Вы тут

Гісторыка-культурныя каштоўнасці стануць арганічнай часткай жыцця?


Усе помнікі рана ці позна разбурацца — гэта непазбежны працэс. Сентэнцыя дзіўная, улічваючы, што сказана яна была падчас правядзення круглага стала аб захаванні і рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны. І тым не менш справядлівая. Перад захавальнікамі мінулага ёсць некалькі шляхоў. Можна закрыць помнік стэрыльным купалам і такім чынам працягнуць яго жыццё яшчэ на некалькі стагоддзяў. Ці наадварот, упісаць сведку старажытнасці ў архітэктуру нашага імклівага часу. Пра метады аховы гісторыка-культурных аб'ектаў, праблемы рэстаўрацыі і ролю ў гэтых працэсах грамадства паразважалі эксперты.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

— Калі пасля вайны пераважала ідэя захавання — ратавалі, што засталося, — то сёння абставіны змяніліся. Ужо з сярэдзіны 80-х гадоў ва ўсіх міжнародных заканадаўчых рэгулюючых дакументах з'яўляецца канцэпцыя інтэграцыйнага падыходу. Апошнія хартыі і канвенцыі ЮНЕСКА аб захаванні сусветнай культурнай спадчыны значна пашырылі само паняцце спадчыны. Цяпер у яго ўключаюцца гістарычныя ландшафты і гістарычны горад, акрамя рэчыўных аб'ектаў пад ахову трапілі нематэрыяльныя каштоўнасці, — расказвае Ала Сташкевіч, дырэктар фонда «Культурная спадчына і сучаснасць».

Мэта інтэграцыйнага падыходу — аб'яднаць намаганні розных ведамстваў. Раней у кіраванні гістарычным аб'ектам пераважала іерархічная мадэль, калі лёсам здабытку распараджаліся найвышэйшыя інстанцыі, інакш кажучы, улада і эксперты. Цяпер жа ўсё больш павялічваецца роля грамадства. На сёння захаванне спадчыны ў міжнародных дакументах трактуецца як «кіраванне змяненнямі дзеля захавання значэнняў і сэнсаў спадчыны». Гэта значыць не проста ахова, а інтэграцыя помнікаў у сучасную культурную плынь.

Ігар Чарняўскі, эксперт у сферы гісторыка-культурнай спадчыны, член праўлення фонду «Культурная спадчына і сучаснасць», нагадаў, што сёння Беларусь далучылася да пяці канвенцый, якія датычацца аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Адно з апошніх пагадненняў закранала ў тым ліку і пытанне культурнай разнастайнасці.

— Перад удзельнікамі культурнага працэсу ў значнай ступені стаіць неабходнасць прапаганды напрацаванага чалавецтвам пласта ў сферы аховы спадчыны. На вялікі жаль, мы назіраем нават у межах адной краіны рознае разуменне і падыходы да вырашэння задачы. Не хапае спецыялістаў, якія маглі б грунтоўна ацаніць гістарычнае багацце. Безумоўна, ёсць людзі на ўзроўні аблвыканкамаў, райвыканкамаў, але для многіх з іх гэта як дадатак да шматлікіх іншых абавязкаў. Таму я лічу маніторынг аб'ектаў асноўнай функцыяй фарміравання палітыкі карыстання. Мясцовы спецыяліст павінен рэгулярна адсочваць стан помнікаў. Для гэтага яму патрэбны хоць бы два свабодныя дні ў месяц, каб замест вядзення папяровых спраў чалавек выязджаў на месца. Па-першае, гэта дазволіла б кантраляваць стан каштоўнасці не з чужых слоў. Па-другое, уласнік аб'екта будзе адчуваць абавязак па ашчадным стаўленні, бо праверка яго дзейнасці ажыццяўлялася б не апасродкавана, а непасрэдна. Пакуль што мне вядомы абуральныя выпадкі, калі ўласнік забывае, куды паклаў дакументы з ахоўнымі абавязацельствамі, так што да прыезду праверкі даводзілася прасіць копіі ў Міністэрстве культуры, — падзяліўся ўражаннямі эксперт.

Недахоп або некампетэнтнасць спецыялістаў на перыферыі наогул аказаліся «балючымі» пытаннямі. Так, Наталля Хвір, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, успомніла некалькі паказальных выпадкаў. Напрыклад, у адным з рэгіёнаў за захаванне спадчыны адказнасць нёс... балетмайстар. Прафесія хоць і са сферы культуры, але без належнай падрыхтоўкі ў пытаннях абароны помнікаў.

