Вы тут

За парушэнне рэжыму водаахоўных зон выпісана 135 штрафаў


За парушэнне рэжыму водаахоўных зон і забруджванне вод у сакавіку — красавіку работнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь склалі 135 пратаколаў. Пра тое, каго і за што пакаралі, расказалі самі спецыялісты.


Праверку стану патэнцыйна небяспечных аб'ектаў дзяржінспектары пачалі яшчэ ў канцы зімы. Папярэдне ўсе кіраўнікі такіх прадпрыемстваў (у асноўным сельскагаспадарчай галіны і ЖКГ) атрымалі прадпісанні, якія абавязвалі іх прыняць меры па недапушчэнні забруджвання навакольнага асяроддзя. Многіх праблем, якія наспявалі, дзякуючы гэтаму атрымалася пазбегнуць — папераджальны кантроль падзейнічаў. Але, на жаль, не на ўсіх.

Адміністрацыйны працэс пачалі дзяржінспектары Мінскай вобласці ў дачыненні да лагойскіх камунальнікаў. Прыступіўшы да рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў горада, яны скідалі адходы без усялякай ачысткі ў раку Гайну. Канцэнтрацыя некаторых рэчываў у месцы ўпадзення сцёкаў перавышала дапушчальную ў дзясяткі разоў. Шкода, нанесеная прыродзе, ацэньваецца ў 123 тысячы рублёў.

На Мсціслаўшчыне з-за забруджвання адходамі мясцовага свінакомплексу загінула рыба на вадаёме каля вёскі Гутароўшчына. Накапляльнік вадкай арганікі перапоўніўся, сцёкі выцеклі і трапілі ў канал, а па ім — у вадаём. Прававую ацэнку дзеянням кіраўніцтва фермы дасць Мсціслаўскі РАУС.

Праблемы са сховішчамі арганікі праявіліся яшчэ ў перыяд раставання снегу. Як высветлілі інспектары падчас праверак, многія сховішчы не абсталяваны воданепранікальнымі зборнікамі для жыжы, а некаторыя перапоўненыя. Адходы могуць быць лёгка змытыя дажджамі ў каналы і адтуль трапяць у рэкі, што адаб'ецца на якасці вады і складзе іхтыяфаўны.

У Чэрвеньскім раёне з-за бяздзейнасці кіраўніцтва малочнатаварнага комплексу адбылося забруджванне арганічнымі сцёкамі вод меліярацыйнага канала, які ўпадае ў раку Чарняўку. Работнікі Бярэзінскай міжрайінспекцыі пачалі працэс у дачыненні да юрыдычнай асобы і галоўнага агранома.

У Полацкім раёне «пад артыкул» трапілі шэсць кіраўнікоў фермаў. Адходы гэтых гаспадарак уяўлялі патэнцыйную пагрозу для мясцовых вадаёмаў — азёр Лонне і Белае, рэк Струнка, Рабінаўка, Заходняя Дзвіна.

Праз паломку помпы на станцыі Полацкводаканала ў канцы красавіка сцёкавыя воды апынуліся ў раўчуку каля вёскі Чарнешчына. Вада ў ім стала шэрай і непрыемна запахла. Далей сцёкі трапілі ў Заходнюю Дзвіну. Абсталяванне станцыі ўдалося аператыўна адрамантаваць. Тым не менш за гэтае парушэнне вінаватыя панясуць адказнасць — адміністрацыйны працэс вядуць эколагі з Мінпрыроды, з якімі дзяржінспектары заўсёды супрацоўнічаюць пры вырашэнні падобных пытанняў.

Не спраўляюцца з адходамі гарадской сеткі і прадпрыемстваў ачышчальныя збудаванні г. Ашмяны — скідаюць умоўна ачышчаныя сцёкі ў раку Ашмянку. Месяц таму работнікі Смаргонскай міжрайінспекцыі выдалі дырэктару Ашмянскай ЖКГ прадпісанне ўрэгуляваць сітуацыю, цяпер давялося аштрафаваць кіраўніка за бяздзейнасць. Мяркуючы па брудных плямах і паху ў месцы скіду адходаў у раку каля вёскі Багданішкі, у вадзе відавочна перавышаныя нормы канцэнтрацыі хімічных рэчываў. Са 135 пратаколаў, складзеных дзяржінспектарамі ў сакавіку — красавіку, 42 датычацца юрыдычных асоб, 93 — фізічных (работнікі прадпрыемстваў-парушальнікаў, якія не выканалі належным чынам свае службовыя абавязкі па прадухіленні забруджванняў). Штраф для юрыдычных асоб складае да 500 базавых велічынь (забруджванне) і да 50 базавых велічынь (парушэнне рэжыму), для фізічных асоб — да 20 і да 10 базавых велічынь адпаведна.

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Праверка паказала

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».