Вы тут

Наталля Сушко: Галоўнае, каб дэпутат быў народны


Наталля Сушко па адукацыі педагог. Уласна, з дзяцінства хацела стаць настаўніцай, і мара збылася. Пачынала Наталля Міхайлаўна ў гімназіі г. Беразіно — настаўніцай пачатковых класаў. Пасля абавязковай адпрацоўкі прыехала ў Жодзіна, «дапрацавалася» да дырэктара школы, а па выніках 2013 года нават стала лепшым маладым дырэктарам Мінскай вобласці. Але на пэўным этапе, як прызналася Наталля Сушко, захацелася паспрабаваць свае сілы ў іншай дзейнасці — дэпутацкай. Калі была абрана старшынёй Жодзінскага гарадскога Савета дэпутатаў, давялося многаму вучыцца, у тым ліку і эканоміцы, з якой раней блізка не сутыкалася. У выніку на сёння ёсць узаемаразуменне з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, што, безумоўна, дапамагае ў працы.


— Наталля Міхайлаўна, поспех у любой справе залежыць ад прафесіяналаў, ініцыятыўных і творчых людзей. Вы задаволены сваёй камандай?

— У нас пасля выбараў у мясцовыя Саветы значна абнавіўся дэпутацкі корпус. З 38 дэпутатаў 24 — новыя. Сярод іх — кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, прадстаўнікі прыватнага бізнесу, прамысловасці, навукі. Словам, у гарадскім Савеце дэпутатаў прадстаўлены людзі з усіх сфер дзейнасці народнай гаспадаркі. Віталь Бубелеў — дырэктар завода цяжкіх штамповак, старшыня Савета кіраўнікоў арганізацый горада. Чалавек вельмі аўтарытэтны. Мяркую, як дэпутат прынясе гораду шмат карыснага. У межах падрыхтоўкі да 55-годдзя Жодзіна ён адказвае за ўладкаванне спартыўнай пляцоўкі ў парку адпачынку. Дэпутат Аляксандр Буцько — адказны за праект па ўладкаванні дзіцячай зоны «Акваторыя» — узначальвае гарадскі Савет па развіцці прадпрымальніцтва, у яго шмат ініцыятыў, ідэй, прапаноў. А вось Міхаіл Васілевіч Бараноўскі выбраны дэпутатам пяты раз. Можна сказаць, ён — аксакал сярод калег.

Ёсць і маладыя людзі да 31 года, чаго не было ў мінулым скліканні, а значыць, забяспечана добрая пераемнасць пакаленняў. З аднаго боку, прысутнічаюць вопыт, мудрасць, з іншага — маладосць, ініцыятыўнасць. Маладыя хлопцы прыйшлі сюды, таму што неабыякавыя да роднага горада. Ім цікава ўсё, яны хочуць добраўпарадкаваць свой двор, вуліцу, горад, каб пакінуць добры след. Спалучэнне вопыту і маладосці, аптымізму даюць добрыя вынікі.

— Дэпутатаў часта называюць пасярэднікамі паміж людзьмі і ўладай. Згодны з такім сцвярджэннем?

— Дэпутаты — гэта сапраўды буфер паміж уладай і народам. Галоўнае — правільна наладзіць цеснае ўзаемадзеянне з першымі і дыялог — з другімі. І тут многае залежыць ад грамадзянскай пазіцыі дэпутата, ад таго, як ён зможа данесці яе да выбаршчыкаў, расказаць, што робіцца ў горадзе і для чаго, за кошт якіх фінансавых крыніц.

Нашы дэпутаты не баяцца наведваць калектывы, сустракацца з людзьмі па самых розных пытаннях. У тым ліку і праблемных. Тут вельмі важна выехаць на месца і ўсталяваць дыялог. Не заўсёды пытанні, якія ставяць грамадзяне, патрабуюць вялікіх капітальных і фінансавых укладанняў. Напрыклад, узнікаюць сітуацыі, калі хтосьці незадаволены тым, што высякаюцца дрэвы. І калі тлумачыш, што гэта абумоўлена аб'ектыўнымі прычынамі, што замест кожнага спілаванага дрэва будзе пасаджана некалькі маладых, то ставяцца з разуменнем.

