Вы тут

Цi варта караць тых, хто пацярпеў па ўласнай вiне?


Здаецца, прыцягваць да адказнасцi тых, хто i так пацярпеў, не зусiм гуманна. Ды i Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях не прадугледжвае пакарання работнiкаў, якiя атрымалi вытворчую траўму з-за ўласнай халатнасцi. За парушэннi заканадаўства аб ахове працы прыцягваюцца да адмiнiстрацыйнай адказнасцi службовыя i юрыдычныя асобы, а работнiкi нясуць адказнасць дысцыплiнарную. Мiж тым палова выпадкаў у Гродзенскай вобласцi, якiя прывялi да траўматызму i нават гiбелi, звязаны з невыкананнем пацярпелымi тэхнiкi бяспекi.


Засцярога не лiшняя

— Чаму сёння работнiк, якi мае квалiфiкацыю, прайшоў стажыроўку, навучанне, праверку ведаў, забяспечаны iндывiдуальнымi сродкамi, парушае правiлы бяспекi? — задаецца пытаннем начальнiк Гродзенскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Мiкалай Лянко. — А часта менавiта чалавечы фактар становiцца прычынай траўматызму.

Дарэчы, у мiжнароднай практыцы iснуюць i меры ўздзеяння на самiх пацярпелых. Растлумачылi ў iнспекцыi. Гэта пытанне шырока абмяркоўвалася i ў нашай краiне, нават было вынесена на разгляд дэпутатаў. Але пакуль нiякiх рашэнняў па iм не прынята.

А мiж тым нямала фактаў, якiя сведчаць аб халатнасцi самiх работнiкаў. У першым квартале года з 20 цяжка траўмаваных работнiкаў восем пацярпелi па ўласнай вiне — альбо не праявiлi засцярогi, альбо не выканалi элементарных мер бяспекi, альбо знаходзiлiся ў стане алкагольнага ап'янення. Мiкалай Лянко прыводзiць такiя факты. У лютым гэтага года прычынай няшчаснага выпадку з рабочым Iўеўскай сярэдняй школы было халатнае стаўленне да бяспекi. Замест таго, каб прымянiць лесвiцу пры прачыстцы трубаправода, ён стаў на выпадковыя падстаўкi i, страцiўшы раўнавагу, упаў i атрымаў цяжкiя траўмы. У лютым 2018 года рамшчык Слонiмскага ЖКГ праводзiў на тэрыторыi аграсядзiбы распiлоўку дрэва, пры руху назад аступiўся i ўпаў на калодку, у вынiку чаго атрымаў цяжкую траўму пазваночнiка. У сакавiку быў цяжка траўмаваны жывёлавод сельгаспрадпрыемства Шчучынскага раёна, якi знаходзiўся ў стане алкагольнага ап'янення. Мужчына ўпаў i трапiў рукой у рухавiк транспарцёра. А нецвярозы машынiст асфальтаўкладчыка ў зону работы транспарцёра трапiў нагой, што таксама прывяло да траўмы. У Воранаўскiм раёне пацярпела жанчына, якая не выканала элементарных правiлаў бяспекi i зайшла ў загон для жывёл, дзе была траўмавана быком.

Работнiкам варта праяўляць прынцыповасць, лiчыць Мiкалай Лянко. Калi чалавек прыйшоў на працу, ён мае права патрабаваць у наймальнiка забяспечыць яго ўсiм неабходным для папярэджання няшчаснага выпадку. А работнiкi часам маўчаць.

Дробязяў не бывае

Толькi за першы квартал гэтага года падчас манiторынгаў выяўлена больш за 1760 парушэнняў, амаль 270 чалавек звольнены з працы, 43 работнiкi прыцягнуты да дысцыплiнарнай адказнасцi. Адмiнiстрацыйныя пакараннi вынесены 60 службовым i юрыдычным асобам, штрафы склалi больш за 10 тысяч рублёў.

У вобласцi працягваецца расследаванне трох выпадкаў гiбелi работнiкаў. Парушэннi ў арганiзацыi працы выяўлены на Лiдскiм торфабрыкетным заводзе, дзе ў лютым гэтага года пры выпрабаваннi трываласцi брыкету смяротна траўмавана 37-гадовая лабарант. Яе адзенне наматалася на барабан, а сама ўстаноўка не адпавядала стандартам.

Адсутнасць працоўнага дагавора выявiлася пры гiбелi 32-гадовага падсобнага рабочага на цэментным заводзе Ваўкавыскага раёна. У вынiку абрушэння нараста цэменту пацярпелi два чалавекi, адзiн з якiх загiнуў на месцы, другi атрымаў траўму.

Найбольшая колькасць выпадкаў траўматызму назiраецца ў сферы АПК. I пакуль гэты ўзровень не ўдаецца знiзiць, заяўляе Мiкалай Лянко. Аналiз паказаў, што асноўнымi прычынамi няшчасных выпадкаў у сельскагаспадарчай галiне Гродзеншчыны ў мiнулым годзе сталi парушэннi пацярпелымi працоўнай i вытворчай дысцыплiны, iнструкцый па ахове працы. Не ўсе кiраўнiкi i спецыялiсты выконваюць свае службовыя абавязкi па арганiзацыi працы.

Асаблiвую заклапочанасць выклiкаюць факты, якiя паўтараюцца з году ў год. Але чамусьцi не ўсе вучацца на чужых памылках. Дарэчы, два гады запар у вобласцi адбываюцца няшчасныя выпадкi пры шынамантажы. У мiнулым годзе траўмавана некалькi чалавек у Смаргонi, а сёлета сур'ёзныя наступствы напаткалi работнiкаў сельгаспрадпрыемства Навагрудскага раёна. Пры дэмантажы кола яны не выпусцiлi з шыны паветра, а сталi грэць гайку, каб адкруцiць гэта кола. Адбыўся пнеўмавыбух, у вынiку якога адзiн з работнiкаў (1964 г. н.) загiнуў, а другi быў цяжка траўмаваны. Аналагiчны выпадак адбыўся ў сакавiку ў Лiдскiм раёне. Разрыў кола нанёс цяжкiя траўмы кiроўцу МАЗа.

