Вы тут

Дрыбінскі раён, вядомы як захавальнік традыцый, гатовы рушыць наперад


«Звязда» распачынае новы праект, у якім мае намер расказаць пра розныя рэгіёны Беларусі, да адметнасці якіх можна прымяніць прыслоўе «самы». Мы вырашылі пачаць з самага маладога ў краіне — Дрыбінскага. Да таго ж і старшыня райвыканкама там прызначаны ўсяго толькі тры месяцы таму. З аднаго боку, гэты тэрмін яшчэ дазваляе падзяліцца свежым поглядам, з другога — дастатковы, каб агледзецца і вызначыцца з найбліжэйшымі планамі. Гэта інтэрв'ю — першае, якое старшыня Дрыбінскага райвыканкама дае на сваёй пасадзе.


29 снежня 1989 года Дрыбінскі раён быў адноўлены трэці раз за сваю гісторыю. У наступным годзе ў шасці вёсках — Трылесіна, Расна, Пудаўня, Міхееўка, Кароўчына і Белая — былі пабудаваны пасёлкі для перасяленцаў з іншых раёнаў краіны ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС. Раён тройчы наведваў Прэзідэнт Беларусі — у 1996, 1997 і 1998 гадах. Зараз тут пражывае 9700 чалавек. Апошнім часам мясціны гэтыя набылі вядомасць у краіне і за яе межамі дзякуючы рамяству, якое ўдалося не толькі захаваць, але і развіць, — шапавальству. Яшчэ ў раёне адрадзілі і папулярызуюць лапцепляценне. Тут увогуле трапятліва адносяцца да народнай культуры і да прыроды. Хочацца дадаць — і да чалавека. Напрыклад, на Дрыбіншчыне знаходзіцца найлепшае ў вобласці аддзяленне для кругласутачнага знаходжання састарэлых і інвалідаў. Аднак асноўнае, чым жыве рэгіён, — сельская гаспадарка. Яна і стала галоўнай тэмай нашай размовы з кіраўніком раёна Дзмітрыем Гатоўчыкам.


— Дзмітрый Уладзіміравіч, вы ўжо адчулі асаблівасць гэтых мясцін?

— Думаю, яе адчувае кожны, хто сюды трапляе...

— Згодная, я, напрыклад, заўважыла, што людзі тут адзін аднаму ўсміхаюцца.

— Я нарадзіўся недалёка — у Горацкім раёне, але не думаў, што за 20 кіламетраў адтуль ёсць гэтакі незвычайны рэгіён. Мне імпануе яго спецыфіка: амаль 70 працэнтаў людзей пражывае ў сельскай мясцовасці, уся створаная інфраструктура накіравана не на раённы цэнтр, а на пасёлкі, у якія прыехалі людзі пасля чарнобыльскай трагедыі. У гэтых шасці пасёлках адбылося «змяшэнне крыві» з розных рэгіёнаў, і гэта адлюстравалася на мясцовым жыцці. Вынік перасялення, якое адбылося 30 гадоў таму, — пазітыўнае стаўленне людзей да жыцця, якое вы заўважылі.

Адчуваю гэта і па выканкаме. Бачу, як працуе апарат са зваротамі грамадзян, як адбываецца справаводства, наколькі адточана выканаўчая дысцыпліна. Тут працуе згуртаваная каманда, створаны эфектыўны механізм кіравання.

Адна з маіх задач — рэалізацыя дзяржаўнай кадравай палітыкі, таму ў першую чаргу звярнуў увагу на кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў. На сёння раён укамплектаваны кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў. Мы своечасова адсеяліся, ішлі ў ліку першых шасці рэгіёнаў па тэмпах пасяўной кампаніі, хоць і не знаходзімся на поўдні. Перспектывы і магчымасці ў раёна ёсць.

Фо­та Люд­мі­лы Сві­ры­дзен­кі. Ды­нас­тыя хле­ба­ро­баў Гур­ко­вых з ТАА «Тры­ле­сі­на-аг­ра»:  Баць­ка Аляк­сандр і сы­ны Ан­тон і Анд­рэй.

