26 Верасень, серада

Вы тут

Дзмітрый Карась: У «Нацыянальным хіт-парадзе» за сябе не галасую


У праграме «Нацыянальны хіт-парад», якая ўжо амаль чатыры гады выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3», беларускія артысты — вядомыя і не вельмі, а таксама зусім юныя выканаўцы — даюць новае жыццё народным песням, прымяраючы да іх розныя музычныя стылі, аранжыроўкі і манеру выканання. Гледачы праз галасаванне падтрымліваюць ад аднаго да пяці з 15 кандыдатаў, а ў канцы года найлепшыя з найлепшых гучаць у вялікім зборным канцэрце. Нядаўна хіт-парад змяніў «упакоўку» — графічнае афармленне. Якіх перамен чакаць надалей, ці магчыма «накруціць» галасы за сябе і як людзям з вуліцы трапіць у тэлевізар, «Звязда» распытала кіраўніка праграмы і аднаго з яе вядучых Дзмітрыя Карася.


Песня пра карася і «Еўрабачанне»

— Прыход у праект (летась у кастрычніку) адбыўся амаль выпадкова, як многае ў маім жыцці, — прыгадвае Дзмітрый. — Тады вядучыя Воля Сацюк і Кірыл Ермакоў запісалі адзін з выпускаў на «Славянскім базары», Кірыл спакойна паехаў працаваць у Маскву, але здарыліся нейкія тэхнічныя накладкі, і праграма да Мінска не дайшла. А ў эфір трэба нешта выдаваць, сетка — вось яна. Патэлефанавалі мне з просьбай аператыўна запісаць новы выпуск. І калі Кірыл канчаткова пераехаў у Маскву, кіраўніцтва заўважыла: навошта шукаць кагосьці на замену, калі вось у Дзімы нядрэнна атрымалася. Так я і апынуўся ў камандзе.

— І амаль адразу пачалі спяваць — спачатку са пявачкай Марыдай, потым з Сяргеем Славянскім, і на сёння мы ўжо маем пяючага вядучага, які спявае. Можна было б запытацца, калі ж на «Еўрабачанне»? Але мне перш за ўсё цікава, як вас наогул занесла на гэтыя галеры?

— О, тут быў такі выпадак. На адным з канцэртаў, даведаўшыся, што я спяваю, Лёша Хлястоў гаворыць: «Ведаеш, я б вядучых, якія пачынаюць спяваць, уласнаручна душыў бы». «Згодны, — адказваю, — але што тады рабіць са спевакамі, якія ідуць у тэлевядучыя? Нам жа хутка няма каго будзе прадстаўляць на сцэне! Так што рыхтуйся, летам выходзіць мой сольны альбом». ...Але насамрэч супакою ўсіх патэнцыйных канкурэнтаў: я не прэтэндую на «Еўрабачанне» і наогул не ўспрымаю гэта як сур'ёзнае заняцце вакалам. Хутчэй, гэта самарэалізацыя, спроба сябе ў новым амплуа. Хоць, увогуле кажучы, не такім і новым — раней гэта называлася «Артыст эстрады». Прыгадайце, напрыклад, як Андрэй Міронаў, будучы вядомы артыст тэатра і кіно, разам з тым выконваў песні на канцэртах. Зразумела, я не стаўлю сябе на адну прыступку з гэтым геніяльным акцёрам, аднак, калі выпала магчымаць паэксперыментаваць, — чаму б не? Вядучы на сцэне і спявак — зусім розны стан, цяпер я гэта выразна разумею.

Адбылася ж спроба голасу, як сцвярджае Дзмітрый Карась, пасля яго аўтарскага талент-шоу «Імперыя песні» па выяўленні беларускіх чэмпіёнаў караоке. Сабраўшы каманду з былых удзельнікаў пад назвай «4L», тэлевядучы прывёў наваствораны гурт на нацыянальны адбор «Еўрабачання» і пазнаёміў з кампазітарам Уладзімірам Сукалінскім. Праўда, супрацоўніцтва з гуртом не атрымалася. «І тады я думаю: чаму не магу сам паспрабаваць? Папрасіў: напішы мне песню пра карася, — расказвае Карась. — Уладзімір за два дні напісаў яе, а дзеці маіх сяброў хутка вывучылі на памяць. Нядаўна даслалі відэа, як малыя спяваюць, такое кранальнае — хутка выкладу ў сацыяльных сетках». Потым была песня пра надвор'е, дуэты з прафесійнымі выканаўцамі — сучасныя версіі народных песень «У мураванай мураванцы» і «Капаў, капаў крынічэньку» і яшчэ не апублікаваны эксперымент у жанры шансона. «Адна з песень нават трапіла у нейкі музычны топ, выйшла на зборніку, і на аўтазапраўках можна было набыць дыск, дзе паслухаеш Кіркорава, Білана, Баскава і Карася», — смяецца Дзмітрый.