— Насамрэч праблема больш шматбаковая, чым проста адсутнасць спецыялістаў, — лічыць Сяргей Егарэйчанка, намеснік дырэктара па выставачных праектах і гісторыка-культурнай спадчыне нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». — Гэта, як бы пафасна не гучала, пытанне асабістай адказнасці ўсяго грамадства. У галовах людзей быццам бы засела ўсталёўка, што «агульнае — значыць, нічыё». А трэба, каб яна замянілася на «агульнае — значыць, маё». Я працую ў Нясвіжы, на аб'екце рэспубліканскага значэння, аднак разы чатыры, калі не больш, звяртаўся ў Міністэрства культуры з сігналамі, што дзесьці на ахоўнай тэрыторыі вядуцца работы без пагаднення з ахоўнымі органамі. Я выдзеліў дзве прычыны такіх паводзін. Першая звязана з банальным няведаннем законаў як на ўзроўні абывацеля, так і прадстаўніка мясцовай улады. Другая прычына куды «цікавейшая» — яна грунтуецца на свядомым ігнараванні законаў.

Сёння адміністрацыйны і крымінальны кодэксы Беларусі прадугледжваюць пакаранне за нанясенне шкоды культурна-гістарычным каштоўнасцям, але на практыцы, як адзначае Наталля Хвір, гэта мера прымяняецца рэдка. І не таму, што няма парушальнікаў. Хутчэй, людзі прывыклі ставіцца несур'ёзна да ўласнай спадчыны.

Яшчэ адзін спрэчны момант узаемадзеяння паміж экспертамі і кіраўнікамі на месцах абазначыў Вадзім Гліннік, архітэктар-рэстаўратар, дырэктар навукова-праектнага цэнтра «Рэстабіліс»:

— Каб быць эфектыўнымі на месцах, органы па захаванні спадчыны павінны быць цалкам незалежнымі ад мясцовых улад. Як ні дзіўна, але ў спрэчных сітуацыях галоўнай разбуральнай сілай якраз з'яўляюцца загады мясцовых кіраўнікоў, бо прыватная асоба не можа прыняць рашэнне па зносе або рэканструкцыі (без належнай экспертнай ацэнкі) помніка. Гэта парадокс, калі адказны за гісторыка-культурны аб'ект спецыяліст поўнасцю падначалены кіраўніку раёна. Зразумела, што самастойная дзейнасць такога работніка раўняецца нулю, бо ёсць моцныя рычагі ўплыву на яго. Ахова помнікаў толькі тады будзе эфектыўнай, калі спецыялісты стануць падпарадкоўвацца толькі ўстановам рэспубліканскага значэння.

Што датычыцца непасрэдна рэстаўрацыйных работ, тут існуе даволі далікатны момант. Справа ў тым, што некаторыя матэрыялы для рэстаўрацыі, напрыклад фарбы, якія доўга трымаюцца і пры гэтым не пашкоджваюць аснову, у Беларусі не вырабляюць. Іх дастаўляюць сюды ад замежных вытворцаў. Але майстрам настойліва рэкамендуецца падтрымліваць айчынны брэнд. Сапраўды, «свая» фарба больш танная, але яна ссыпаецца і з часам можа псаваць паверхні. Як вынік, у кароткім тэрміне мы выйграем па кошце матэрыялаў, але ў перспектыве куды больш патрацімся на частыя касметычныя рамонты. Акрамя таго, няякасны «рамонт» садзейнічае паскоранаму знішчэнню помнікаў.

Важным крокам да вырашэння праблем архітэктар-рэстаўратар, як і іншыя эксперты, бачыць наладжванне дыялогу паміж розным структурамі.

— Словы пра кіраванне культурнай спадчынай сустракаюцца ўсё часцей, але выніку іх, прынамсі ў нашых рэаліях, мы пакуль не бачым. Кіраванне прадугледжвае значны комплекс мер, якія падтрымаюць цэнтральныя і мясцовыя ўлады, эксперты, мясцовыя суполкі грамадзян, — дапаўняе развагі калег Ала Сташкевіч. — Калі першыя два складнікі прыйшлі да разумення важнасці гістарычных каштоўнасцяў, то сфарміраваць патрэбную грамадскую думку не так проста. Існуе так званая формула па стварэнні «суполкі спадчыны». Каб яна ўзнікла, кожны чалавек павінен прайсці пяць умоўных цыклаў. Самы першы этап — гэта інфармаванне пра аб'екты. На другім этапе людзі пачынаюць разумець значнасць захавання, ім трэба, каб помнік убачылі наступныя пакаленні. Трэці — грамадзянін хоча сам дапамагчы захаванню помніка. Чацвёрты крок чалавек робіць, калі жаданне ператвараецца ў дзеянні (удзел у акцыях, суботніках). І, нарэшце, пяты этап прадугледжвае фарміраванне самой суполкі, для ўдзельнікаў якой захаванне гістарычнай спадчыны з'яўляецца неад'емнай часткай жыцця, калі хочаце, напрацаванай і натуральнай звычкай. Пакуль што большасць нашага грамадства знаходзіцца на першым-другім узроўнях. І без змянення сітуацыі заклікі «Давайце захоўваць мінулае разам!» не спрацуюць.