— А ініцыятыва?

— З гэтым больш складана, і не толькі на Дрыбіншчыне. Энергічная моладзь мігрыруе ў цэнтры, якія даюць найбольшыя магчымасці для раскрыцця патэнцыялу. Але мы таксама імкнёмся стварыць магчымасці. Па ініцыятыве старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова ў трох раёнах (Горацкім, Мсціслаўскім і Дрыбінскім) створаны рабочыя групы, якія ўзначалілі прарэктары сельгасакадэміі. Нашу групу курыруе Юрый Цібец, які з камандай эканамістаў і тэхнолагаў дапамагае рэалізоўваць новыя ідэі.

Разам з вучонымі працуем па двух напрамках. Першы — абапіраючыся на базу, якую маем, імкнёмся атрымаць і найбольш выгадна прадаць таварную прадукцыю, другі — шукаем новыя шляхі развіцця раёна, новыя раслінныя культуры для вырошчвання, новыя тэхналогіі ў кармленні жывёл, новыя падыходы ў профілі гаспадарак, каб атрымаць больш аддачы. Не сядзім на месцы, чытаем прэсу, звяртаем увагу на станоўчы вопыт, пра які ёсць інфармацыя ў інтэрнэце, і ўсё самае лепшае гатовы выкарыстаць тут.

Сёлета павінны завяршыць жывёлагадоўчыя комплексы ў «Трылесіна-агра» і «Дрыбін-агра». У выніку павялічацца пагалоўе буйной рагатай жывёлы, надоі малака. Шэсць сянажна-сіласных траншэй па дзве тысячы тоны кожная паспрыяюць павышэнню якасці кармоў, а значыць, паляпшэнню здароўя жывёл. База на сельгаспрадпрыемствах раёна неблагая, ёсць і людзі. Поспех залежыць ад скаардынаванасці іх працы.

— Раён галоўным чынам забяспечвае сыравінай магілёўскую кампанію «Бабуліна крынка»?

— Так, наш рэгіён — сыравінная зона «Бабулінай крынкі». Рэалізацыя на 100 % ідзе туды.

— Ці ёсць сэнс ствараць уласную вытворчасць тых жа малочных прадуктаў?

— Магчымасці маюцца, але мэтазгоднасць неабходна дасканала пралічваць.

— Добра развітае фермерства — гэта таксама асаблівасць Дрыбінскага раёна.

— Тут сфарміравалася своеасаблівая эксперыментальная пляцоўка. У канцы 90-х гадоў некалькі дрыбінскіх сельскагаспадарчых кааператываў змянілі форму ўласнасці і набылі статус фермерскіх гаспадарак. У структуры мясцовых падаткаў на сённяшні дзень на 100 гектараў сельгасугоддзяў паступленні ад фермераў удвая большыя, чым ад дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Фо­та БЕЛ­ТА. Фес­ты­валь «Дры­бін­скія тарж­кі», які пра­хо­дзіць у рай­цэнт­ры ў жніў­ні, за сем га­доў сва­ёй гіс­то­рыі стаў ві­зі­тоў­кай  не толь­кі ра­ё­на, але і ўсёй Ма­гі­лёў­скай воб­лас­ці.

— Якія ў мясцовай улады ўзаемаадносіны з фермерамі?

— Мы добра кантактуем. Абменьваемся вопытам, у некаторых выпадках вучымся ў фермераў рэалізоўваць прадукцыю, нарыхтоўваць сянаж. На базе паспяховай фермерскай гаспадаркі зімой правялі семінар з удзелам кіраўнікоў сельгаскааператываў. У выніку ўнеслі карэкціроўкі ў структуру пасеваў, дадаткова пасеялі канюшыну. Большасць нашых фермераў спецыялізуецца ў раслінаводстве, але ёсць і тыя, хто паспяхова займаецца жывёлагадоўляй: браты Аляксандр і Уладзімір Рынгі, Уладзімір Цмугуноў.