— Калі стаў прадзюсарам «Нацыянальнага хіт-парада», я пачаў строга сачыць за ратацыяй выканаўцаў у ім. Знялі з эфіру тых, хто знаходзіўся ў ім цэлы год — і я вельмі ўдзячны сваёй сувядучай Вользе Сацюк, песня якой таксама трапіла пад «скарачэнне», што яна адрэагавала на гэта спакойна. Каб часцей з'яўляліся новыя асобы, мы вырашылі праводзіць сезонныя абнаўленні выканаўцаў. Ужо хутка, на пачатку лета, прадставім чарговы шорт-ліст для галасавання. Але ў мяне новай песні няма, таму на лета знікну — можа, якраз з'явіцца час запісаць з кімсьці дуэт.

— Ваш дуэт з Марыдай таксама трымаўся ў хіт-парадзе больш за паўгода — скажыце папраўдзе, прасілі калег і бабуль са сваёй вёскі галасаваць за сябе?

— Мяне самога такі вынік здзіўляў. Напачатку наогул не разумеў, як галасаваць, — гэта было магчыма толькі праз суполку «УКантакце», нейкім не зусім зразумелым для мяне чынам... Уласна, мы і пачалі з таго, што спрасцілі для гледачоў схему галасавання: на сайце тэлеканала «Беларусь 3» ёсць спасылка, і з панядзелка па сераду можна аддаць голас за 1—5 артыстаў, хто вам даспадобы (з аднаго камп'ютара — адзін раз, так што накруткі не атрымаецца). У чацвер падводзім вынікі галасавання, у нядзелю іх агучваем, і барацьба прыхільнікаў пачынаецца наноў.

Шчыра прызнаюся, адзін тыдзень я сапраўды прайшоўся па кабінетах калег і папрасіў: галасуйце за Карася. Але да першага месца так і не дайшоў, а потым на гэтыя захады элементарна не засталося часу. Таму цяпер мяне радуе, што вынікі адлюстроўваюцца як ёсць. Часта папулярныя артысты «вылятаюць» з хіт-парада праз тыдзень-другі, а малавядомыя застаюцца надоўга — мабыць, гледачы прагнуць новых, свежых ідэй і выканаўцаў, якія прыўносяць свае цікавінкі ў народныя спевы, больш акуратна і далікатна ставяцца да іх.

Таленты і рэйтынгі

— Ведаю, што не так даўно вы ладзілі кастынг на новага вядучага «Нацыянальнага хіт-парада», але так нікога і не выбралі. Чаго не хапала кандыдатам?

— Сапраўды, мы меркавалі знайсці трэцяга сувядучага. Было некалькі чалавек, якія нам спадабаліся, але ў праект яны ўсё ж не трапілі. Чаму? Бо хацелася знайсці індывідуальнасць, адметную асобу. Здавалася б, у наш час праблем з самавыяўленнем няма, аднак сапраўды яркіх, харызматычных, запамінальных людзей са сваім бачаннем свету не так і шмат. Усе прыходзяць на тэлебачанне рознымі, але перад камерамі чамусьці робяцца... як усе, прыпадабняюцца да ўжо бачаных вобразаў... Пошукі новых свежых твараў, здольных упрыгожыць і разнастаіць наша тэлебачанне, заўжды працягваюцца, і калі вы адчуваеце сябе такім — калі ласка, запісвайце відэа, дасылайце яго на электронную скрыню тэлеканала, грукайце ва ўсе дзверы. І паверце, калі вы сапраўды таленавітыя і цікавыя — вас заўважаць!

— Але трэба яшчэ ўсведамляць, куды і навошта ідзеш. Мне здаецца, «Сто песень для Беларусі» — гэта не проста каментаванне музыкі, яе неабходна ведаць, разумець і любіць...