— Ні адно гарадское мерапрыемства не праходзіць без удзелу дэпутатаў. І ўсё ж мала ўдзельнічаць, вельмі важна і самім праяўляць ініцыятыву.

— Ініцыятыў у нашых дэпутатаў шмат. Адна з іх — выключна дэпутацкія суботнікі, якія плануецца ладзіць двойчы ў год. У прыватнасці, з улікам Года малой радзімы сёлета навядзём парадак на тэрыторыях, якія пустуюць, у месцах агульнага карыстання. Напрыклад, у маі ладзім такое маштабнае мерапрыемства па расчыстцы лесапаласы — з удзелам моладзі — пагутарылі ў нефармальнай абстаноўцы, паказалі моладзі прыклад беражлівага стаўлення да сваёй малой радзімы.

Разам з маладымі дэпутатамі 15 мая, у Дзень сям'і, наведалі Жодзінскі гарадскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сустрэліся са шматдзетнымі сем'ямі, пасадзілі разам з імі туевую Алею сяброўства... Упэўнена, маладым дэпутатам гэта было цікава. У сваю чаргу яны падумаюць, чым могуць дапамагчы пажылым людзям, інвалідам, шматдзетным бацькам.

— Ведаю, што Жодзіна — прыклад у рабоце з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання...

— Тут галоўнае — не толькі зрабіць для людзей нешта карыснае, але і навучыць іх берагчы, цаніць тое, што стварылі для іх іншыя. Таму актыўна фарміруем вулічныя, дваровыя камітэты, выбіраем старшых па доме, пад'ездзе. На кожным з 249 дамоў, 802 пад'ездаў змешчана таблічка з указаннем кантактаў абслугоўвальнай арганізацыі «ЖодзінаЖылЦеплаСэрвіс», прозвішчаў і тэлефонаў дэпутата, старшага па доме, супрацоўніка гарадскога ўпраўлення ўнутраных спраў — тых, хто можа аператыўна вырашыць любое пытанне. Гэтыя падыходы дазваляюць скараціць колькасць зваротаў у гарвыканкам, адпаведныя службы.

Такая работа праводзіцца таксама і з жыллёва-будаўнічымі вытворчымі кааператывамі, таварыствамі ўласнікаў, якіх у горадзе 80. Нашы дэпутаты актыўна ўдзельнічаюць у рэйдах жыллёва-камунальнай службы. Два разы на год, вясной і восенню, сумесна вызначаюць стан дваровых тэрыторый, дзіцячых пляцовак, глядзяць, ці ўстаноўлены тут лаўкі, урны, ці ёсць клумбы, кветнікі, ці спраўныя гульнявыя атракцыёны. Наведваюць літаральна кожны двор. У выніку прымаецца адпаведнае рашэнне, даюцца канкрэтныя даручэнні, а дэпутат кантралюе іх выкананне.

Працуем і з прыватным сектарам. З сакавіка пастаянна ладзяцца рэйды сумесна з эколагамі, міліцыяй, дэпутатамі, санстанцыяй, якія правяраюць, ці няма парушэнняў экалагічнага асяроддзя, праводзяць прафілактычную гутарку. У тым ліку і па ўтрыманні тэрыторыі каля дома, зямельнага ўчастка, фасаду, агароджы.

Мы цесна ўзаемадзейнічаем з гарвыканкамам і яго старшынёй Юрыем Шарым, кіраўнікамі іншых арганізацый.Таму ўсе пытанні вырашаюцца канструктыўна. Толькі камандай можна дабіцца пэўных вынікаў. А ў юбілейны для нашага горада год гэта вельмі неабходна. Жыхары Жодзіна шмат чакаюць ад нас у пытаннях добраўпарадкавання і паляпшэння якасці жыцця.

— Падсумоўваючы нашу гутарку, давайце вызначым, якімі якасцямі павінен валодаць дэпутат?

— У першую чаргу быць неабыякавым. Любую праблему, што ўздымаюць выбаршчыкі, важна ўспрымаць як сваю асабістую, імкнуцца яе вырашыць і ўмець даходліва растлумачыць, калі ёсць часовыя складанасці. Пры гэтым важна не пакрыўдзіць чалавека. Дэпутат выбіраецца народам і падсправаздачны менавіта выбаршчыкам. Таму галоўнае — каб дэпутат быў народны, а не «іншародны».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».