Увогуле, дрыбінскі фермер сёння самастойны. Яму цікавы і важны гэты раён, неабыякава тое, што тут адбываецца. Мы працуем разам. Ён стварае працоўныя месцы, плаціць падаткі, мае попыт на сваю прадукцыю.

Адзін з нашых фермераў — Уладзімір Цмугуноў — сёлета з рук кіраўніка дзяржавы атрымаў медаль «За працоўныя заслугі». Гэты чалавек у сельскай гаспадарцы ўсё жыццё. А тыя, хто працуе на зямлі, заслужылі залічэнне ў працоўны стаж год за тры: штодня складаная работа і вялікія клопаты з досвітку да поўначы. Мы такіх людзей цэнім і шануем.

— З прадпрымальнікамі як працуеце?

— Сумленна. На давяральных адносінах. Мы пакуль адзіны раён у вобласці, які не працаваў з кампаніяй «Еўрагандаль», але гатовыя да супрацоўніцтва. Разам з тым у нас моцнае спажывецкае таварыства, сетка якога шырока прадстаўлена і ў райцэнтры, і ў сельскай мясцовасці. Плануецца праз два-тры месяцы запусціць цэх па вытворчасці мясных паўфабрыкатаў на экспарт. Гэта забяспечыць прыход валюты. Сыравінная база ў нас дастатковая.

— Што вы самі са свайго папярэдняга вопыту лічыце самым каштоўным для пасады старшыні райвыканкама?

— Напэўна, усё. Маё першае працоўнае месца — старшыня прафкама Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Гэта работа з пяццю тысячамі ініцыятыўных і творчых чалавек, якія жывуць надзённымі праблемамі. Яны не пішуць праграмы на пяць гадоў наперад, але крэатыўна мысляць, умомант прымаюць рашэнні і рухаюцца наперад. Гэты вопыт мне дапамагае жыць і працаваць. На планёрках, у зносінах з працоўнымі калектывамі я заўсёды памятаю, што жыццё — адно, і рашэнне — аператыўнае і правільнае — павінна быць прынятае зараз. Адказнасць пры гэтым вялізная, і трэба ўлічыць усе магчымыя наступствы. Таму для мяне важна ўсё.

Вельмі значным, хоць і нядоўгім, быў вопыт работы ў вучэбнай гаспадарцы БДСГА пад кіраўніцтвам Мікалая Блахіна. Заўсёды буду ўдзячны гэтаму чалавеку, кіраўніку ад Бога, таленавітаму стратэгу, які выхаваў многіх прафесіяналаў сваёй справы.

Мне пашчасціла працаваць на пасадзе першага намесніка старшыні Круглянскага райвыканкама Анатоля Шчуплянкова, які стаў настаўнікам у рабоце з кадрамі. Сама каманда, з якой давялося працаваць, многаму навучыла. Мы стварылі дзейсную машыну кіравання сельскай гаспадаркай. Мне не сорамна за зробленае там. Цяпер выкарыстоўваю гэты вопыт тут.

Адна з самых маляўнічых і любімых мясцін жыхароў раёна —  помнік прыроды «Грымячая крыніца» каля вёскі Расна.

— Раскажыце, з чаго складаецца ваш працоўны дзень?

— Ён пачынаецца з інфармацыі пра тое, як напярэдадні спрацавалі сельгаспрадпрыемствы па малаку: як прайшла дойка, колькі прадукцыі рэалізавана, якія праблемы ўзніклі, дзе патрэбна дапамога. Заўсёды на тэлефоннай сувязі з усімі кіраўнікамі, калі ёсць патрэба і магчымасць, нейкую гаспадарку наведваю.

Потым планёрка ў маім кабінеце. Спачатку з упраўленнем па сельскай гаспадарцы абмяркоўваем, што атрымалася ўчора і што трэба зрабіць сёння. У райвыканкаме створаны рабочыя групы, якія а пятай-шостай гадзіне раніцы праязджаюць па гаспадарках, каб пракантраляваць своечасовы выпас жывёлы, падрыхтоўку яе да дойкі. Мы таксама абмяркоўваем працэс вапнавання глебы, стан пасеваў, гатоўнасць тэхнікі.