— У нас праграма наогул унікальная: я не ведаю іншых каналаў, дзе рабілі б аналагічны прадукт. Мы робім яго самі ад пачатку да канца: стваральнікі праграмы «Наперад у мінулае» Аксана і Анатоль Вечары спачатку знаходзяць народныя песні, запісваюць іх у выкананні мясцовых людзей, потым запрашаюць сучасных артыстаў і ў суаўтарстве з аранжыроўшчыкамі робяць, па сутнасці, ужо новыя песні, манціруюць кліпы, якія ў выніку і становяцца асновай «Нацыянальнага хіт-парада». Такіх кліпаў ужо больш як 200, і гэта насамрэч каласальная і вельмі важная работа.

У гэ­тым се­зо­не «На­цы­я­наль­ны хіт-па­рад»  па чар­зе вя­дуць  Дзміт­рый Ка­рась і Воль­га Са­цюк.

— Я разумею, што «Нацыянальны хіт-парад» і наогул сацыякультурны тэлеканал «Беларусь 3» — гэта не пра камерцыю. Наколькі дарэчы казаць пра рэйтынгі?

— Яны, між іншым, вельмі неблагія. У тым ліку і з гэтай прычыны мы пакуль што не рызыкуем уносіць у праграму кардынальныя змены, каб не адштурхнуць сваю аўдыторыю. На жаль, яшчэ ёсць праблема са зваротнай сувяззю, бо асноўныя нашы гледачы — дарослыя людзі, найчасцей з правінцыі, якія амаль не карыстаюцца інтэрнэтам, а ў многіх і камп'ютара няма. Калі прыязджаю да сябе ў вёску пад Гервяты, то бабулі-суседкі заўжды гавораць, што глядзелі наш хіт-парад — «так ужо прыгожа спявалі», і не выходзілі палоць грады, пакуль мая песня не прагучыць...

— Мабыць, варта карыстацца старым добрым спосабам — звычайнай поштай і папяровымі лістамі?

— Так, мы заўжды з хваляваннем іх чакаем, атрымліваем і адказваем актыўным гледачам на ўсе заўвагі і прапановы.

Расклад на заўтра

— Ці будзе ў праграме яшчэ нешта змяняцца, акрамя графічнага аздаблення?

— Мне, дарэчы, вельмі падабаецца новая ўпакоўка, асабліва фота, дзе Вольга ў вяночку, а я ў саламяным капелюшы. А наступная мэта (спадзяюся, летам якраз атрымаецца яе рэалізаваць) — асвяжыць нашу студыю. Але любыя магчымыя перамены будуць служыць галоўнай мэце, калі хочаце, звышзадачы: пракласці музычны мост паміж рознымі пакаленнямі, узбагаціць сучасную эстраду народным песням і даць магчымасць як мага большай колькасці таленавітых выканаўцаў праявіць сябе.

Дарэчы, у Маскве літаральна праз некалькі дзён адбудзецца ўнікальнае фальклорнае «Еўрабачанне» — Міжнародны фолк-фестываль (радыёстанцыі — удзельнікі Еўрапейскага вяшчальнага саюза ладзяць гэты некамерцыйны фэст з 1980 года, і па значнасці ён лічыцца другім пасля песеннага конкурсу. Сёлета нашу краіну на ім прадставіць 17-гадовая Патрыцыя Свіціна — лаўрэатка конкурсу «Маладыя таленты Беларусі» 2016 года. — Аўт.). З нецярпеннем чакаю, якія ўражанні і досвед прывязуць адтуль калегі з Беларускага радыё — магчыма, удасца неяк «засвяціць» і наш праект.

— Гэтым летам «Нацыянальнаму хіт-параду» споўніцца чатыры гады — дата не круглая, але ўжо і не маленькая. Ці плануеце неяк адзначаць яе?

— Паколькі ў нас яшчэ не юбілей, мяркую, адзначым сціплай кампаніяй стваральнікаў праграмы, збяромся недзе ў кавярні ды вып'ем па келіху шампанскага. А вось да пяцігоддзя, калі ўсё складзецца, падрыхтуем што-небудзь цікавае для гледачоў і артыстаў. Я, напрыклад, марыў пра песенны марафон, які доўжыўся б з раніцы да вечара... Пакуль загадваць так далёка ўсё ж рана, нават навагоднія выпускі будзем абмяркоўваць толькі ўлетку.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі і з сацыяльных сетак

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

Выхоўваць ці любіць? Шчырая размова з педагогам пра бацькоўскія страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.