Вы тут

Прэзідэнт узяў удзел у форуме экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог»


Сёлета ён атрымаў назву «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх». У цяперашнім форуме бяруць удзел 350 экспертаў і афіцыйных асоб больш чым з 40 краін. Другі дзень маштабнага дыялогу адкрыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Значнасць пляцоўкі ўзрастае

У пачатку свайго выступлення кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сама назва канферэнцыі сведчыць аб тым, што вынесеныя на разгляд удзельнікаў пытанні прадыктаваныя часам і актуальныя для многіх дзяржаў.

«Невыпадкова гэта мерапрыемства праходзіць у Мінску. Тут ужо традыцыйна прадстаўнікі розных краін і рэгіёнаў планеты могуць у абсалютна спакойнай абстаноўцы, поўнай бяспецы абмяркоўваць абсалютна любыя, нават самыя вострыя пытанні, — падкрэсліў ён. — Дзякуючы шматвектарнай знешняй палітыцы Беларусі, павазе да замежных партнёраў, устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашай дзяржавы ўзрастае яе значнасць як зручнай пляцоўкі, зручнага месца для любых перагавораў».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на канферэнцыі прысутнічаюць эксперты, навукоўцы і прадстаўнікі краін Заходняй і Усходняй Еўропы, Расіі, ЗША і Кітая, што пацвярджае глабальнасць разглядаемых праблем.

Беларускі лідар дадаў, што Мінская экспертная пляцоўка закліканая спрыяць абмену думкамі, аргументаванай дыскусіі і пачатку дыялогу, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў цяперашніх міжнародных адносінах. На яго думку, важна выпрацаваць і прадставіць палітыкам акрэсленыя прапановы, як зрабіць гэта з захаваннем інтарэсаў усіх бакоў.

«Для многіх людзей відавочна, што з моманту заканчэння халоднай вайны еўрапейская архітэктура бяспекі яшчэ не перажывала такога глыбокага сістэмнага крызісу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ніякіх гарантый, што ўсё не паўторыцца

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важнасць існуючых сусветных праблем разумеюць і парламентарыі розных краін. «Менш за год таму на адкрыцці сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ тут жа, у Мінску, адбыўся шырокі абмен думкамі па гэтай тэматыцы, — нагадаў Прэзідэнт. — Тады Беларусь унесла ініцыятыву аб неабходнасці пачатку новага маштабнага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі. Ён павінен быць накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах дзяржаў на агульнай прасторы Еўраатлантыкі і Еўразіі».

Паводле яго слоў, важна, каб такі дыялог пачаўся і яго вынікам стала рэальнае ўмацаванне міжнароднай бяспекі, паколькі апошнія канфлікты толькі пацвярджаюць горшыя меркаванні наконт развіцця сітуацыі ў свеце. «Вялікія дзяржавы, якім належыць быць надзейнымі гарантамі стабільнасці, сёння не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з сур'ёзных пытанняў», — дадаў ён.

Беларускі лідар падкрэсліў, што неспакой, перш за ўсё, выклікае адсутнасць гарантый недапушчэння маштабнага ўзброенага канфлікту, бо сёння трэць дзяржаў планеты ўцягнутыя ў баявыя дзеянні. Па вялікім рахунку, гэта перавышае колькасць краін — удзельніц Другой сусветнай вайны, таму нельга чакаць, пакуль шугане пажар трэцяй.

На думку Прэзідэнта, буйным геапалітычным гульцам час задумацца аб стане сучасных міжнародных адносін, якія вельмі нагадваюць сітуацыю перад Першай сусветнай вайной.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ва ўмовах цяперашніх глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацый прынцыповыя супярэчнасці паміж дзяржавамі назапашваюцца і прымаюць вострую форму, а на авансцэну зноў выходзіць стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж вядучымі краінамі.