Эксперт упэўнена, што праблемы сведчаць пра цяжкасць дыялогу паміж мясцовай уладай, грамадствам і экспертамі. Культурная спадчына, асабліва буйная, — гэта не асобныя аб'екты, а агульная тэрыторыя, на якой ёсць жыхары, прадстаўнікі бізнесу, розныя ўласнікі, якім даводзіцца дамаўляцца паміж сабой. Ала Сташкевіч прывяла прыклад Мсціслава, каб паказаць маруднасць працэсу супрацоўніцтва. Спецыялістам спатрэбілася два гады толькі на тое, каб вызначыць умовы ўзаемадзеяння. Праводзілі трэнінгі, апытанні, іншыя мерапрыемствы з агульнай тэмай «Якім я бачу свой горад праз колькі гадоў». На першых жа водгуках стаў відавочны канфлікт інтарэсаў.

— Калі пытаешся аб праблемах любога горада з гістарычнай часткай, ніхто з жыхароў не скажа: «Нашаму старажытнаму касцёлу патрэбна рэстаўрацыя», — разважае Ала Сташкевіч. — Не, мы пачуем скаргі на адсутнасць дзіцячых садкоў, пытанні пра рамонт дарог, іншыя сацыяльна-эканамічныя праблемы. Бізнесу не падабаюцца шматлікія абмежаванні на вядзенне спраў у гістарычным квартале. Моладзь лічыць, што там сумна, няма забаўляльных, спартыўных устаноў, часта абмежаваны рух грамадскага транспарту і веласіпедыстаў. Эксперты ж бачаць іншую «ідэальную карціну». Для многіх з іх яшчэ актуальная «савецкая» схема стаўлення да культуры. Гістарычныя помнікі трэба адмяжоўваць ад астатняга гарадскога ландшафту. Атрымліваецца нібы рэзервацыя для турыстаў, куды наведвальнікаў пускаюць неахвотна. Па вечарах гэта «мёртвы квартал», бо жыхары і госці адпачываюць у іншых частках горада. Відавочна, такі падыход састарэў. З пункту гледжання ўлад, для рэарганізацыі працы патрэбны сродкі, якіх у раённага горада не надта многа. Аднак чамусьці мала хто бачыць у гісторыка-культурнай спадчыне яшчэ і эканамічны, а не толькі духоўна-каштоўнасны патэнцыял. Культурны рэсурс у перспектыве здольны вырашыць большасць мясцовых праблем: забяспечыць рабочымі месцамі, пляцоўкамі рэалізацыі для бізнесу і крэатыўных ідэй, павысіць агульны ўзровень жыцця. Іншая справа, што грамадства надзвычай марудна ўсведамляе магчымасці, як гэта мы бачым на прыкладзе Мсціслава. А пасля таго як «адкрыюцца вочы», патрэбны яшчэ нейкі час, каб усе структуры навучыліся весці паміж сабой дыялог і працаваць разам на агульную справу.

Яшчэ адна тыповая «хвароба» на месцах — нерацыянальнае выкарыстанне сродкаў. Напрыклад, у невялічкім райцэнтры будуюць новенькі шыкоўны загс. Справа добрая і патрэбная, але, калі падлічыць колькасць рэгістрацый шлюбу ў год, стане зразумела, што большасць часу будынак стаіць пустым, пры гэтым расходуюцца грошы на заробак штату, аплату камунальных паслуг і г. д. Наспявае пытанне: чаму б не выкарыстаць сродкі рацыянальна? Укласці грошы ў гісторыка-культурную каштоўнасць, да якой прыедуць турысты і акупяць выдаткі, а рэгістрацыі можна праводзіць і на базе Дома культуры ці таго ж самага адрэстаўраванага палаца.

«Ну, добра, — можа сказаць чытач. — Эксперты паспрачаліся і абмеркавалі праблемы, але ці датычацца яны мяне? Што я магу зрабіць для захавання спадчыны?» Ала Сташкевіч раіць:

— Інфармуйце! Расказвайце пра выдатныя помнікі сябрам, пішыце пра іх у блогах, рабіце фота, пашырайце аўдыторыю неабыякавых.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: «Рэзервацыя» для турыстаў

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Грамадства

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

«Ніколі не губляйце мару дзяцінства!»

Мы з Аленай Варановіч пазнаёміліся выпадкова, на вуліцы. Адразу разгаварыліся і знайшлі агульную мову. Тады за кубкам кавы яна сказала мне важныя словы: «Ніколі не губляй мару дзяцінства».

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.