21 Верасень, пятніца

Вы тут

Тэхналогіі супраць анкалогіі


Дзве бальніцы Гомеля пачалі карыстацца новым абсталяваннем, якое дазваляе паспяхова змагацца з анкалагічнымі захворваннямі.


У гомельскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры прэзентавалі новую тэхналогію лазернага лячэння раку. Аналагаў гэтаму паўправадніковаму лазеру для фотадынамічнай тэрапіі пакуль няма ў іншых рэгіянальных спецыялізаваных медустановах. Да нядаўняга часу тэхналогія прымянялася толькі ў сталічных клініках.

Працэдура лазернага лячэння займае ўсяго 10—20 хвілін. Урач-анколаг-хірург Ірына Канцавенка кажа, што яна дазваляе забіць менавіта злаякасныя клеткі:

— Фотадынамічная тэрапія — перспектыўная методыка. Перавага ў лакальным уздзеянні лазера на пухлінную тканку. Папярэдне пацыенту ўводзіцца прэпарат, які назапашваецца ў ракавых клетках. Падчас уздзеяння лазерам адбываецца фотахімічная рэакцыя. У выніку пухліна гіне, здаровыя тканкі захоўваюцца. На месцы ўмяшання застанецца незаўважны рубчык. Часцей за ўсё працэдура праводзіцца аднакратна. Пацыенты застаюцца сацыяльна актыўнымі, здольнымі да працягу працы. У 95—98 % выпадкаў хвароба не вяртаецца.

Апарат УПЛ-ФДТ закуплены за кошт пазабюджэтных сродкаў, заробленых дыспансерам пры аказанні платных паслуг насельніцтву, гаворыць галоўны ўрач гомельскага анкадыспансера Дзмітрый Лось:

— Само абсталяванне і лекавы прэпарат «Фаталон» беларускай вытворчасці. У апарата шырокі спектр магчымасцяў. Абсталяванне запатрабавана ў дэрматаанкалогіі, отарыналарынгалогіі, гінекалогіі, дэрматалогіі, стаматалогіі, афтальмалогіі. Немалаважна, што лячэнне выконваецца ў амбулаторным рэжыме, пасля працэдуры пацыент ідзе дадому.

Тым часам у Гомельскую гарадскую бальніцу № 4 урачыста перададзена эндаскапічнае абсталяванне ў межах грантавай дапамогі ўрада Японіі «Карані травы». Выкарыстанне абсталявання дазваляе своечасова выявіць захворванні кішэчніка і выдаліць небяспечныя новаўтварэнні, якія выяўляюцца прыкладна ў 6 % пацыентаў. Ранняя дыягностыка прадухіляе развіццё анкалогіі і літаральна ратуе жыцці людзей. Як адзначыў пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Хірокі Такунага, з 2004 года ў межах праграмы «Карані травы» было рэалізавана 42 праекты на суму амаль $3,5 млн:

— Дапамога накіравана на пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Японскі народ глыбока суперажывае пацярпелым беларусам, паколькі жыхароў нашых краін аб'ядноўвае горкі досвед ядзерных катастроф.

Грант-кантракт паміж пасольствам Японіі ў Рэспубліцы Беларусь і гэтай лячэбнай установай быў падпісаны ў сакавіку 2017-га. І ўжо праз некалькі месяцаў урачы прыступілі да працы на новых гастрадуадэнаскопе і відэакаланаскопе. За гэты перыяд праведзена больш за 2500 абследаванняў. Дарэчы, падтрымку акрамя гомельскай бальніцы атрымалі яшчэ Чачэрская ЦРБ і Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны дыспансер. Пасольства і надалей плануе ажыццяўляць падобныя праекты, каб падтрымаць жыхароў Беларусі і дапамагчы ім пераадольваць наступствы аварыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!