— На жаль, людзi гiнуць з-за дробязяў, з-за адсутнасцi кантролю з боку службовых асоб, — адзначае Мiкалай Лянко. — Прыязджаем у гаспадарку, бачым — тэхнiка не падрыхтавана, цi павароты не працуюць, цi вогнетушыцеля няма, цi iншыя непаладкi. За гэта адказвае ў тым лiку i спецыялiст па ахове працы. У кожнай гаспадарцы яны павiнны быць, але пасаду далёка не ўсюды займаюць работнiкi з адпаведнай тэхнiчнай адукацыяй. Прыкра, калi парушэннi выяўляюцца падчас спецыяльных даследаванняў, звязаных з траўмаваннем цi нават з гiбеллю людзей.

Па аператыўных даных Гродзенскага ўпраўлення дзяржiнспекцыi працы, у вобласцi за першы квартал загiнулi 4 чалавекi i 20 атрымалi цяжкiя вытворчыя траўмы. У параўнаннi з такiм жа перыядам мiнулага года сiтуацыя больш спрыяльная, i ўсё ж...

У iнспекцыi па працы ўносяць прапанову паўсюдна праводзiць месячнiкi i нават тыднi i дэкады бяспекi. У гэтым годзе такi месячнiк станоўча паўплываў на правядзенне вяснова-палявых работ. I як вынiк — за гэты перыяд у вобласцi не было нiводнага выпадку смяротнага i цяжкага траўмавання.

Спаганяць за разгiльдзяйства

Гродзенская абласная тыпаграфiя — прадпрыемства з павышанай рызыкай траўматызму. I хаця няшчасных выпадкаў тут не прыгадаюць, Сяргей Вiшнеўскi, якi ўзначалiў тыпаграфiю паўтара года таму, адразу ўзяўся за парадак у ахове працы. Гэты кiрунак ён лiчыць важным i як дэпутат гарадскога Савета. Таму, акрамя работнiка, якi адказвае за меры бяспекi, прадпрыемства карыстаецца паслугамi прыватнага агенцтва працы. Згодна з дагаворам спецыялiст агенцтва рэгулярна праводзiць абследаванне ўмоў працы, падказвае, што трэба палепшыць, праводзiць iнструктаж i знаёмiць з новымi прававымi нормамi. Як наймальнiк Сяргей Вiшнеўскi гатовы ствараць усе ўмовы для бяспечнай працы, але i работнiк, на яго думку, павiнен адказваць за парушэннi, якiя прыводзяць да няшчасных выпадкаў.

— Заканадаўства прадугледжвае дысцыплiнарныя меры адказнасцi работнiкаў, якiя дапусцiлi няшчасны выпадак, у тым лiку i звальненне з працы, — адзначае Сяргей Вiшнеўскi. — Але варта прадугледзець i фiнансавыя меры да таго, хто пацярпеў з-за сваёй халатнасцi. Няхай гэта будуць невялiкiя сродкi, але чалавек павiнен ведаць, што ён таксама адкажа за сваё разгiльдзяйства. Магчыма, ён пачне ставiцца да ўласных абавязкаў па-iншаму.

Трывожная тэндэнцыя

У Гродзенскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў свая пазiцыя. Тут звяртаюць увагу на адказнасць наймальнiкаў — нездавальняючую арганiзацыю работ, эксплуатацыю абсталявання, якое не адпавядае патрабаванням бяспекi, недахопы ў навучаннi i iнструктажы, незабяспечанасць работнiкаў неабходнымi сродкамi iндывiдуальнай абароны. А няшчасныя выпадкi звязваюць з неналежным кантролем за выкананнем работнiкамi заканадаўства аб ахове працы, а таксама з элементарнымi нормамi бяспекi. I хоць сiтуацыя па траўматызме паляпшаецца, прафсаюзы занепакоены новай тэндэнцыяй: людзi памiраюць на працы з-за стану здароўя. Пры гэтым сiтуацыя насцярожвае. Па словах старшынi Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi па Гродзенскай вобласцi Рамуальда Юроўскага, па гэтай прычыне за мiнулы год на Гродзеншчыне не вярнулiся з працы 45 работнiкаў, у 2016 годзе — памерлi на рабоце па стане здароўя 42 чалавекi. За першы квартал гэтага года такi ж лёс напаткаў яшчэ 17 работнiкаў.

Чалавеку становiцца дрэнна ў асноўным з-за праблем сардэчна-сасудзiстай сiстэмы. Нямала выпадкаў, калi кiроўцы памiраюць за рулём аўтамабiля альбо iншай тэхнiкi. Больш за ўсё такiх здарэнняў адбылося ў сферы АПК.

У групе рызыкi — мужчыны ва ўзросце ад 40 да 60 гадоў. Прафсаюзы лiчаць неабходным больш увагi ўдзяляць стану здароўя работнiкаў — распрацаваць з Мiнiстэрствам аховы здароўя план па прафiлактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў для тых, каму за 40, асаблiва для мужчын. Абавязваць наймальнiкаў накiроўваць такiх работнiкаў на паглыбленае медыцынскае абследаванне не радзей чым адзiн раз на пяць гадоў. Стымуляваць тых, хто клапоцiцца аб сваiм здароўi i вядзе адпаведны лад жыцця.

Маргарыта УШКЕВIЧ

Загаловак у газеце: У адказе за бяспеку

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.