі. Відаць, самых танных. І як яны елі іх, памятаў.

Ці даравала яму жонка? Відаць, так. А вось сын... Да яго бацька прыехаў у 1969-м у Мінск паміраць. Жонкі ўжо не было, былы франтавік быў хворы на рак. Так ён і дажыў свой век у сям'і сына, тут пахавалі. Сын яшчэ зварыў на заводзе, дзе працаваў, металічную агароджу на магілу, паставіў яе, але больш туды не хадзіў. Так і не дараваў яму. Ранні сыход з жыцця маці, лічыў ён, менавіта на сумленні бацькі.

І вось толькі нядаўна ўнукі амаль выпадкова знайшлі тую магілу на адных са сталічных могілак і сталі яе даглядаць. Потым у інтэрнэце адшукалі і звесткі пра свайго дзеда — удзельніка вайны. Даведаліся, што да вайны ён быў кухарам у Яраслаўлі. І нечакана для сябе адкрылі, адкуль у праўнукаў схільнасці да кухарства, некаторыя з іх працуюць на прафесійнай аснове. Аналізуючы скупыя звесткі, унукі прыйшлі да высновы, што дзед іх быў зусім нядрэнным чалавекам. І ўсё магло б быць зусім іначай. Каб не вайна, якая перапісвала на свой лад сямейныя гісторыі, гнула і ламала характары, а не толькі забівала. Тым яна і страшная.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.