Адбываецца прамое і ўскоснае парушэнне міжнароднага права, грэбаванне ім становіцца жахлівай практыкай, якая апраўдваецца аналагічнымі дзеяннямі апанентаў.

«Паміж Захадам і Расіяй набіраюць абароты санкцыйнае і інфармацыйнае супрацьстаянне, гандлёвыя войны. Яны сталі штодзённасцю, штодзённай справай. Не відаць канца нагнятанню сітуацыі паміж ЗША, ЕС і Расіяй, а цяпер уцягваюць і Кітай, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Актыўна раскручваецца махавік гонкі ўзбраенняў. І многія ўсведамляюць высокі ўзровень супрацьстаяння — пакуль, праўда, без маштабнага «гарачага» канфлікту. На думку спецыялістаў, сёння сітуацыя горшая, чым у часы халоднай вайны».

Пагрозы новыя, рашэнняў няма

Прэзідэнт дадаў, што ў адрозненне ад даволі прадказальнага саперніцтва Савецкага Саюза і ЗША, найважнейшай адзнакай сённяшняй сітуацыі, наадварот, з'яўляецца непрадказальнасць.

Таксама беларускі лідар звярнуў увагу, што разам з беспрэцэдэнтным ростам тэрарызму, колькасці рэгіянальных канфліктаў, магутнымі сацыяльна-эканамічнымі дысбалансамі, фундаментальнымі пагрозамі дэмаграфічнага і экалагічнага характару мы сутыкаемся з новымі выклікамі, якія трансфармаваліся.

Паводле яго слоў, сваю ролю выконваюць электронныя і лічбавыя метады, якія выкарыстоўваюцца ў палітычнай барацьбе і медыяпрасторы, бо, па сутнасці, інфармацыя — гэта новая зброя.

«Кіберуздзеянне стала фактарам усеагульнай уразлівасці, тым больш пры адсутнасці якіх-небудзь правілаў у гэтай сферы. І часцяком адразу не зразумееш, хто за ўсім гэтым стаіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Стала відавочна, што многія ранейшыя рэцэпты глабальнага і рэгіянальнага кіравання, пераадолення канфліктаў і натуральных супярэчнасцяў ужо не падыходзяць. Яны часта не спрацоўваюць, а новыя яшчэ не выпрацаваны.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем адзначыў, што ў гэтых умовах сусветныя гульцы не гатовыя да спынення канфрантацыі і нават да кампрамісаў. «Мы бачым, што ніводная міжнародная праблема рэальна не вырашаецца», — дадаў ён.

У якасці прыкладаў беларускі лідар прывёў Блізкі Усход, Сірыю, Украіну, абстаноўку вакол Паўночнай Карэі, «вузел» вакол пагаднення па іранскай ядзернай праграме. Неабходны глыбокі аналіз.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што і Беларусі, і шматлікім краінам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пагражае апынуцца на лініі цывілізаванага разлому, бо бяспека з абстрактнага паняцця стала канкрэтнай з'явай, а яе адсутнасць у любы момант можа закрануць кожнага.

«Таму калі сёння вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца паміж сабой, то гэта не азначае, што ўсе астатнія краіны павінны сядзець моўчкі і чакаць іх указанняў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Перакананы, што Еўропа можа і павінна паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў, якія існуюць паміж Усходам і Захадам. Стаць месцам урэгулявання надзённых праблем. Перш за ўсё такіх, як украінскі крызіс».

Дапамога бліжняму

«Найбліжэйшая да Беларусі і геаграфічна, і ў чалавечым дачыненні гарачая кропка — Данбас, дзе працягваюць гінуць ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары, перш за ўсё — старыя і дзеці, якія там засталіся. Да гэтага часу цалкам не выкананы ніводны пункт мінскіх пагадненняў», — канстатаваў беларускі лідар.