А восьмай гадзіне планёрка з намеснікамі, якія курыруюць сацыяльную сферу, эканоміку і ЖКГ, са старшынёй райсавета, кіраўніком спраў. Гаворым пра звароты грамадзян, пра меры, якія па іх прымаюцца. Да нас людзі могуць звярнуцца ў любы дзень і любую гадзіну. Заўсёды падымаю тэлефонную трубку, хто б ні пазваніў.

Потым адбываюцца розныя сустрэчы і выезды. Напрыклад, сёння бяру ўдзел у выязной калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама ў аграгарадку Пудаўня на базе аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Туды, акрамя членаў калегіі, прыедуць дырэктары цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, якія маюць падобныя аддзяленні, з усёй вобласці. Яны пазнаёмяцца са створанымі ў нашым раёне ўмовамі для людзей, якія не могуць пражываць самастойна.

Пасля абеду выязджаю на сельгаспрадпрыемствы, каб убачыць, як праходзяць тыя або іншыя работы, напрыклад зараз па агароджванні фермаў.

У канцы дня працую з дакументамі, поштай.

— У вас ёсць мара, звязаная з новай пасадай?

— Можна было б адказаць, што мая мара — каб усе жыхары Дрыбіншчыны былі шчаслівыя, атрымлівалі добрыя заробкі... Але гэта ніяк не звязана з паўнамоцтвамі, якія мае кіраўнік раёна. Шчасце людзей залежыць ад іх саміх. У жыцці кожнага чалавека бывае няпросты перыяд, і кожны з нас увесь час робіць выбар: вучыцца або не, працаваць або не, вырашаць праблему або не, у які бок рухацца, зрабіць сваю справу найлепшым чынам ці абы-як. Мы самі прымаем рашэнні, бяром адказнасць за сваё жыццё. І я кажу людзям зараз: не варта на некага скардзіцца, чакаць чараўніка, давайце самі зробім сваё жыццё лепшым.

Улада не можа быць добрай для ўсіх, яна павінна быць справядлівай. Сёння мы падтрымліваем шматдзетныя сем'і, сірот... Плануем пачаць будаўніцтва 32-кватэрнага дома для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. На гэтым шляху мы не павінны спыняцца. Будаўніцтва дома падштурхне работу нашых прыватнікаў: вытворцаў мэблі, прадаўцоў бытавой тэхнікі, будаўнічых матэрыялаў. Мы нацэлены на здаровую канкурэнцыю і рынкавую эканоміку.

Акрамя іншага, раёну патрэбна сучасная кіназала. На наступны год прыпадае некалькі юбілейных дат: 30 гадоў пасля трэцяга ўтварэння раёна і 450 гадоў Дрыбіну. Мы хацелі б да гэтага годна падрыхтавацца. Планаў шмат: і разбіўка новага сквера, і знос старых пустых будынкаў...

Дрыбінскі раён невялікі, і на нас глядзяць: ці здольныя мы быць самастойнымі? Я ўпэўнены, што здольныя.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, г. п. Дрыбін

Загаловак у газеце: Не толькі валёнкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як вучыліся партызанскія дзеці?

Як вучыліся партызанскія дзеці?

Дзеці народных мсціўцаў падчас Вялікай Айчыннай наведвалі навучальныя заняткі ў многіх сямейных партызанскіх лагерах. 

Культура

Звыш 100 прадметаў рамеснай спадчыны Амана прадстаўленыя ў Мінску

Звыш 100 прадметаў рамеснай спадчыны Амана прадстаўленыя ў Мінску

З 19 верасня да 19 студзеня 2020-га адна з выставачных залаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — нібыта філіял усходняй казкі.

Культура

Што паглядзець на экспазіцыі «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны»

Што паглядзець на экспазіцыі «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны»

Упершыню тут сабралі і паказалі дванаццаць элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з розных куткоў Мінскай вобласці.