Ён таксама дадаў, што Украіна — не проста сусед, а, як і расіяне, гэта братэрскі народ. «Мы прынялі ў сябе — удумайцеся толькі — за кароткі прамежак часу больш за 150 тысяч бежанцаў, украінскіх перасяленцаў і іх сем'яў. Дапамагаем ім у працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. Аказваем гуманітарную дапамогу людзям па абодва бакі «лініі размежавання» на Данбасе», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што апошнім часам некаторыя СМІ пачынаюць папракаць Беларусь, што наша краіна нібыта рвецца ў міратворцы. «Паважаныя спадары, мы нікуды не рвёмся. У нас сваіх праблем больш, чым дастаткова. Але я ўжо сказаў пра нашу зацікаўленасць у спакоі ва Украіне. Калі там не будзе міру, то будзе горача не толькі нам, але і ўсім вам. Гэта канфлікт трэба як мага раней не проста пагасіць — ліквідаваць. І ў гэтым вы можаце на нас разлічваць. Мы зробім усё, пра што дамовяцца канфліктуючыя бакі», — сказаў Прэзідэнт.

Па словах кіраўніка дзяржавы, адзіны шлях урэгулявання любых міжнародных спрэчак — адмовіцца ад эмоцый, назапашаных крыўд, прадузятасцяў, узаемных абвінавачванняў і вярнуцца да дыялогу.

Збліжаем полюсы

Далей Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь — гэта суверэнная дзяржава, якая выразна ўсведамляе сваё становішча на міжнароднай восі каардынат. Наша краіна не з Расіяй супраць Еўропы і не з Еўропай супраць Расіі, для нас у прынцыпе непрымальнае пытанне, з кім мы, дадаў беларускі лідар.

Саюзніцкія адносіны з Расіяй, арыентацыя на інтэграцыю ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза ні ў якай меры не ўшчамляе інтарэсаў краін Еўропы. І наадварот: развіццё адносін з ЕС, ЗША, Захадам не супярэчыць дынаміцы цеснага ўзаемадзеяння на Усходзе, а служыць стварэнню зоны даверу.

Для Беларусі адным з ключавых кампанентаў бяспекі быў і застаецца эканамічны. На думку кіраўніка дзяржавы, ён павінен быць у аснове ўсяго.

«Гэты падыход мы мэтанакіравана прасоўваем на ўсіх узроўнях, уключаючы АБСЕ, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Знаходзячыся на стыку Еўразійскага і Еўрапейскага саюзаў, Беларусь асабліва зацікаўлена ў іх узаемным збліжэнні. Трэба пераходзіць ад абстрактных гутарак да пэўнага ўзаемадзеяння».

Гэтага, паводле меркавання беларускага лідара, можна дасягнуць у эканоміцы, энергетыцы, экалогіі, гуманітарным супрацоўніцтве, транспарце, лагістыцы, у барацьбе з нелегальнай міграцыяй, трансгранічнай злачыннасцю.

Прэзідэнт дадаў, што гэта нясе велізарныя выгады для ўсяго кантынента — ад Атлантыкі да Ціхага акіяна, і новыя раздзяляльныя лініі з'яўляцца не павінны.

«Трэба зноў навучыцца слухаць і чуць аргументы адзін аднаго, быць гатовымі да разумных кампрамісаў. Гавару і пра расійскіх, і пра еўрапейскіх, і пра амерыканскіх, і пра кітайскіх партнёраў. Аб вялікіх і малых краінах, блізкіх і далёкіх суседзях», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Адной з дзейсных пляцовак для дыялогу і з'яўляецца АБСЕ, Беларусь гатовая да актыўнага ўзаемадзеяння з кіраўніцтвам, выканаўчымі структурамі і інстытутамі гэтай арганізацыі, італьянскім старшынствам, з усімі ўдзельнікамі, якія падзяляюць гэтыя падыходы, дадаў кіраўнік дзяржавы.

А што рабіць далей?

«Ужо сёння бачна, што гэтая праца будзе цяжкай, доўгай і запатрабуе кансалідацыі нашых намаганняў. Але мы можам і павінны абапірацца на гэтым шляху на пазітыўны вопыт Хельсінкскага працэсу, які сапраўды вырашыў шмат міжнародных пытанняў, — падкрэсліў беларускі лідар. — Сёння рэальнасцю стаў свет шматпалярны. Узрос уплыў іншых, нееўрапейскіх, рэгіёнаў».

На думку Прэзідэнта, неабходна паступова пашыраць фармат дыялогу ў рамках АБСЕ. Прыцягваць да яго такія краіны, як Індыя, Японія і Кітай.

З прычыны непрымірымасці пазіцый ключавых гульцоў менавіта сярэднія і малыя дзяржавы атрымліваюць унікальную магчымасць ініцыяваць прапановы па дыялогу і мерах даверу.

«Неабходна гэтай магчымасцю скарыстацца, а не выконваць ролю «статыстаў» ці саюзнікаў па ваенна-палітычных блоках, такіх як НАТА або АДКБ. Трэба ў добрым сэнсе парушыць манаполію дыялогу па гэтых пытаннях толькі паміж вялікімі краінамі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама дадаў, што больш адказную пазіцыю варта было б заняць і НАТА, а шматлікія праблемы, з якімі дзяржавы сутыкнуліся сёння, былі выкліканыя пашырэннем гэтай структуры на Усход.

Прэзідэнт канстатаваў, што пасля Другой сусветнай вайны, нягледзячы на ўсе рознагалоссі, лідары краін-пераможцаў змаглі дамовіцца, стварыць ААН, якая адыграла і адыгрывае сваю ролю ў гарантаванні бяспекі.

«Больш за 40 гадоў таму ў Хельсінкі нашы папярэднікі выпрацавалі асноўныя прынцыпы мірных узаемаадносін і падпісалі Заключны акт, у рамках Хельсінскага працэсу сфарміравалі архітэктуру еўрапейскай бяспекі, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння ўсім дзяржавам — вялікім і малым, усім палітыкам, экспертам трэба задумацца пра тое, што мы пакінем у спадчыну будучым пакаленням, нашым дзецям. Нягледзячы на крызіс даверу паміж некаторымі дзяржавамі, сёння сусветнай супольнасці варта вызначыць канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва, якія адказваюць агульным інтарэсам».

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што вынікам канферэнцыі ў Мінску стане выпрацоўка канкрэтных рашэнняў па самых актуальных для чалавецтва пытаннях, такіх як тэрарызм, эканамічная бяспека, экалогія, кіберзлачынствы, міграцыя, урэгуляванне «замарожаных» канфліктаў.

У завяршэнні беларускі лідар заклікаў захоўваць мір і запрасіў у Мінск прадстаўнікоў любых палітычных поглядаў.

Як дыялог, так і імпульс

Як распавёў генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, ператварэнне форуму «Мінскі дыялог» у вялікі перамоўны працэс было б выдатным варыянтам. «Мы павінны зноў паказаць сваю прыхільнасць тым абавязацельствам і прынцыпам, якія былі выпрацаваны падчас Хельсінкскага працэсу. Калі гэта будзе той працэс, які дапаможа нам у гэтым, будзе вельмі добра», — сказаў ён.

Томас Грэмінгер таксама назваў крызіс ва Украіне самай вялікай праблемай у рэгіёне і заклікаў надаць палітычны імпульс мінскім пагадненням. На яго думку, арганізацыя з часам зможа прадставіць зручную платформу для дыялогу. У сувязі з гэтым Томас Грэмінгер адзначыў, што АБСЕ трэба падумаць аб «Хельсінкі-2».

Палітык таксама выказаў падзяку Беларусі за сталічную пляцоўку, таму што ёсць сур'ёзная занепакоенасць узаемаадносінамі паміж краінамі ў свеце.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: У Мінску гавораць пра мір

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.